Стратэгія Дурава: піяр-кампанія, барацьба за свабоду словы ці рэальныя злачынствы?

Затрыманне ў Парыжы Паўла Дурава нарабіла шуму ў сусветных СМІ. Стваральніка месенджара «Telegram» паспелі ўжо назваць «новым Асанжам» — відавочна намякаючы на барацьбу за свабоду слова. Але што калі французская судовая сістэма пераследуе Дурава не проста так?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Затрыманне Паўла Дурава выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Шмат хто называе гэта «атакай на свабоду слова». Сапраўды, абвінавачанні ў «саўдзеле распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі і наркотыкаў» падаюцца абсурднымі. Бо відавочна, што Павел асабіста гэтых дзеянняў не здзяйсняў, а значыць, ён не нясе за іх адказнасці. Ці так усё проста, як здаецца на першы погляд?

Юрыдычны бок пытання

Давайце абстрагуемся ад эмацыйных довадаў і разгледзім сітуацыю з прававога пункту гледжання, піша «Media IQ». Дураў з'яўляецца грамадзянінам Францыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ), Расіі і астраўной дзяржавы Сэнт-Кітс і Нэвіс. «Telegram» як кампанія зарэгістраваная на Брытанскіх Віргінскіх выспах, але падаткі плаціць у ААЭ, дзе вядзе сваю аперацыйную дзейнасць. Варта адзначыць, што ААЭ з'яўляюцца адной з юрысдыкцый з нізкім падатковым рэжымам, дзе стаўка падатку на прыбытак складае ўсяго 9%.

Усяго ў мэсэнджары «Telegram» парадку 800 млн. карыстальнікаў. Афіцыйна прадстаўнікі кампаніі заяўлялі пра 41 мільён карыстальнікаў у ЕС, аднак еўрапейскія чыноўнікі падазраюць, што рэальная колькасць можа быць вышэйшай.


Глядзіце таксама

Платформа можа наўмысна прыніжаць даныя, паколькі кампаніі з 45 мільёнамі і больш карыстальнікаў, якія працуюць у ЕС, падпадаюць пад больш строгія патрабаванні і рэгулююцца законам ЕС аб лічбавых паслугах. Згодна з гэтым законам, платформа можа несці адказнасць за кантэнт, які размяшчаецца на ёй, уключаючы дэзінфармацыю і іншыя віды нелегальнага кантэнту.

Афіцыйнае абвінавачанне

Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу, 8 ліпеня пракуратура Парыжа пачала папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Дурава, накіраванае на барацьбу з кіберзлачыннасцю. Пасля затрымання Паўла 24 жніўня яму былі прад'яўленыя 12 артыкулаў, 7 з якіх выстаўленыя за саўдзел у злачынстве, адзін артыкул — за адмыванне даходаў, тры артыкулы — за аказанне крыптаграфічных паслуг і яшчэ адзін артыкул — за адмову даць інфармацыю на запыт упаўнаважаных органаў.

Уявіце сабе сітуацыю: спецслужбы атрымліваюць інфармацыю пра падрыхтоўку тэракту. Зламыснікі перапісваюцца ў «Telegram», удакладняючы дэталі — адбудзецца тэракт каля школы, сінагогі або на вакзале? Спецслужбы адпраўляюць запыт афіцыйнаму прадстаўніцтву «Telegram» з просьбай паспрыяць у прадухіленні трагедыі і атрымліваюць... адмову. Таму што платформа прытрымліваецца палітыкі неўмяшання. Тое ж тычыцца продажу наркотыкаў і дзіцячай парнаграфіі.


Глядзіце таксама

Свядомая бяздзейнасць падчас здзяйснення злачынства робіць чалавека саўдзельнікам, калі ён валодае сродкамі для перашкоды здзяйсненню злачынства. І ў Паўла Дурава, мяркуючы з усяго, такія сродкі ёсць. Адмова ад прадастаўлення інфармацыі, згодна з артыкулам 434-15-2 Крымінальнага кодэкса Францыі, караецца пазбаўленнем волі тэрмінам да пяці гадоў і штрафам у памеры 450 000 еўра.

Паспяховы вобраз

Для многіх людзей важным аргументам супраць затрымання Дурава з'яўляецца тое, што ён толькі стварыў платформу для выказвання меркаванняў, а значыць не нясе адказнасці за тое, што там адбываецца. Гэта не так. Павел Дураў— стваральнік платформы: ён прыдумляе і ўхваляе новыя функцыі, абнаўленні ў сваім прадукце. «Telegram» вельмі выбарачна, неэфектыўна, але займаецца мадэраваннем кантэнту — у адпаведнасці са сваімі палітыкамі. Магчыма, праблема нізкай якасці мадэрацыі звязана з тым, што ў кампаніі працуе ад 30 да 50 пастаянных работнікаў і ў платформы фізічна няма магчымасці мадэраваць кантэнт на 800 мільёнаў карыстальнікаў. Аднак нават у такім выпадку гэта зона адказнасці Паўла як SEO кампаніі.

Дураў паспяхова працуе над сваім вобразам — рэдкія з'яўленні ў інфапрасторы, задуменныя допісы, фотаздымкі старога тэлефона — усё гэта стварае ўражанне, што Павел просты чалавек, які хоча заставацца нейтральным, быць па-за палітычнымі дыскурсамі. У сваім нядаўнім інтэрв'ю Такеру Карлсану Дураў сцвярджаў, што абраў штаб-кватэру «Telegram» у ААЭ, бо менавіта там можна абараніць прыватнасць і свабоду слова. Таксама згадаў пра прывабную падатковую сістэму.


Глядзіце таксама

Многія вядомыя амерыканцы выступілі ў падтрымку Паўла Дурава, сярод іх — Ілан Маск, Такер Карлсан, Роберт Кэнэдзі мал., Эдвард Сноўдэн. Людзі, якія самі сутыкнуліся з крытыкай і/або крымінальным пераследам з боку афіцыйных уладаў. Калі іх падтрымка была чаканай, то словы расійскага Z-спевака Шамана з заклікам «вярнуцца на радзіму» выглядаюць вельмі недарэчна.

«Telegram» у Расіі «заблакаваны» з 2018 года, і наўрад ці ў расійскага шавіністычнага рэжыму раптам з'явілася пачуццё салідарнасці са сваім былым грамадзянінам. Затрыманне Дурава выкарыстоўваюць як чарговы інфапавод згуляць на антызаходніх наратывах, каб паказаць як «Захад рухаецца да таталітарнага грамадскага ладу». Для гэтага выкарыстоўваецца аргумент пра «атаку на свабоду слова».

Далейшыя варыянты падзей

У панядзелак, 26 жніўня, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон афіцыйна заявіў, што французская сістэма правасуддзя цалкам незалежная і арышт заснавальніка «Telegram» адбыўся ў рамках судовага расследавання.

«Гэта ні ў якім разе не палітычнае рашэнне. Рашэнне па гэтым пытанні павінны вынесці суддзі», — напісаў ён.

Увечары 28 жніўня Дураў быў вызвалены, аднак яму забаронена пакідаць Францыю. Ён таксама павінен адзначацца ў паліцыі двойчы на тыдзень і заплаціць заклад у 5 млн. еўра. Супраць Паўла Дурава вядзецца расследаванне, што ў французскай прававой сістэме не азначае віну, але сведчыць пра тое, што, на думку пракурораў, існуюць дастатковыя падставы для разбору. Афіцыйныя абвінавачанні яму пакуль не выстаўленыя.

Мы дагэтуль не валодаем усёй паўнатой інфармацыі адносна канкрэтных фактаў, якія яму інкрымінуюцца.


Глядзіце таксама

Магчыма, расследаванне і суд супраць Паўла — гэта спосаб прыцягнуць яго да адказнасці за адмову даць інфармацыю па грамадска важных пытаннях. Гэта не азначае, што ён сядзе ў турму на 20 гадоў. Тэрмін можа быць умоўным, або яму прад'явяць штраф. З іншага боку, абвінавачанні пакуль не выстаўленыя і Дураў можа застацца ў статусе сведкі, калі пойдзе на супрацоўніцтва. Тады варта чакаць зменаў у палітыцы мадэрацыі «Telegram».

Або Павел свядома прыляцеў у Парыж, ведаючы, што яго затрымаюць. Ён разумеў, што затрыманне прыцягне шмат увагі. Артыкулы, па якіх праходзіць расследаванне, тлумачацца французскім законам як асабліва цяжкія, што дазваляе арганізаваць суд прысяжных. У такім выпадку Павел Дураў скарыстаецца расследаваннем і судом, каб запусціць шырокую грамадскую дыскусію пра ролю «Telegram» і свабоду слова.

У любым выпадку, паводле слоў прэзідэнта Францыі, французская судовая сістэма незалежная. Так што ў Паўла Дурава ёсць усе шанцы калі не выйсці сухім з вады, то, прынамсі, пазбегнуць часткі абвінавачанняў.