Затрыманы адзін са стваральнікаў брэнда Belaruskicry. Хронікі рэпрэсій 28 жніўня

Напрыканцы ліпеня ў Беларусі знакаміты брэнд упрыгожванняў Belaruskicry прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», а яго інфармацыйную прадукцыю — «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Каманда прыпыніла сваю дзейнасць. Прапагандысты АНТ распавялі падрабязнасці прэтэнзій да брэнду і пра затрыманне аднаго з удзельнікаў каманды Ягора Бужылава, які прыехаў у Беларусь.

1_1097_1.png

Апроч гэтага, заяўляецца, што яшчэ шэсць чалавек у Беларусі мелі дачыненне да Belaruskicry — іх вінавацяць у эканамічных злачынствах.

У сюжэце заяўляецца, што брэнд «фінансаваў экстрэмістаў і нават тэрарыстаў». Супрацоўнік сілавога ведамства, які застаўся за кадрам, цікавіўся ў затрыманага Бужылава, ці атрымлівалі «зваротную сувязь ад украінскага боку». Таксама запытваў пра сувязь з незалежнымі медыя.

Нашы аўтары за кратамі. У палоне рэжыму: Мікола Дзядок — 1750 дзён, Дзяніс Івашын — 1630 дзён.

Назіральная камісія не знайшла парушэнняў у калоніях, дзе загінулі палітвязні

Віцебская грамадская назіральная камісія 27 жніўня наведала ПК-1 (Наваполацк) і ПК-3 (Віцьба) — адны з самых жорсткіх калоній не толькі вобласці, але і краіны. 

Паводле прэс-рэлізу, члены камісіі прыйшлі да высновы, што ўмовы ўтрымання, харчавання, лячэння, арганізацыі вольнага часу і навучання ў папраўчых установах адпавядаюць патрабаванням, што прад'яўляюцца да сістэмы выканання пакаранняў. 

У ходзе гутарак з асуджанымі скаргаў і нараканняў на працу адміністрацый або на ўмовы размяшчэння, харчавання, лячэння, арганізацыю вольнага часу, навучання, не паступіла. 

У кожнай з гэтых калоній утрымліваюцца палітвязні -- вядома, што іх збіваюць, падвяргаюць катаванням, звяртае ўвагу ТГ-канал Витебск, я гуляю! У віцебскай калоніі загінулі пінскі актывіст Мікалай Клімовіч і асуджаны за данаты Вадзім Храсько.