Еўрапейскія палітыкі не вераць у хуткі мір ва Украіне і сустрэчу Зяленскага і Пуціна

У адрозненне ад Дональда Трампа, еўрапейцы больш рэалістычна ацэньваюць Уладзіміра Пуціна. Па іх словах, шлях да міру будзе доўгім і цяжкім. Але, чакаючы сустрэчы Пуціна і Зяленскага, ЗША прадаюць зброю Украіне. Ідуць 1278-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

535257187_1117181673928243_7773566031499662093_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 179 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмавых дзеянні расіян паблізу Маяку, Новага Шахматнага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Сухога Яру, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы на працягу мінулага дня здзейснілі 33 атакі ў раёнах Вольнага Поля, Маліеўкі, Васкресенкі, Тэміраўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы правялі 20 атак каля Грэкаўкі, Рэдкадубу, Карпаўкі, Студні, Мірнага і іншых.

На Сіверскім кірунку расійцы здзейснілі 12 спробаў ісці наперад у раёнах Рыгораўкі, Пераезнага, Фёдараўкі і ў напрамку Сіверска.

На Краматорскім кірунку зафіксавана 16 боесутыкненняў у раёне Часавага Яру і ў напрамку Маркавага, Ступачак, Прадцечынага, Белай Горы.

На Паўднёва-Слабажанскім і Тарэцкім кірунках расійцы па 10 разоў на кожным атакавалі пазіцыі УСУ.

* * *

Паводле звестак аналітычнага праекта DeepState, сілы абароны Украіны адкінулі расійцаў каля Андрэеўкі Сумскай вобласці. Разам з тым расійцы прасунуліся паблізу Вольнага Поля Данецкай вобласці, Каменскага і Плаўні Запарожскай вобласці.

* * *

Украінскія войскі спынілі прасоўванне расійцаў і аднавілі кантроль над населеным пунктам Зялёны Гай у Данецкай вобласці, паведамляе аператыўна-стратэгічная групоўка войскаў (АСГВ) «Днепр». Па стане на 23 жніўня армія РФ працягвае спробы вярнуць гэты населены пункт пад свой кантроль і акупаваць астатнія населеныя пункты Данецкай вобласці.

Таксама 21 жніўня ўкраінскія войскі вярнулі пад свой кантроль большую частку вёскі Талстое  Данецкай вобласці.

* * *

У ноч на 24 жніўня ў Сумскім раёне прагучала серыя выбухаў на фоне пагрозы варожых дронаў і КАБаў. Пра наступствы не паведамляецца.

Санкт-Пецярбург, Ленінградская вобласць і Масква падвергліся атакам беспілотнікаў. Праз пагрозу аэрапорт Пулкава часова прыпыніў працу, дзясяткі рэйсаў былі затрыманыя. У рэгіёне таксама папярэдзілі аб магчымым запаволенні мабільнага інтэрнэту.

* * *

534988529_1121681893478221_4865898446166193577_n.jpg

* * *

Па даных The Wall Street Journal (WSJ), Пентагон ужо некалькі месяцаў блакуе прымяненне Украінай ракет вялікай далёкасці для нанясення удараў па тэрыторыі Расіі.

Выданне адзначае, што пры новай адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Пентагон увёў неабвешчаную працэдуру ўхвалення на высокім узроўні, якая не дазваляе Украіне з канца вясны запускаць амерыканскія тактычныя ракетныя комплексы вялікай далёкасці (ATACMS) у мэтах углыб Расіі.

У публікацыі пішуць, што мінімум адзін раз Украіна спрабавала ўжыць ATACMS па мэце на тэрыторыі Расіі, але атрымала адмову.

Паводле звестак WSJ, дазваляць такія ўдары можа толькі асабіста міністр абароны ЗША Піт Хегсет. Гэта тычыцца ракет ATACMS, а таксама брытанска-французскіх крылатых ракет Storm Shadow, бо яны атрымліваюць даныя для навядзення на мэту ад ЗША.

Распрацаваў гэтую працэдуру намеснік міністра абароны Элбрыдж Колбі. Амерыканскія СМІ паказвалі на тое, што ён вядомы тым, што лічыць супрацьстаянне з Кітаем настолькі важнай задачай, што дзеля гэтага можна ахвяраваць ваеннымі абавязацельствамі ЗША ў іншых рэгіёнах свету. Таксама яго звязвалі з кароткачасовым прыпыненнем паставак Украіне ў пачатку ліпеня.

«Гэтая палітыка фактычна перакрэсліла рашэнне адміністрацыі Байдэна дазволіць Украіне наносіць удары па расійскай тэрыторыі», — адзначае выданне.

WSJ нагадала, што Дональд Трамп на гэтым тыдні пісаў, што вайну немагчыма выйграць абароннымі дзеяннямі, аднак ніякіх практычных наступстваў гэтая заява не дала.

* * *

Таксама The Wall Street Journal піша, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на гэтым тыдні ўхваліла продаж Украіне 3350 авіяцыйных ракет Extended Range Attack Munition (ERAM), якія павінны быць пастаўленыя прыкладна за шэсць тыдняў.

Пакет узбраенняў коштам 850 мільёнаў долараў, які пераважна фінансуецца еўрапейскімі краінамі і ўключае іншыя пазіцыі, быў адкладзены да завяршэння перамоваў Трампа з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным і ўкраінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Крыніцы WSJ паведамілі, што прымяненне ERAM, радыус далёкасці якіх складае ад 240 да 450 км, таксама запатрабуе ўзгаднення Пентагона.

Афіцыйна Штаты не абвясцілі планы па новых пастаўках гэтых ракет, аднак іншыя віды ўзбраенняў, якія закупляюцца еўрапейскімі ўрадамі ў ЗША, могуць дапамагчы Украіне ў межах уласных межаў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб сістэмах супрацьпаветранай абароны і рэактыўных сістэмах залпавага агню GMLRS з далёкасцю 145 км.

* * *

Расія нарошчвае вытворчасць ударных беспілотнікаў і найбліжэйшым часам можа выйсці на выпуск больш за 6 тысяч дронаў тыпу «Шахед» штомесяц, піша CNN са спасылкай на ўкраінскую вайсковую выведку

Па даных крыніц, вырабляць дроны ўнутры Расіі стала значна танней, чым у пачатку поўнамаштабнага ўварвання. У 2022 годзе Масква плаціла ў сярэднім 200 тысяч долараў за адзін дрон, набыты ў Іране. У 2025-м кошт знізіўся да прыкладна 70 тысяч долараў дзякуючы масавай вытворчасці на заводзе ў Алабузе (Татарстан). У той жа час запуск адной зенітнай ракеты-перахопніка абыходзіцца больш чым у 3 мільёны долараў.

Менавіта нізкі сабекошт дазваляе Крамлю значна ўзмацняць удары па ўкраінскіх гарадах і інфраструктуры. Калі раней масіраваныя ракетна-дронавыя атакі адбываліся прыкладна раз на месяц, то цяпер яны паўтараюцца ў сярэднім кожныя восем дзён, адзначаюць эксперты.

* * *

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц мяркуе, што да міру ва Украіне яшчэ далёка, піша Die Presse.

На партыйнай канферэнцыі ХДС Мерц заявіў, што Германія і ЕС ніколі не рабілі «больш значных дыпламатычных намаганняў, чым за апошнія тры тыдні» (маючы на ўвазе сітуацыю па вайне ва Украіне). «Калі ласка, хай сёння ніхто не кажа, што мы абмяркоўваем толькі пастаўкі зброі», — сказаў ён.

У той жа час ён папярэдзіў, што патэнцыйны мір ва Украіне патрабуе цярплівасці: у святле заяў кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна ўсім павінна быць ясна, наколькі складанай будзе гэтая задача на працягу тыдняў, а то і месяцаў.

«Мы зрабілі першыя крокі. Але дазвольце мне сказаць: мы знаходзімся на дзесяцікіламетровым участку і, мабыць, ужо пераадолелі 200 метраў. У любым выпадку, мы рухаемся ў правільным кірунку», — заявіў Фрыдрых Мерц.

* * *

Сустрэча лідараў Украіны і РФ наўрад ці адбудзецца найбліжэйшым часам, мяркуе прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю Ykkösaamu.

Стуб заявіў, што ён размаўляў з Трампам увечары ў чацвер, 21 жніўня, і атрымаў прыкметы таго, што цярпенне Трампа вычэрпваецца. Ён нагадаў, што Пуцін сеў за стол перамоваў на Алясцы толькі пасля таго, як Трамп абвясціў, што ўвядзе тарыфы супраць Індыі.

Як адзначае Стуб, ёсць дзве рэчы могуць пакласці канец цярпенню Трампа. Першая з іх — гэта час, калі Расія выкарыстоўвае тыповую тактыку прамаруджання. Другая — пастаянныя атакі РФ на грамадзянскія мэты.

Прэзідэнт Фінляндыі лічыць вельмі малаверагодным, што Пуцін і Зяленскі сустрэнуцца праз паўтара тыдня. На яго думку, пасля гэтага цярпенне Трампа можа скончыцца. «Ёсць толькі адзін чалавек, які можа прымусіць Пуціна заключыць мір, і гэта прэзідэнт Трамп. Ён адзіны чалавек, якога Пуцін слухае, і, шчыра кажучы, адзіны чалавек, якога Пуцін баіцца», — заявіў Стуб.