Напярэдадні 3 ліпеня ў Брэсце прайшлі масавыя затрыманні. Хронікі рэпрэсій 15 ліпеня
Па інфармацыі @viasna_brest, перад дзяржаўным святам 3 ліпеня брэсцкая міліцыя масава прэвентыўна затрымлівала людзей па спісах. Затрыманых змяшчалі на 3 сутак у брэсцкі ІЧУ, пасля чаго адпускалі. Акрамя таго, у брэсцкім ІЧУ практычна пастаянна ёсць нехта, каго затрымалі на мяжы.

Абедзве гэтыя катэгорыі затрыманых адносяцца да «палітычных», і па апошніх сведчаннях, да гэтага часу ўмовы ў брэсцкім ІЧУ для іх асабліва жорсткія: матрацы на ноч не выдаюць, па калідорах водзяць у кайданках у позе «ластаўкі», а па начах перашкаджаюць спаць — будзяць двойчы за ноч і прымушаюць называць прозвішча і імя.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У яго трапілі YouTube-каналы «PRO Новости» (18,4 тысячы падпісантаў), «Da Voli» (29 падпісантаў) і «BelPotato» (271 падпісант).
«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі праект «Офис по образованию для новой Беларуси»
Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 23 чэрвеня.
Паводле ведамства, дачыненне да праекту маюць Вольга Шпарага, Аляксандр Адамянц, Вольга Павук, Вера Есіпчук.
Абвясцілі ў вышук у Расіі беларускіх журналістак Глафіру Жук і Таццяну Каравянкову
Учора стала вядома, што ў расійскай базе вышуку з'явілася імя журналісткі Таццяны Каравянковай. А сёння Глафіра Жук напісала ў Фэйсбуку:
«Пайшла па слядах Таццяны Каравянковай. Толькі ў мяне чамусьці тут няма фоткі. На фотаздымку ў пашпарце мне 16 гадоў, і там я яшчэ з натуральным колерам валасоў. Эх, сама сябе такой ужо не памятаю)».
Праверыць сябе ў расійскай базе вышуку можна на сайце МУС РФ (з-за мяжы сайт адкрываецца праз VPN).
З 2020-га году як мінімум 1600 палітвязняў цалкам адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю
Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», агулам па заканчэнні тэрмінаў з 2020 года з папраўчых установаў выйшлі як мінімум 1600 палітвязняў. У чэрвені на волю выйшлі мінімум 33 чалавекі: 20 цалкам адбылі тэрміны, яшчэ 13 былі памілаваны.
Але лічба палітвязняў, якія выйшлі на волю па адбыцці тэрміну, можа быць большай праз адсутнасць дакладных звестак пра іх вызваленне.
МАРГ паскардзіўся сілавікам на «Вайлдберыз» за продаж налепак з надпісам «Жыве Беларусь»

Налепка прызначаная для размяшчэння на лабавое шкло аўтамабіля. Фота самой налепкі і вокладак на пашпарт — размытыя, піша Позірк.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўгледзела ў гэтым «прапанову да рэалізацыі розных тавараў, якія змяшчаюць інфармацыю, якая мае прыкметы “экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі”».