Сотні чалавек у Мінску праходзяць па справах аб удзеле ў пратэстах-2020. Хронікі рэпрэсій 17 ліпеня
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра шакавальны ўзровень рэпрэсій па палітычных справах у Мінску — вядома пра некалькі сотняў чалавек, што ў апошнія тыдні сталі фігурантамі крымінальных справаў аб удзеле ў пратэстах.

Гэта звязана з тым, што хутка міне 5 гадоў з моманту акцый пратэсту, а значыць скончыцца тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле арт. 342 КК, пасля чаго ўдзельнікаў пртэстаў нельга будзе асудзіць па ім. Але пры гэтым працягнецца пераслед паводле арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
«Экстрэмісцкім» прызналі YouTube-канал палітвязня, які 5 гадоў знаходзіцца за кратамі
Гаворка пра YouTube-старонкі «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы» — яны належаць палітзняволенаму блогеру Змітру Казлову, які з 10 чэрвеня 2020-га году знаходзіцца за кратамі.
Таксама ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Беларусы Франконии», «СУТЪ», «URBANOVICH», «TCU News»;
- Instagram старонкі «girikalex», «zyviebielarus2020», «yauhen_brzhus»;
- Сацсеткі рэсурса «Магiлёў Медыя»;
- Старонка ва «Укантакце» «Александр Гирилович»;
- Сайт «free-belarus.infо»;
- TikTok-старонкі «Святы Байструк КОЛА-КОЛЯ», «Чарадзей», «102b11», «Воля Ри», «MisterRad».
19 жніўня ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд апеляцыі на завочны прысуд Антону Матольку
Пра гэта на сваё старонцы ў Facebook паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка.
Нагадаем, напачатку чэрвеня стала вядома, што блогера Антона Матольку завочна асудзілі да 20 гадоў калоніі. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2 000 базавых велічыняў (84 тысячы рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «здрада дзяржаве».
Былы палітвязень апублікаваў фота з СІЗА
Дмітрыйса Міхайлауса асудзілі ў Беларусі да 4 гадоў калоніі за каментары ў закрытым чаце. 21 чэрвеня, разам з іншымі палітвязнямі, грамадзяніна Латвіі вызвалілі.
На сваёй старонцы ў Instagram мужчына апублікаваў кадр з беларускага СІЗА яшчэ да суда.

«Ліпень 2022-га... усё разумелі што самі мянты і далі гэты тэлефон у камеру — але дык нам што!!! Галоўнае маглі ўбачыць і пачуць родных! Казка доўжылася пару месяцаў!», — такі подпіс пад фота.