У Беларусі цяпер 300 «экстрэмісцкіх фармаванняў». Хронікі рэпрэсій 16 ліпеня
МУС 15 ліпеня прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» аб'яднанне «Аўтаномнае дзеянне» — яно стала 300-м, што з'явілася ў адпаведным спісе на сайце ведамства. Паводле МУС, дачыненне да аб'ядання маюць палітвязні Мікола Дзядок і Аляксандр Францкевіч. У спісе «датычнага» да «экстрэмісцкага фармавання» асабістыя сацсеткі Міколы.

Паводле інфармацыі «Вясны», за «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» ў Беларусі асудзілі мінімум 277 чалавек, 65 з іх — завочна. Паводле артыкула 361-1 КК былі асуджаныя палітыкі і журналісты, актывісты, культурныя дзеячы і звычайныя грамадзяне.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі 15 чалавек — сярод іх вызвалены па памілаванні эстонец
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — у ім з'явіліся прозвішчы яшчэ пятнаццаці чалавек.
Гэта Вадзім Жукоўскі, Аляксандр Машукоў, Яўген Шляхцёнак, Дзмітрый Чыслоў, Вольга Капуза, Дзмітрый Капуза, Уладзімір Капуза, Вадзім Дзенісевіч, Дзяніс Раманчук, Яўген Сарока, Іван Качанаў, Аляксандр Сырыца, Валянціна Коўзель, Дзмітрый Шахноў, а таксама вызвалены па памілаванні грамадзянін Эстоніі Алан Роя.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1318 чалавек, з іх 622 — беларусы.
Улады арыштавалі зямельны ўчастак экс-рэдактаркі «Новага Часу» Аксаны Колб
Арышт маёмасці адбыўся яшчэ 31 ліпеня 2024 года, але пра гэта Аксана Колб даведалася днямі.
Былая рэдактарка «Новага Часу» кажа, што ўся маёмасць, што заставалася ў яе ў Беларусі, складала «зямельны ўчастак ў 6 сотак, спадчына па маме, і каля 30 акцый прадпрыемства «Лідабудматэрыялы».
Аксана Колб лічыць, што арышт адбыўся ў межах крымінальнай справы, заведзенай на яе напрыканцы 2023 года. Падрабязнасцяў яна не ведае — толькі тое, што справа распачатая Следчым камітэтам у Брэсце нібыта «за дыскрэдытацыю» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», піша БАЖ.
Эксперты ААН заклікалі да расследавання смерцяў у месцах пазбаўлення волі ў Беларусі
Група незалежных экспертаў ААН выступіла з заявай, у якой заклікала да неадкладнага пачатку эфектыўнага і празрыстага расследавання смерцяў людзей, пазбаўленых волі за выказванне палітычнага іншадумства ў Беларусі. Паводле звестак «Вясны», восем палітвязняў памерлі ў беларускіх турмах, вядома пра адзін выпадак самагубства.
Эксперты ААН накіравалі ліст беларускім уладам, звяртаючы іх увагу на асцярогі з нагоды магчымых грубых парушэнняў правоў чалавека ў сувязі са смерцямі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі.
Яны адзначылі, што гэтыя смерці адбываюцца на фоне пастаянных паведамленняў аб жорсткім абыходжанні з людзьмі, пазбаўленымі волі за выказванне нязгоды з уладамі, у тым ліку з удзельнікамі пратэстаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У Беларусі ўхвалілі закон, які абмяжоўвае былым палітвязням права працаваць з дзецьмі
16 ліпеня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале апублікавалі Закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях забесьпячэньня правоў дзяцей», прыняты 12 ліпеня, піша Свабода.
Паводле ацэнкі беларускіх праваабаронцаў, закон абмяжоўвае права на працу з дзецьмі тым беларусам, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020-га і наступных гадоў.
Асноўныя палажэнні закону «Аб змене законаў у пытаннях забеспячэння правоў дзяцей» набудуць моц праз паўгоду, але частка — адразу пасля апублікавання. Змены закранаюць Кодэкс аб шлюбе і сям’і, законы «Аб правах дзіцяці», «Аб гарантыях у сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў», «Аб фізічнай культуры і спорце».
Дакумент удакладняе пералік артыкулаў КК, прысуд паводле якіх вядзе да абмежавання на працу з дзецьмі. У прыватнасці, пад забарону трапляюць фізічныя асобы, для якіх уступіў у законную сілу прысуд за ўчыненне злачынстваў так званай «экстрэмісцкай накіраванасці». Пад абмежаванні трапілі асуджаныя паводле арт. 139, 145–147, 154, ч. 2 і 3 арт. 165, арт. 172, ч. 2 арт. 173, арт. 181–182, 187 КК.
Яшчэ на стадыі абмеркавання законапраекту праваабаронцы казалі, што прыняцце закону ў прапанаваным выглядзе зробіць больш жорсткімі і без таго драконаўскія правілы дазволу на педагагічную працу людзям, асуджаным за так званыя «злачынствы экстрэмісцкага характару».