Tomahawk? JASSM? Удар па Маскве? Як далёка гатовы зайсці Трамп у ціску на Пуціна?
«Ультыматум Трампа» з адтэрміноўкай у 50 дзён і 100%-нымі пошлінамі не выглядае сур'ёзна. Мы бачылі, што раней прэзідэнт ЗША даваў Расіі па два тыдні, і гэта не працавала. Аднак больш сур'ёзнымі выглядаюць пастаўкі зброі Украіне. І ўсе цяпер варожаць, якая гэта можа быць зброя. Ідзе 1238-мы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Малюнак з wishescards.ru
За ўчора ва Украіне зафіксавана 185 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 ліпеня. На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян у раёнах Новаэканамічнага, Мірнага, Радзінскага, Разіна, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Дачнага, Аляксееўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку РФ атакавала 27 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Карпаўкі, Новага свету, Студні, Серабранкі, Торскага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 23 атакі расіян каля Новахацкага, Запарожжа, Мірнага, Паддубнага, Навасёлкі, Наваполю і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 20 боесутыкненняў. На Северскім кірунку адбіта 11 атак РФ. На Прыдняпроўскім кірунку расійцы правялі дзевяць беспаспяховых атак.
Па шэсць атак расіян на кожным зафіксавана на Купянскім і Тарэцкім кірунках.
* * *
Украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Лімана, Новапаўлаўкі і на захадзе Запарожскай вобласці, а расійскія — у Сумскай і Запарожскай абласцях, а таксама ў раёне Тарэцка, Пакроўска і Гуляйполя, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
«Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на ўсходзе Запарожскай вобласці ў раёне Гуляйполя — гэта першая тактычна значная актыўнасць на гэтым участку фронту пасля ўкраінскага контрнаступлення летам 2023 года», — адзначаюць у ISW.
Геалакацыйныя кадры сведчаць, што войскі РФ прасоўваліся ў заходняй частцы Юнакоўкі на поўначы Сумскай вобласці.
Украінскія войскі прасунуліся ў раёне Серабранскага лесу на паўночны ўсход ад Грыгораўкі, на Северскім кірунку.
Геалакацыйныя звесткі паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў заходняй частцы Новаспаскага (на захад ад Тарэцка), а таксама ў цэнтральнай частцы Яблонаўкі ўздоўж вуліцы Ленінскай на Тарэцкім кірунку. Таксама расійцы нядаўна прасунуліся на Пакроўскім кірунку — на паўночным усходзе Фёдараўкі, паўднёвым захадзе Разіна і на паўночным усходзе Новаэканамічнага.
А ўкраінскія войскі прасунуліся ў кірунку Новапаўлаўкі — у раёне Талстога і Паддубнага.
На захадзе Запарожскай вобласці фіксуецца прасоўванне як украінскіх, так і расійскіх войскаў. Сілы абароны Украіны прайшлі наперад у паўночна-заходняй частцы Каменскага. А расіяне — уздоўж вуліцы Маладзёжнай на поўначы Каменскага.
* * *
Расія ўзмацняе ціск на жыхароў акупаваных тэрыторый у спробе паскорыць працэс пашпартызацыі, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW). Паводле звестак аналітыкаў, улады РФ узмацняюць ціск на жыхароў акупаваных тэрыторый, патрабуючы перарэгістраваць SIM-карты з выкарыстаннем расійскіх дакументаў, каб паскорыць працэс пашпартызацыі і ўзмацніць кантроль над сеткамі сувязі. Адзначана, што расіяне робяць крокі для дыстанцыйнай рэгістрацыі як мага большай колькасці SIM-карт.
Акрамя таго, Расія працягвае спробы ўкараніць «патрыятычныя» навучальныя праграмы ў школах на акупаваных тэрыторыях, спрабуючы «русіфікаваць» украінскіх дзяцей і моладзь. «Расія выкарыстоўвае міфалогію Вялікай Айчыннай вайны як сродак выкаранення ўкраінскай гістарычнай і сацыякультурнай ідэнтычнасці на акупаваных тэрыторыях. Русіфікацыя школ патрабуе пастаяннага кантролю з боку расійскіх чыноўнікаў», — дадалі ў ISW.
* * *
У ноч на 15 ліпеня Расія атакавала Украіну 267-мю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. СПА знішчыла 178 дронаў. 66 дронаў лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
Запарожская вобласць знаходзіцца ў стане бесперапыннай паветранай трывогі ўжо больш за 16 гадзін. Прычына — масіраваная атака расійскімі ўдарнымі дронамі, паведаміў кіраўнік Запарожскай АВА Іван Фёдараў. Паводле яго слоў, армія РФ спрабуе пацэліць у крытычную інфраструктуру і мірнае насельніцтва.
У ноч на 15 ліпеня расійскія войскі нанеслі тры ракетныя ўдары па Шостцы Сумскай вобласці. Адной з мэтаў стала медыцынская ўстанова, у якой успыхнуў пажар. У выніку абстрэлу пацярпела 14-гадовая дзяўчынка. Яна атрымала асколачныя раненні шкла, калі выбягала ў сховішча.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 14 ліпеня чарговым разам выказаў расчараванне Расіяй і паабяцаў увесці супраць яе «вельмі строгія тарыфы», калі за 50 дзён не будзе ўкладзенае пагадненне аб міры.
«Мы вельмі, вельмі незадаволеныя імі (Расіяй). І калі мы не дамовімся на працягу 50 дзён, мы накладзем вельмі суровыя тарыфы, прыкладна ў 100%. Вы называеце іх другаснымі тарыфамі (тарыфы супраць гандлёвых партнёраў Расіі)», — дадаў ён.
Трамп таксама абвясціў аб пастаўках зброі Украіне і пагадненні паміж ЗША і NATO, паводле якога гэтыя пастаўкі будуць аплачвацца еўрапейскімі хаўруснікамі.
Пры гэтым, піша Politico, даўшы зялёнае святло еўрапейскай закупцы сістэм супрацьракетнай абароны Patriot і іншага ўзбраення для Украіны 14 ліпеня, амерыканскі прэзідэнт пайшоў далей, чым калі-небудзь, у дапамозе Кіеву. Аднак, са слоў высокапастаўленага чыноўніка Белага дома, Трамп усё яшчэ мяркуе, што Масква мае перавагу.
Ён патлумачыў гэта тым, што Расія мае вялікую эканоміку, вялікую армію, мае «больш чым дастаткова целаў, каб кінуць іх у мясарубку, і ёй проста абыякава».
«І, хоць яны робяць павольны прагрэс, яны ўсё ж робяць прагрэс. Прэзідэнт проста хоча спыніць забойствы», — падсумаваў чыноўнік.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў даць Украіне зброю на «мільярды долараў» за кошт краін NATO, паведаміў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ў інтэрв'ю Fox News.
«У мінулы чацвер мне патэлефанаваў прэзідэнт Трамп і сказаў: "Марк, мы сапраўды хочам павялічыць падтрымку Украіны ў пытанні паставак зброі". А сёння раніцай я быў у Белым доме, і ён сказаў, што, калі гаворка ідзе пра санкцыі, нам, відавочна, трэба зрабіць наступны крок цяпер», — адзначыў ён.
Рутэ таксама звярнуўся да сусветных лідараў, якія вядуць гандаль з Масквой. Ён заклікаў іх патэлефанаваць Пуціну і падштурхнуць да мірнага пагаднення да таго, як набудуць моц другасныя мыты, абяцаныя Трампам.
* * *
Лідар рэспубліканскай большасці ў верхняй палаце Кангрэса Джон Ц'юн адкладзе прасоўванне законапраекта аб санкцыях супраць Расіі, паведамляе Politico.
Са слоў рэспубліканца, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў пра сваю гатоўнасць дзейнічаць, калі расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не распачне крокаў да мірнага пагаднення з Украінай. Але прэзідэнт ЗША заявіў, што хоча паспрабаваць зрабіць нешта самастойна.
«Калі ў нейкі момант прэзідэнт прыйдзе да высновы, што гэта разумна, прынясе карысць і ўзмоцніць рычагі ўплыву, неабходныя для прасоўвання законапраекта на перамовах, мы гэта зробім. Мы будзем гатовыя да гэтага», — пракаментаваў Ц'юн замарозку законапраекта аб санкцыях.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць перадачы Украіне крылатых ракет Tomahawk. Рашэнне можа быць прынятае пазней, піша Washington Post.
Нагадаем, Трамп паабяцаў даць Украіне ракеты Patriot, сродкі СПА і артылерыю. Яны будуць прададзеныя краінам NATO, якія затым перададуць іх Украіне. Агульная сума пакета вайсковай дапамогі складае 10 млрд долараў, паведаміла крыніца Washington Post, дасведчаная аб угодзе.
Але вайсковая дапамога можа таксама ўключаць дазвол на выкарыстанне новай магутнай наступальнай зброі. Крыніца, якая ўдзельнічала ў прыняцці рашэння, паведаміла што Трамп разглядаў магчымасць адпраўкі ва Украіну крылатых ракет Tomahawk — той зброі, якая была запушчаная паводле іранскіх мэтаў у мінулым месяцы.
Калі запусціць іх з тэрыторыі Украіны, яны могуць уразіць Маскву і Санкт-Пецярбург, і абмеркаванне гэтага пытання ішло яшчэ ў пятніцу.
* * *
Журналіст Washington Post Дэвід Ігнаціус са спасылкай на крыніцы расказвае пра кантэкст мажлівага рашэння перадаць Украіне ракеты Tomahawk.
У размове з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім прэзідэнт ЗША цікавіўся, чаму Кіеў не ўдарыў па Маскве, і дадаў, што Украіне варта аказваць большы ціск на Пуціна, у прыватнасці, праз удары па сталіцы РФ і Санкт-Пецярбургу.
«Рашучасць Трампа націснуць на Пуціна была перададзеная ў размове на мінулым тыдні з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, паведаміла мне крыніца. Трамп спытаў Зяленскага, чаму ён не ўдарыў па Маскве. "Мы можам, калі вы дасце нам зброю", — адказаў Зяленскі», — піша журналіст.
Са слоў крыніц журналіста, Трамп наважыўся пайсці на эскалацыю з трох прычын. Па-першае, ён лічыць, што Пуцін не паважае яго, імітуючы гатоўнасць да міру, але ігнаруючы заклік прэзідэнта ЗША да спынення агню. Па-другое, ён бачыў эфектыўнасць ваеннай сілы ЗША ў выкарыстанні бамбавікоў B-2 і ракет Tomahawk супраць Ірана. І па-трэцяе, ён лічыць, што Пуцін пойдзе на перамовы толькі пад пагрозай прымянення большай сілы.
Журналіст мяркуе, што Трамп зрабіў правільны выбар, прызнаўшы, што Пуцін не пойдзе на саступкі без большага ціску. У той жа час журналіст канстатуе, што Трамп ўзяў курс на эскалацыю, рызыкі якой невядомыя.
«Цікава, што падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце ў панядзелак Трамп не захацеў адказаць на адно пытанне: калі Пуцін вырашыць пайсці на далейшую эскалацыю, як далёка вы гатовыя зайсці ў адказ? "Не задавайце мне такое пытанне: "Як далёка?" — агрызнуўся Трамп — Я проста хачу, каб вайна скончылася"», — гаворыцца ў артыкуле WP.
* * *
The Times паведамляе, што Трамп можа разглядаць магчымасць пастаўкі Украіне ракет JASSM класа «паветра-зямля». Па дадзеных выдання, калі заяўка будзе ўхваленая, гэтыя крылатыя ракеты, здольныя абыходзіць радары, верагодна, будуць запускацца з украінскіх знішчальнікаў F-16 — і гэта істотна ўзмоцніць падтрымку Украіны з боку ЗША.
СМІ піша, што Украіне можа быць адпраўлена стандартная версія JASSM, далёкасць якой складае 370 кіламетраў. Гэтую ракету выкарыстоўвалі амерыканскія знішчальнікі для забойства Абу Бакра аль-Багдадзі, лідара ІДІЛ, у 2019 годзе.