Як у Беларусі знішчаюць непажаданыя помнікі?

Як рэжым Лукашэнкі і праўладныя актывісты ваююць з помнікамі, якія нагадваюць пра злачынствы савецкай улады або пра часы супрацьстаяння з Расеяй. Што паспелі знішчыць у Беларусі? Пра гэта піша DW.

Курапаты. Архіўнае фота

Курапаты. Архіўнае фота

На трасе пад Мінскам знік паказальнік на ўрочышчы Курапаты — месца масавых сталінскіх расстрэлаў. Пра гэта ў канцы чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале паведаміла прарасейская прапагандыстка з Гродна Вольга Бондарава. Цяпер на месцы, дзе стаяла шыльда «Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты 1930-1940», — дзве дзіркі ў зямлі. Хто і калі дэмантаваў паказальнік, невядома. Журналісты «Люстэрка» паспрабавалі высветліць гэта ў Бараўлянскім спецлясгасе, але там адказалі, што ўсіх іх «інфармацыйныя знакі», якія стаяць ва ўрочышчы, на месцы, а за тыя, што пры дарозе, магчыма, адказвае ўпраўленне па дарогах. У «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» на званкі журналістаў не адказалі.

Гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі спрабуюць сцерці напаміны пра гістарычныя падзеі, непажаданыя рэжыму Лукашэнкі. Якія помнікі былі знішчаныя ў апошнія гады і хто за гэтым стаіць?

Невядома, колькі ў Курапатах засталося крыжоў

На працягу ўсяго кіравання Аляксандра Лукашэнкі ўрочышча Курапаты было пад пагрозай знікнення. У 2019 годзе ўлады пачалі зносіць крыжы, усталяваныя на месцы сталінскіх расстрэлаў грамадскімі актывістамі. Пазней Лукашэнка загадаў «уладкаваць» Курапаты «годна, але без усялякай палітыкі». Падчас добраўпарадкавання знішчэнне крыжоў працягнулася.

У маі 2023 года беларускія СМІ паведамлялі, што ў Курапатах, верагодна, работнікі лясгаса падчас высечкі дрэў пашкодзілі некалькі крыжоў. Акрамя таго, на фота, зробленых ва ўрочышчы, на некаторых крыжах бачныя нецэнзурныя надпісы.

Акты вандалізму ў Курапатах — частая з'ява, і вінаватыя, як правіла, не нясуць за гэта ніякай адказнасці. Колькі крыжоў засталося ва ўрочышчы цяпер, дакладна невядома.

Пацярпелі не менш за 13 магіл і помнікаў салдатам Арміі Краёвай

Магіла польскага салдатафота: DW / V. Prychid

Магіла польскага салдатафота: DW / V. Prychid

Беспакараным застаецца і разбурэнне месцаў памяці палякаў у Беларусі. Толькі за 2022 год былі апаганеныя або знішчаныя не менш за 13 пахаванняў і помнікаў салдатам польскай Арміі Краёвай, якія змагаліся супраць нацысцкай акупацыі.

Асаблівае абурэнне ў Варшаве выклікала разбурэнне ў 2022 годзе магіл у вёсцы Мікулішкі Гродзенскай вобласці. МЗС Польшчы назваў гэта «ганебнай падзеяй» і абвінаваціў беларускія ўлады ў невыкананні абавязацельстваў адносна памятных месцаў на сваёй тэрыторыі.

У адказ афіцыйны Мінск заявіў, што, паводле інфармацыі мясцовых органаў улады, «на тэрыторыі дадзенага населенага пункта воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана», і што працы «па ўладкаванні тэрыторыі» праводзіліся законна. 

Дэмантавалі бюст Касцюшкі 1932 года

Манументы непажаданым гістарычным дзеячам у РБ не ратуе нават тое, што яны ўнесены ў спіс помнікаў гісторыі і культуры. Так адбылося з бюстам Тадэвуша Касцюшкі каля музея ў Малых Сяхновічах (Брэсцкая вобласць). Яго дэмантавалі па рашэнні мясцовага райвыканкама ў 2025 годзе. На фота 7 траўня, якія выявіў Telegram-канал «Спадчына», бюста ўжо няма, а на яго месцы — клумба. Таксама Касцюшка больш не згадваецца на сайце музея, які першапачаткова быў адкрыты ў яго гонар. 

Даведка ад «Новага Часу»: бюст Касцюшкі стварыла з цэменту скульптар Бальбіна Відацкая-Свіціч у 1932 годзе. Да 1951-га ён упрыгожваў цэнтральную вуліцу Кобрыня (да 1939-га — імя Юзафа Пілсудскага, з 1939-га — Ленінскую). Усталяваны на помніку рускім воінам — ахвярам вайны 1812 года замест бронзавага арла, які падчас Першай сусветнай вайны быў вывезены аўстрыйцамі. У 1952-1987 гадах знаходзіўся ў сховішчах Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава, затым у запасніках Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея, што месцяцца ў былых казематах Берасцейскай крэпасці. У 1988 годзе ўсталяваны каля школы ў Малых Сяхновічах напярэдадні прыезду ў вёску польскай пісьменніцы Барбары Ваховіч, стваральніцы кнігі «Назаві мяне проста Касцюшкам».

Раней, у красавіку 2024, памятную шыльду ў гонар Польскага паўстання 1794 года, якім кіраваў Касцюшка, знялі са сцяны Новага замка ў Гродне. Яна знаходзілася там 30 гадоў. А ў 2023, як мяркуецца, з-за даносу Вольгі Бондаравай, у абласным цэнтры дэмантавалі памятны знак у гонар паўстанцаў 1863 года. На яго месцы з'явілася шыльда, прысвечаная Савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны.

Прарасійская прапагандыстка дамаглася знесення бюста Геніюш

Таксама ў 2022 годзе Бондарава дамаглася дэмантажу бюста паэткі, пісьменніцы і дысідэнткі Ларысы Геніюш у Зэльве (Гродзенская вобласць). Бюст быў усталяваны ў 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы па благаславенні тагачаснага кіраўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Філарэта.

Акрамя таго, Бондарава дамаглася зносу бюстаў і мемарыяльных дошак некалькім беларускім дзеячам у прыватным музеі Антатолія Белага ў Старых Дарогах (Мінская вобласць). Таксама з фасада музея прыбралі шыльду з цытатай Францішка Багушэвіча «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі».

Знеслі крыж ксяндзу, які загінуў у Трасцянцы

Трасцянец. Архіўнае фота

Трасцянец. Архіўнае фота

У ліпені 2023 года з тэрыторыі Мінскага касцёла святога Роха прыбралі крыж, усталяваны ў памяць аб каталіцкім святары Вінцэнце Гадлеўскім. Бондарава падзякавала за гэта Камуністычную партыю РБ і ўсім, хто ўзяў у гэтым удзел, за «барацьбу з рэабілітацыяй нацызму», забыўшыся згадаць, што Гадлеўскі быў забіты ў канцлагеры ў Трасцянцы.

Глядзіце таксама

У гады Другой сусветнай Гадлеўскі быў пробашчам Чырвонага касцёла і адзіным у Мінску беларускім каталіцкім святаром. Ён спрабаваў весці культурна-асветніцкую дзейнасць і супраціўляўся палітыцы згону беларусаў у Германію. У снежні 1942 ксяндза арыштавалі, катавалі ў гестапа, а пасля адправілі ў лагер смерці ў Малым Трасцянцы, дзе ён загінуў.