Нью-Ёрк будзе чырвоным? Дасье ў карыкатурах

Нешта неверагоднае адбываецца ў Нью-Ёрку, дзе фаварытам на выбарах мэра стаў Зохран Мамдані — радыкальны сацыяліст-мусульманін. Паглядзелі як на падзеі адрэагавалі карыкатурысты.

У канцы чэрвеня 33-гадовы Мамдані перамог на праймерыз дэмакратычнай партыі — дамінуючай палітычнай сілы ў «Вялікім яблыку». Прычым перамог з вельмі-вельмі радыкальнай праграмай. У прыватнасці, ён падтрымлівае стварэнне сістэмы бясплатнай дашкольнай адукацыі, пераход да бясплатнага грамадскага транспарту і нават адкрыццё дзяржаўных крам, дзе кошты на прадукты субсідуюцца ўладамі. Ну і, натуральна, новыя падаткі на заможных. Нядзіўна, што правыя СМІ выяўляюць палітыка ў тым жа духу, як малявалі камуністаў у часы халоднай вайны.

photo_2025_07_13_17_53_05.jpg

Левыя погляды Мамдані гэта толькі кветачкі. Мамдані — заўзяты крытык Ізраіля. Ён заклікаў увесці санкцыі супраць яўрэйскай дзяржавы. А падчас дэбатаў увогуле адмаўляўся прызнаваць за Ізраілем права на існаванне. Не выпадкова адно з выданняў паказвае, як без пяці хвілін мэр Нью-Ёрка танчыць пародыю на вядомы хіт «Putting on the Ritz», абапіраючыся на тэмы камунізму і антысемітызму.

photo_2025_07_13_17_53_08.jpg

Затое левая прэса ў захапленні ад апошніх навінаў. Так выбар на карысць Зохрана інтэрпрэтуецца як выбар простага народа.

photo_2025_07_13_17_53_10.jpg

Па-другое, поспех Мамдані — гэта проста публічная аплявуха Трампу і яго электарату. На гэтым малюнку правы выбаршчык-ксенафоб  у шоку ад таго, што ў Нью-Ёрку да ўлады ідзе левы мусульманін.

photo_2025_07_13_17_53_13.jpg

Затое ў Індыі, адкуль сям'я Мамдані, поспех суайчынніка выклікаў фурор, што таксама фіксуюць мясцовыя карыкатуры.

photo_2025_07_13_17_53_15.jpg

Што далей? А далей у лістападзе пройдуць выбары мэра горада, на якіх хутчэй за ўсё пераможа Мамдані. Пасля гэтага Нью-Ёрк стане пляцоўкай нейкага сацыялістычнага эксперыменту. Але гэта не дакладна з улікам раскладаў у мясцовым гарсавеце. Ну, не гэта галоўнае. Трыумф Мамдані азначае, што працэс змены эліты ў кіраўніцтве партыі дэмакратаў афіцыйна запушчаны. Мамдані — гэта будучыня Дэмпартыі, якая, падаецца, будзе выглядаць інакш, чым гэта было ў часы старых цэнтрыстаў накшталт Байдэна ці Клінтана. З гэтай тэзай згодны аўтар дадзенай карыкатуры, на якой Зохран выглядае як заўтрашні дзень дэмакратаў.

photo_2025_07_13_17_53_17.jpg