На фоне маштабнай расійскай атакі ЗША і ЕС заявілі пра актывізацыю дапамогі Украіне

Расія зноў паставіла рэкорд па выпушчаных па Украіне ўдарных БПЛА — больш за 700 гэтай ноччу. На гэтым фоне ЕС заявіла пра новае фінансаванне патрэб Украіны, а ЗША — пра пастаўкі як мінімум яшчэ адной сістэмы ЗРК Patriot і іншага ўзбраення. Ідуць1232-я суткі вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота  Getty Images

Фота  Getty Images

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 ліпеня.

Па-ранейшаму траціна расійскіх атак прыходзіцца на Пакроўскі кірунак: там абаронцы Украіны спынілі 67 штурмаў расіян у раёнах Папова Яру, Палтаўкі, Мірнага, Малінаўкі, Міралюбаўкі, Разіна, Лысаўкі, Шаўчэнка, Зверава, Удалае, Луча, Новасергіеўкі, Аляксееўкі, Арэхавага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 36 штурмаў паблізу Запарожжа, Паддубнага, Мірнага, Васкрасенкі, Шаўчэнка, Зялёнага Поля, Новаполя.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 19 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Новага Свету, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Торскага, Рэдкадубу, Рыгораўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 16 боесутыкненняў. На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку зафіксавана 11 боесутыкненняў. 10 баёў адбылося на Тарэцкім кірунку.

Па чытары атакі на кожным зафіксавана на Купянскім і Северскім кірунках.

* * *

У ноч на 9 ліпеня Расія атакавала Украіну 741-м сродкам паветранага нападу. Падчас абстрэлу расійцы запусцілі:

  • 728 ўдарных БПЛА тыпу Shahed і дронаў іншых тыпаў;
  • сем крылатых ракет Х-101/Іскандэр-К;
  • шэсць аэрабалістычных ракет Х-47М2/Кінжал.

Супрацьпаветраная абарона абясшкодзіла 718 мэтаў, сярод якіх:

  • 303 былі збітыя агнявымі сродкамі (296 дронаў і сем крылатых ракет Х-101/Іскандэр-К);
  • 415 — лакацыйна страчаныя (415 дронаў).

Зафіксавана трапленне сродкаў паветранага нападу праціўніка ў 4 лакацыях, а падзенне збітых — на 14 лакацыях. Асноўнай мэтай атакі быў горад Луцк. Там успыхнулі пажары, але інфармацыі аб пацярпелых няма.

Таксама ў ноч на 9 ліпеня была атакаваная Кіеўская вобласць. Як паведаміў мэр Бравароў Ігар Сапожка, у горадзе пацярпела жанчына 1980 года нараджэння, яна шпіталізаваная.

* * *

517345988_1086718930307851_9173902966481874045_n.jpg

* * *

Вайна РФ супраць Украіны не паказвае ніякіх прыкмет заканчэння. У сувязі з гэтым ЕС разглядае магчымасць стварыць фонд сумай 100 млрд еўра на падтрымку Кіева, піша Bloomberg.

Са слоў крыніц выдання, грошы могуць стаць часткай прапановы ЕС пра наступны сямігадовы бюджэт, які павінен быць прадстаўлены ў канцы месяца. У выпадку, калі краіны блока прымуць яго ў рамках бюджэтных дагавораў, фінансаванне пачне выплачвацца ў 2028 годзе для падтрымання стабільнай фінансавай дапамогі Украіне, што ахоплена вайной.

Новае пагадненне аб фінансаванні будзе прытрымлівацца існай мадэлі, у якой Еўракамісія дае дапамогу Украіне праз гранты і танныя крэдыты. У той жа час гэтая ідэя разглядаецца разам з іншымі варыянтамі, і будзе абмяркоўвацца да таго, як будуць апублікаваныя дэталі наступнага шматгадовага фінансавага плана.

* * *

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе Еўрапейскі Саюз разам з краінамі-членамі далі Украіне амаль 160 мільярдаў еўра гуманітарнай, фінансавай і ваеннай дапамогі, паведаміла ў інтэрв'ю РБК-Украіна Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння Марта Кос.

Еўракамісар падкрэсліла, што ЕС застаецца найбуйнейшым і самым стабільным донарам і інвестарам ва Украіну. Паводле яе слоў, асноўнае фінансаванне ўкраінскага бюджэту, працэсаў аднаўлення, рэканструкцыі і мадэрнізацыі паступае менавіта ад Еўрасаюза, і гэтая падтрымка будзе працягвацца і ў далейшым.

«З пачатку расійскага ўварвання ў 2022 годзе ЕС і нашы дзяржавы-чальцы мабілізавалі амаль 160 мільярдаў еўра на гуманітарную, фінансавую і вайсковую дапамогу Украіне — гэта больш, чым хто-небудзь іншы», — сказала Кос.

Яна паведаміла, што ЕС думае пакрыць больш за 80% знешніх фінансавых патрэбаў Украіны ў 2025 годзе і плануе працягваць гэтую падтрымку ў будучыні.

Еўракамісар таксама нагадала, што Еўрасаюз ужо пачаў выкарыстоўваць даходы ад замарожаных расійскіх актываў. Менавіта гэтыя сродкі сталі асновай для пазык G7 на суму 50 мільярдаў долараў у рамках ініцыятывы ERA, з якіх ЕС сёлета ўжо выплаціў 7 мільярдаў еўра. Акрамя таго, 3,6 мільярда еўра ўжо былі ці будуць накіраваныя на закупку абароннага абсталявання для Украіны праз Еўрапейскі фонд міру.

* * *

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет не праінфармаваў Белы дом аб прынятым ім рашэннні аб часовым спыненні паставак узбраення для Украіны на мінулым тыдні, піша CNN у расследаванні гэтага пытання.

Такое рашэнне кіраўніка Пентагона выклікала істотныя ўнутраныя супярэчнасці ў Адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа — чыноўнікі спрабавалі высветліць прычыны прыпынення і данесці іх Кангрэсу і афіцыйнаму Кіеву.

Прэзідэнт Трамп, адказваючы на пытанні журналістаў падчас пасяджэння ўрада ў аўторак, 8 ліпеня, заявіў, што ЗША працягнуць пастаўкі абарончай зброі Украіне, але ўхіліўся ад прамога адказу на пытанне хто ўхваліў прыпыненне. На паўторнае пытанне, хто санкцыянаваў прыпыненне паставак, ён адказаў: «Я не ведаю, а чаму б вам не сказаць мне?»

Па словах крыніц, гэты выпадак зноў падкрэслівае адсутнасць належнай каардынацыі ў працэсе прыняцця рашэнняў у адміністрацыі Трампа, у прыватнасці ў Мінабароны пад кіраўніцтвам Хегсета.

Гэта ўжо другі падобны выпадак у 2025 годзе, калі кіраўнік Пентагона самастойна спыніў пастаўкі амерыканскай зброі для Украіны без папярэдняга ўзгаднення з іншымі структурамі. Упершыню Хегсет прыняў падобнае рашэнне ў лютым, але хутка яго адмяніў. Аналагічны сцэнар паўтарыўся і цяпер: адразу пасля таго, як Трамп даведаўся пра спыненне, ён загадаў Хегсету аднавіць прынамсі частку паставак — у прыватнасці, ракеты-перахопнікі для сістэм СПА Patriot, якія адыгрываюць крытычную ролю ў абароне грамадзянскага насельніцтва Украіны ад атак ракет і дронаў з боку РФ.

* * *

Летась Дональд Трамп на закрытай сустрэчы донараў заявіў, што ён спрабаваў утрымаць Уладзіміра Пуціна ад нападу на Украіну. Ён пагражаў «разбамбіць Маскву да д'ябла», распавядае CNN, і публікуе аўдыёзапіс заявы.

«Я сказаў Пуціну: "Калі вы ўварвецеся ва Украіну, я разбамблю Маскву да д'ябла. Кажу вам, у мяне няма выбару"», — сказаў Трамп падчас аднаго з мерапрыемстваў па зборы сродкаў у 2024 годзе.

Паводле аўдыёзапісу, Пуцін адказаў, што не верыць Трампу. «Але ён паверыў мне на 10%», — распавёў Трамп.

Пазней Трамп заявіў, што перадаў аналагічнае папярэджанне старшыні КНР Сі Цзіньпіну адносна магчымага ўварвання на Тайвань, заявіўшы яму, што ў адказ ЗША будуць бамбіць Пекін. «Ён лічыў мяне вар'ятам», — сказаў Трамп пра Сі, а затым дадаў, што «ў нас ніколі не было праблем».

* * *

Прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Тэмі Брус падчас прэс-брыфінгу заявіла, што Злучаныя Штаты застаюцца прыхільнымі падтрымцы Украіны і працягнуць пастаўляць Кіеву зброю, нягледзячы на нядаўнюю паўзу.

Падчас брыфінгу журналіст пацікавіўся, ці прывядзе апошняя ацэнка Пуціна, агучаная прэзідэнтам Трампам, да зменаў у палітыцы ЗША ў дачыненні да Украіны. У адказ Брус падкрэсліла, што пазіцыя ЗША застаецца нязменнай. ЗША і ў далейшым падтрымліваюць Украіну, а кароткая паўза ў пастаўках зброі была толькі часткай планавага перагляду ўсіх праграм ваеннай дапамогі, а не змяненнем курсу.

«Мы былі і застаемся самымі вялікімі прыхільнікамі Украіны. Мы клапоцімся пра гэтых людзей, клапоцімся пра тое, каб у іх было ўсё неабходнае», — падкрэсліла Брус.

Яна адзначыла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «рашуча настроены» забяспечыць Украіну ўсім неабходным для самаабароны, асабліва ўлічваючы масавыя забойствы і неабходнасць дамагчыся спынення агню.

«Мы дапамагалі ім і будзем дапамагаць і ў далейшым. І гэта — наша пазіцыя. Яна застаецца нязменнай», — дадала прэс-сакратарка Дзярждэпу.