Не працаваў з часам, але апярэдзіў час. Нікола Тэсла — 10 фактаў да дня народзінаў генія
Без гэтага чалавека многія пакаленні — і ў мінулым, і ў будучыні — жылі б зусім па-іншаму. Горш ці лепш, гэта ўжо іншае пытанне. Але адназначна інакш.
167 гадоў таму нарадзіўся геніяльны вынаходнік, фізік, інжынер і радыётэхнік Нікола Тэсла, чалавек, які апярэдзіў час. На свет з'явіўся ён у 1856 годзе ў невялікай вёсачцы Смілян, што ў сямі кіламетрах ад Госпіча (Харватыя). За сваё жыццё ён паспеў зрабіць вельмі шмат, але памёр нікому не патрэбным і застаўся б невядомым для нашчадкаў, калі б не... Ілан Маск і яго электрамабілі, якія зрабілі імя вучонага вядомым па ўсім свеце. Але сёння мы гаворым не пра Маска і крутыя машыны, а пра чалавека, без якога наша цывілізацыя дакладна выглядала б па-іншаму.
Пра дзяцінства Тэслы вядома няшмат. Калі хлопчыку было 5 гадоў, яго старэйшы брат Дэйн упаў з каня, і падзенне гэтае было фатальным. Няшчасны выпадак стаў велізарным горам для ўсёй сям'і, у якой Дэйн быў любімчыкам і лічыўся разумнейшым за хваравітага Ніколу. Асабліва цяжка страту любімага сына перанёс бацька, які пасля гэтага захацеў, яго малодшы сын, як і ён сам, стаў праваслаўным святаром. У гэтым разе ён мог бы наведваць бліжэйшую да іх вёсцы школу. Пра навучанне ў тэхнічнай вучэльні ў іншым рэгіёне Аўстра-Венгрыі бацька зусім не хацеў чуць.
Але лёс вырашыў інакш. У 17 гадоў Нікола Тэсла скончыў сярэднюю школу ў суседнім горадзе і вярнуўся ў вёску, дзе захварэў на халеру і праляжаў у ложку 9 месяцаў. Некалькі разоў ён быў блізкі да смерці. У роспачы бацька паабяцаў, што, калі Нікола ачуняе, адправіць яго на інжынерныя курсы — і стрымаў сваё абяцанне, хоць шчыра жадаў для сына зусім іншага лёсу.
Так пачаўся шлях будучага генія, на якім ён зрабіў шмат адкрыццяў і на стагоддзі апярэдзіў свой час. Як і ўсе геніі, Нікола Тэсла быў чалавекам незвычайным, для кагосьці — дзіваком, для некага — вар'ятам. Мы сабралі для вас некаторыя цікавыя факты пра знакамітага вынаходніка — чалавека і вучонага.
1. Нікола Тэсла валодаў эйдэтычнай памяццю
Ён рэдка штосьці запісваў і трымаў усё ў галаве. Вучоны мог запомніць цэлыя кнігі ўсяго за некалькі хвілін прагляду. Нікола сцвярджаў, што валодае сілай «мазгавой інжынерыі». Яе сутнасць была ў тым, што Тэсла мог дэталёва візуалізаваць усе вынаходкі ва ўласнай галаве і правесці «хадавыя выпрабаванні», пры гэтым не робячы ніякіх запісаў. Да прыкладу, свой электрарухавік ён прыдумаў на прагулцы ў Будапешцкім парку: падчас чытання «Фаўста» Гётэ раптам у яго ў галаве паўстала выява магнітнага поля, якое верціцца. Адклаўшы кнігу ў бок, ён неадкладна намаляваў яго схему на пяску.
Ён меў і іншыя рукапісы аб яго магчымых вынаходствах. Многія з гэтых запісаў дайшлі да нашых дзён.
2. Тэсла быў вельмі адчувальным да знешніх раздражняльнікаў
Ён сцвярджаў, што чуў гром на адлегласці ў 900 кіламетраў, а таксама, мог чуць ціканне кішэннага гадзінніка, які знаходзіўся ў трох пакоях ад яго, або муху, якая глуха прызямлілася на стол. Гук лакаматыва ў 50 кіламетрах ад яго быў для фізіка аглушальным. Лекары лічылі, што гэта праблемы з нервамі, а калі быць дакладней нервовым зрывам. У тыя часы такі панятак, як «сэнсарная перагрузка», быў невядомы — а менавіта гэта, хутчэй за ўсё, здарылася з вучоным.
3. Некаторы час Нікола Тэсла працаваў у лабараторыі Томаса Эдысана (таго самага, які вынайшаў лямпачку)
Але звольніўся адтуль. Паводле легенды, Эдысан не заплаціў Тэслу абяцаныя грошы, і той вымушаны быў сысці і капаць траншэі за $2 долары за суткі, каб мець сродкі на далейшыя даследаванні.
4. Тэсла быў прыгожым, высокім мужчынам з цёмнымі валасамі і блакітнымі вачыма
Ён валодаў вытанчаным густам і добрымі манерамі і меў поспех у жанчын, але сам стараўся трымацца ад іх падалей. Вучоны верыў, што сэкс перашкаджае мужчыну ў працы: «Я не магу ўспомніць шмат вялікіх вынаходак, якія былі створаны жанатымі мужчынамі». Акрамя таго, ён ненавідзеў круглыя прадметы і ўпрыгожанні (напрыклад, перліны).
5. Як сказана вышэй, жанчын Нікола не любіў, але затое вельмі любіў галубоў
І часта хадзіў у Цэнтральны парк, каб пакарміць іх. Параненых птушак ён прыносіў дадому (а сталага дому ў яго не было), што было прычынай скаргаў на шум і пах ад жыхароў гатэля. Перад смерцю ён жыў у Нью-Ёркскім гатэлі на 33 паверсе, у кватэры нумар 3327. Увесь свой вольны час ён праводзіў з галубамі, а не з людзьмі. Асабліва Тэсла любіў аднаго белага голуба — а дакладней, галубку. Ён працягваў клапаціцца пра яе, нават калі яна захварэла. На хворую птушку вучоны выдаткаваў $2000 і пабудаваў прыладу, якая падтрымлівала пернатую сяброўку, пакуль яе крыло і нага не загаіліся.
6. Тэсла надаваў вялікую ўвагу працы
Ён сцвярджаў, што яму для сну хапае ўсяго 2 гадзіны на дзень, і мог працаваць з 9-й гадзіны раніцы да 6-й гадзіны вечара. Затым ён вячэраў роўна ў 20.10 і працягваў працаваць да 3-й гадзіны ночы. Але, нягледзячы на недахоп сну і вялікую колькасць працы, ён дажыў да 87 гадоў.
Яшчэ Тэсла быў фанатам лічбы 3, а таксама лічбаў, якія можна падзяліць на 3. Ён тройчы за раз мыў рукі, абыходзіў свой будынак тры разы перад уваходам у яго, выкарыстоўваў 18 насовак, каб выціраць абедзенны стол і сталовыя прыборы перад кожным прыёмам ежы: пасля перанесенай халеры ў яго была панічная боязь мікробаў.
7. Для таго, каб ежа прыносіла яму задавальненне, ён любіў лічыць, колькі з'еў лыжак супу
А таксама кавалкаў хлеба і да таго падобнае, вылічваў аб'ём ежы на відэльцы ці лыжцы, а таксама аб'ёмы кубка і талеркі. Мала хто разумеў такія звычкі, таму еў Тэсла звычайна адзін. У познія гады жыцця вучоны стаў вегетарыянцам, любіў толькі малако, хлеб, мёд і сокі з гародніны.
8. Яшчэ 120 гадоў таму назад геній фізікі і інжынерыі быў актыўным прыхільнікам аднаўляльных крыніц энергіі
У 1900 годзе ў перыядычным выданні «The Century» ён напісаў артыкул «Праблема росту спажывання чалавекам энергіі з асаблівымі нататкамі аб выкарыстанні сонечнай энергіі». У ім Тэсла разважаў, як можна выкарыстоўваць энергію сонца і ветру. Ужо тады людзі расходавалі зямныя рэсурсы занадта хутка і неэфектыўна, спальваючы ў топках найбольш распаўсюджанае тады паліва — вугаль, і выкарыстоўвалі толькі 2% яго энергіі.
9. Чым старэйшым ён станавіўся, тым менш грошай зарабляў
З гатэля «Уолдорф-Асторыя» ў Нью-Ёрку ён пераехаў у «Сэнт-Реджыс», бо ў яго назапасіліся велізарныя неаплачаныя рахункі. Уласна, з той жа прычыны яго выселілі з «Сэнт-Реджыса», але, акрамя запазычанасці па аплаце, яму, у дадатак да ўсяго, суседзі прад'яўлялі прэтэнзіі за дыскамфорт і беспарадак, створаны дзякуючы любові да галубоў.
Далей ён працягваў пераязджаць, але ўжо ў больш танныя гатэлі, аднак рахункі па-ранейшаму заставаліся неаплачанымі. У выніку яго былы працадаўца — кампанія «Вестынгаўз» — пачала аплачваць арэнду яго жылля і выплачвала забытаму генію $125 на месяц у якасці «платы за яго кансультацыйныя паслугі». Мабыць кампанія была занепакоеная тым, што бедны навуковец шкодзіць іх рэпутацыі. Тэсла таксама атрымліваў сціплую сербскую пенсію да самай смерці.
Нікола Тэсла памёр у нумары гатэля «Нью-Йоркер» у ноч з 7 на 8 студзеня 1943 года, на 87-м годзе жыцця. Пакаёўка знайшла яго праз два дні — на дзвярах была таблічка «Не турбаваць». Лекар пастанавіў, што прычынай смерці стаў сардэчны прыступ. Пахаванне Тэслы адбылося ў Нью-Ёрку 10 студзеня 1943 года. Яго пляменнік Сава Касановіч у 1952 годзе разам з прахам Тэслы здолеў адправіць у Сербію ўсю маёмасць, якая змясцілася ў 80 куфрах. Прах вучонага выстаўлены ў Бялградзе ў Музеі Ніколы Тэслы.
10. Нікола Тэсла — аўтар больш за 700 патэнтаў і інавацый
Вось толькі некаторыя з яго вынаходніцтваў:
- трохфазная сістэма электразабеспячэння;
- пераменны ток (120 гадоў таму ў Чыкага Тэсла паказаў, як электрычнасць можна распаўсюджваць без выкарыстання правадоў);
- рэнтген і рэнтгенаўскія прамяні (дзякуючы даследаванням электрамагнітнага і іанізуючага выпраменьвання Тэслы навукоўцам стала магчыма даследаваць арганізм чалавека, не распорваючы яму жывот);
- трансфарматар Тэслы (трансфарматар, здольны вырабляць высокае напружанне);
- люмінесцэнтная лямпачка;
- павелічальны перадатчык, дзякуючы якому Тэсла мог запальваць лямпачкі за паўмілі;
- пульт дыстанцыйнага кіравання;
- асінхронны рухавік — для пыласосаў і фенаў;
- радыёкіраваная лодка, якая магла плыць без людзей (Тэсла мог кіраваць яе рухам з дапамогай радыёсігналаў);
- машына, якая імітуе землятрус.
Акрамя таго, ён спрагназаваў з'яўленне смартфонаў: «Калі бесправадная сувязь будзе прымяняцца ідэальна, уся зямля ператворыцца ў велізарны мозг, што на самой справе так і ёсць, паколькі ўсе рэчы з'яўляюцца часціцамі рэальнага і рытмічнага цэлага. Мы зможам мець зносіны адно з адным імгненна, незалежна ад таго, на якой адлегласці мы знаходзімся. Будзем бачыць і чуць адно аднаго гэтак жа добра, як калі б мы стаялі тварам да твару. Інструменты, дзякуючы якім мы зможам ажыццявіць гэта, не будуць такімі грувасткімі, як цяперашнія тэлефоны — людзі будуць насіць гэтыя штукі ў сваіх кішэнях».