Дэмакратычныя арганізацыі: улады праігнаравалі прапановы аб правядзенні сумленных выбараў
Беларускія ўлады праігнаравалі прынцыповыя прапановы дэмакратычных сіл, скіраваныя на стварэнне мінімальных заканадаўчых гарантый для правядзення сумленных і справядлівых выбараў.
Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве апазіцыйных арганізацый у сувязі з прыняццем 2 кастрычніка Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні паправак у выбарчае заканадаўства.
Заява падпісана Беларускай партыяй "Зялёныя", Беларускай партыяй левых "Справядлівы свет", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, аргкамітэтамі Беларускай партыі жанчын "Надзея", Беларускай партыі працоўных, "Беларускага руху”, партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кампаніяй "Гавары праўду!", рухам "Маладая Беларусь", аргкамітэтам аб'яднання "За справядлівыя выбары", а таксама маладзёжнай арганізацыяй "Маладыя дэмакраты".
Апазіцыйныя арганізацыі лічаць, што ўлады ігнаруюць прапановы, скіраваныя на прымяненне публічнай і адкрытай для назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ працэдуры падліку галасоў, даванне гарантаванага права палітычным партыям і грамадзянам, якія вылучылі кандыдатаў у прэзідэнты ці ў дэпутаты, мець свайго прадстаўніка ў кожнай выбарчай камісіі. Апрача таго, заяўляюць яны, улады не маюць намеру выключыць магчымасць масавага прымусу людзей да датэрміновага галасавання і наступнай фальсіфікацыі іх волевыяўлення.
На думку дэмакратычных арганізацый Беларусі, большасць з 85 прынятых паправак у выбарчае заканадаўства маюць "касметычны характар, і ніводная з іх не накіраваная на стварэнне рэальных гарантый для таго, каб выбары праходзілі ў раўнапраўнай канкурэнтнай барацьбе, а пераможца вызначаўся ў дакладнай адпаведнасці з тым, як прагаласавалі выбаршчыкі".
Апазіцыйныя структуры мяркуюць, што забарона на заклікі да байкоту выбараў або да няўдзелу ў галасаванні яўна супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў.
Яны таксама зазначаюць, што скасаванне дзяржаўнага фінансавання вырабу агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў і замена яго аплатай з выбарчых фондаў у сучасных рэаліях Беларусі прывядзе да няроўнасці магчымасцяў грамадзян пры правядзенні агітацыі. На думку дэмакратычных арганізацый, "органы дзяржаўнай улады і кіравання будуць стымуляваць пералічэнне сродкаў у фонды праўладных кандыдатаў і адначасова пераследаваць людзей за ўдзел у фарміраванні выбарчых фондаў кандыдатаў, вылучаных апазіцыяй".
"Прыняты Палатай прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 2 кастрычніка 2013 года ў першым чытанні законапраект аб унясенні паправак у Выбарчы кодэкс не набліжае, а аддаляе Беларусь ад магчымасці
правядзення свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў", — падкрэсліваецца ў заяве.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН