Уладзіслаў Завальнюк, мой першы ксёндз: да 75-годзьдзя сьвятара
Настолькі адданага Беларусі і нацыянальнай справе ксяндза ідзі яшчэ паспрабуй пашукаць. Дзякаваць Богу, сярод новага пакаленьня пакліканых да службы ёсьць шэраг выбітных асобаў, якімі мы будзем па справе ганарыцца пасьля. Але сёньня гаворка пра пробашча менскага касьцёла Сьвятых Сымона і Алены, вядомага шырока проста як Чырвоны касьцёл.
Я быў яшчэ зусім у дзіцячым узросьце, калі ўлетку, звычайна бавячы час у бабулі з дзядулем амаль без спыну было ўключанае радыё. Тое самае, якое радыёкропка. Па нядзелях, займаючыся нейкімі справамі, да вушэй даносілася чароўная музыка Баха – Toccata and fugue in D minor (BWV 565). Вядома, у тым узросьце я ня ведаў, як гэта называецца, але хараство гукаў прымушала засяродзіцца. Так пачыналася легендарная трансляцыя набажэнства з касьцёла Сьвятых Сымона і Алены, што мела назву «Голас Душы».
Пасьля ўступу аргана я, разам з прысутнымі ў касьцёле і тысячамі ўва ўсёй Беларусі чулі голас ксяндза-магістра Ўладзіслава Завальнюка, які пачынаў з блаславеньня: «У імя Айца і Сына і Духа Сьвятога». І народ адказваў: «Амэн». Тыдзень за тыднем я слухаў трансляцыі і падчас іх развагі ксяндза Ўладзіслава на ўсе магчымыя тэмы. Такім чынам адбылося нашае першае знаёмства.
Праз некалькі гадоў Уладзіслаў Завальнюк ускладзе рукі па-над маёй галавой і блаславіць пры прыманьні апостальскага сымбаля веры і пераходу ў каталіцкую супольнасьць.
Яшчэ ў 2002 годзе, калі здарыліся першыя праблемы з транляцыяй імшы і яна была зьнятая з радыёэтэру, ксёндз наступным чынам каментаваў сітуацыю:
«Тыдзень таму меў магчымасьць быць у Ватыкане. Была сустрэча з Айцом Сьвятым Янам Паўлам ІІ, таксама на Радыё Ватыкан. Гэты мой пабыт у Рыме многа спрыяе добраму. У Ватыкане гэта канкрэтна сказана было: вам пакуль што не магу выказаць усё, бо гэта сакрэт. Але так, як я й гаварыў, сапраўды “Голас душы” будзе».
Сапраўды, неўзабаве праграма загучала зноў. За аднаўленьне тады было сабрана каля 30 тысячаў подпісаў. Праіснавала яна (пасьля ў якасьці трансляцыяў з катэдральнага касьцёла) да 23 жніўня 2020 года.
Беларусь
Разам з 75-гадовым юбілеем, ксёндз сёлета адзначае яшчэ дзьве грандыёзныя даты: 50 гадоў сьвятарства і 40 гадоў служэньня ў Беларусі: так, вялікі папулярызатар беларускай мовы і культуры нарадзіўся не ў нас, але ўва ўкраінскай вёсцы.
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк бясконцую колькасьць разоў пераабіраўся ў Раду Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны. Гэты чалавек думае пра беларускую мову заўжды. Вось да прыкладу яго адказ на пытаньне Міхася Скоблы адносна стану роднай мовы:
«Трэба нам гэтую кропку пераадолець, як на вяршыню гары ідучы. Калі будзем уздымацца, то настане перавага роднай мовы, а пакуль што мы ўсё карабкаемся... Сёньня мы маем беларускамоўныя набажэнствы ў доме Божым, але ў канцылярыі адказваем на той мове, на якой да нас зьвяртаюцца. Ідзе пакуль такое станаўленьне.
Я лічу, я перакананы, што ніхто нікому не забараняе карыстацца роднай мовай, але трэба, каб мова заставалася гонарам, тады будзе станоўчы вынік. Калі мы адыходзім ад родных каранёў, мы тады падпарадкоўваемся чужой ідэалёгіі. А потым, на якой мове трэба вучыць дзіця маліцца? Не на латыні ж, не на грэцкай. А калі дзіця ня ведае малітвы на роднай мове, калі зусім ня моліцца, то паўстае пытаньне, які дух, якая сытуацыя ў сям’і? Бо калі няма малітвы – гэта грэх, паколькі малітва ачышчае, малітва аздараўляе. Калі чалавек паўтарае чыстыя і ўзьнёслыя словы малітвы, ён ачышчаецца. Гэта ж тая ж самая чыстая аўра, якая нас асьвячае і ўзвышае.
Калі не ідзем, паважаныя суайчыньнікі, ні ў царкву, ні ў касьцёл, ні ў малітоўны дом, а дома перад тэлевізарам праседжаваем канапы, – гэта, безумоўна, грэх. Мы павінны далучыць сябе да духоўных перашакрыніцаў. А родная мова гучыць сёньня ў Божам храме».
У Чырвоным касьцёле кожную нядзелю а 19-й гадзіне цэлебравалася (і будзе) сьвятая імша за Бацькаўшчыну.
Званы
У 2019 годзе ў вежы касьцёла былі пастаўленыя званы ,якія доўгія пакаленьні адсутнічалі там пасьля таго, як камуністы прыбралі іх, каб заглушыць хрысьціянскі голас. Пробашч закладваў сваю кватэру, каб атрымалася замовіць, вырабіць і даставіць тры вялізныя званы.
Па традыцыі, званы маюць свае ўласныя імёны. Самы вялікі звон вагою ў 1200 кг называецца «Арханёл Міхал». На ім зьмешчаны дэвіз сьвятога Божага пасланца, апекуна Касьцёла на Беларусі «Хто як Бог», а таксама словы ўдзячнасьці «духавенству і народу за вернасьць Богу і захаваньне веры для наступных пакаленьняў».
Сярэдні звон вагою ў 700 кг адліты ў гонар фундатара Чырвонага касьцёла Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Сваім голасам ён мусіць нагадваць жыцьцёвае крэда гэтага чалавека: «Так хацеў Бог», а таксама заклікаць усіх людзей да братняга адзінства. «Няхай людзі розных веравызнаньняў на зямлі славяць адзінага Бога на небе» — такі надпіс зьмешчаны на сярэднім зване.
Найменшы звон вагою ў паўтоны прысьвечаны жонцы Эдварда Вайніловіча Алімпіі і іх двум заўчасна памерлым дзеткам — Сымону і Алене. Гэты звон з самым пяшчотным голасам будзе зноў і зноў паўтараць заклік Хрыста: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».
Рух
Амаль у 70 гадоў Уладзіслаў здолеў выканаць адну з дзіцячых мараў: стаць пілотам. Цяпер ксёндз мае права на кіраваньне маламернымі самалётамі. Апроч гэтага сьвятар зьдзейсьніў пілігрымку на монаколе да Будслава. Няспынная энэргія і прага руху наперад.
У 2022 годзе ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк быў абраны «Чалавекам года» пры ўдзеле каля 8 тысячаў чалавек у буйным каталіцкім інстаграм-акаўнце catholic_belarus.
Уладзіслаў Завальнюк 26 траўня 2024 года адзначыў 50-годзьдзе сьвятарскага пасьвячэньня. Да гэтай даты Папа Рымскі Францішак надаў яму тытул капелана яго сьвятасьці, што, як паведамлялася, “зьяўляецца выяўленьнем вялікіх заслугаў перад Касьцёлам”.
Зрэшты ксёндз Уладзіслаў не адзначаў шырока гэтую падзею, бо як казалі вернікі, лічыў гэта ў сёньняшніх абставінах абсурдна і несвоечасова. З 26 верасьня 2022 года касьцёл стаіць замкнёны. На сёньня ніякіх захады не прывялі да зьмены сітуацыі.
Біскуп Юры Касабуцкі так сказаў ксяндзу Ўладзіславу:
«Чырвоны касьцёл быў пабудаваны продкамі, каб там гучала Божае Слова, а не каб ён стаяў з зачыненымі дзьвярыма на галоўным пляцы нашага горада».
Але ўсё тое мінецца раней ці крыху пазьней. Чырвоны касьцёл зноў стане месцам, дзе вернікі змогуць маліцца і бачыцца адно з адным. Уладзіслаў Завальнюк навечна будзе асацыявацца з гэтым месцам.
«Бязбожнікі бальшавікі замоўкнуць званам казалі
ды арганам буржуйкі свае палілі,
бо душы іх, бачыш, ад атэістычнаха холаду лядоўнямі ставалі,
карчанелі ды замярзалі.
А з бронзы і срэбра тых званоў за адвагу мэдалі
і перамогу камунізму адлівалі, свой страх хавалі».
З паэмы Ўладзіслава Завальнюка «Так хацеў Бог!».