ЕС узмоцніць санкцыі супраць Расіі пасля размовы з Дональдам Трампам

ЕС адклаў увядзенне 19-га пакета санкцый супраць Расіі, каб зрабіць яго больш жорсткім — пасля размовы Урсулы фон дэр Ляен з Дональдам Трампам. У той жа час Трамп уводзіць свае санкцыі не спяшаецца, і зноў высоўвае патрабаванні да Зяленскага — хаця той і гатовы да перамоваў. У той жа час Расія хоча наступаць на Пакроўск. Ідуць 1302-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 183 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 60 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Вольнага, Залатога Калодзежу, Ніканараўкі, Новага Шахавага, Міралюбаўкі, Радзінскага, Новоэканамічнага, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Дачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 25 атак расіян каля Філіі, Іванаўкі, Аляксандраграду, Маліеўкі, Новаіванаўкі.

На Сіверскім кірунку за мінулыя суткі адбіта 23 атакі. Расійцы спрабавалі прасунуцца ў раёнах Серабранкі, Грыгораўкі, Федароўкі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак у раёнах Шчарбанёўкі, Кацярынаўкі, Палтаўкі, Русінага Яра і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 14 разоў, спрабуючы прасунуцца ў кірунку Шыйкаўкі, Шандрыгалава, Стаўкі, Калодзежаў, Новаміхайлаўкі, Грэкаўкі, Сярэдняга і Торскага.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося дзевяць баявых сутыкненняў.

* * *

Расійскія войскі працягваюць наступаць па ўсім фронце. На Пакроўскі кірунак войскі РФ перакідваюць усе наяўныя сілы, бо іх страты там шалёныя, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на Купянскім кірунку. Геалакацыйныя запісы, апублікаваныя 16 верасня, сведчаць, што вайскоўцам РФ удалося прасунуцца да вуліцы Садовай у Купянску.

Геалакацыйныя кадры ад 16 верасня сведчаць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход Новаіванаўкі на ўсходзе Запарожскай вобласці.

Геалакацыйныя кадры ад 15 і 16 верасня паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў паўднёва-ўсходняй частцы Канстанцінаўкі і ўздоўж трасы Т-0504 Бахмут-Канстанцінаўка на паўночны захад ад Ступачак (на ўсход ад Канстанцінаўкі) у Данецкай вобласці.

Адносна Пакроўскага кірунку, расійскі блогер сцвярджаў, што расійскія войскі прасунуліся ў межах Заходняга і паўднёвага Пакроўска, але пацвярджэння гэтаму не было.

Начальнік штаба ўкраінскага палка, які дзейнічае на Пакроўскім кірунку, паведаміў, што войскі РФ перакідваюць усе наяўныя сілы на гэты кірунак, уключаючы перадыслакацыю войскаў з Курскай вобласці і аператыўных рэзерваў з неўстаноўленых раёнаў фронту. 

Расійскія войскі губляюць ад 10 да 20 чалавек асабовага складу на кожны метр захопленай тэрыторыі і не атакуюць бронетэхнікай праз рызыку паразы тэхнікі ўкраінскімі беспілотнікамі.

Расіяне на працягу апошніх некалькіх тыдняў спрабавалі атакаваць усходні фланг Мірнаграда пры падтрымцы бронетэхнікі, але УСУ знішчылі тэхніку да таго, як яна дасягнула лініі судакранання.

* * *

Сілы абароны Украіны пашкодзілі і затапілі газаправод, які расійскія войскі выкарыстоўвалі як схаваны маршрут для перакідання сваіх падраздзяленняў пад Купянск Харкаўскай вобласці. Гэта дазволіла заблакаваць іх прасоўванне праз падземную трубу, якая праходзіла пад ракой Аскол, распавёў камандзір 429-га асобнага палка беспілотных сістэм «Ахілес» Юрый Федарэнка.

З-за інтэнсіўных баявых дзеянняў магчымасці выкапаць трубу не было, таму сілы абароны перакрылі яе клапаны, што зрабіла далейшае выкарыстанне маршруту немагчымым. Акрамя таго, труба была сур'ёзна пашкоджана з дапамогай інжынерных боепрыпасаў, што выключыла яе выкарыстанне для дастаўкі расійскіх войскаў.

Федарэнка адзначыў, што пасля выяўлення актыўнасці расійскіх вайскоўцаў у гэтым раёне былі прынятыя адпаведныя меры для спынення іх перамяшчэння. У прыватнасці, трубу пашкодзілі каля ракі Аскол. Пасля гэтага расійцы зноў пачалі лезці праз саму раку.

* * *

Пажары ўспыхнулі на тэрыторыі прадпрыемстваў і на інфраструктурных аб'ектах ў Палтаўскай і Кіраваградскай абласцях у выніку расійскай атакі беспілотнікамі ноччу 17 верасня. У Кіраваградскай вобласці 45 населеных пунктаў засталіся без электразабеспячэння.

Кіраўнік праўлення АТ «Укрзалізниця»Аляксандр Пярцоўскі паведаміў аб комплекснай атацы на чыгунку. Праз дронавую атаку і абясточванне затрыманыя цягнікі на Дняпроўскім кірунку.

У ноч на 17 верасня расійцы ўдарылі па крытычнай інфраструктуры Чаркаскай вобласці.

* * *

548271008_1141323831514027_3682725961921295495_n.jpg

* * *

Адміністрацыя Дональда Трампа ўхваліла першыя пакеты ваеннай дапамогі Украіне паводле новага механізму, згодна з якім зброя фінансуецца за кошт еўрапейскіх чальцоў NATO, піша Reuters са спасылкай на дзве інфармаваныя крыніцы.

Паводле звестак Reuters, намеснік кіраўніка Пентагона Элбрыдж Колбі зацвердзіў дзве пастаўкі ўзбраенняў Украіне на суму па $500 мільёнаў па новым механізме PURL (Prioritized Ukraine Requirements List).

«Гэта першае выкарыстанне новага механізму, распрацаванага ЗША і хаўруснікамі для пастаўкі Украіне зброі з амерыканскіх запасаў за кошт сродкаў краін NATO», — гаворыцца ў матэрыяле.

Еўрапейскія дзяржавы ў цэлым паабяцалі вылучыць каля 2 мільярдаў долараў на гэты механізм. У Альянсе спадзяюцца прыцягнуць у цэлым да 10 мільярдаў долараў.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму давядзецца ўкласці пагадненне для заканчэння вайны. У адказ на пытанне пра тое, ці сустрэнецца ён з Зяленскім у Нью-Ёрку, дзе збярэцца пасяджэнне Генасамблеі ААН, Трамп сказаў: «Яму давядзецца пайсці на ўгоду, а Еўропа павінна спыніць купляць нафту ў Расіі».

Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што, хутчэй за ўсё, яму давядзецца прысутнічаць на сустрэчы Зяленскага і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна, калі яна адбудзецца: «Патрэбныя двое, каб танцаваць танга. Гэтыя двое, Зяленскі і Пуцін, яны ненавідзяць адзін аднаго. Здаецца, мне давядзецца сядзець з імі ў адным пакоі, бо яны не могуць знаходзіцца там удваіх. Вялікая нянавісць паміж імі».

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў кіраўніка Белага дома заняць «выразную пазіцыю» ў дачыненні да санкцый супраць Расіі і гарантый бяспекі для Украіны, каб спыніць Пуціна і пакласці канец вайне.

* * *

Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у сетцы Х заявіла, што Еўракамісія неўзабаве прадставіць 19-ты пакет санкцый, накіраваны супраць расійскіх крыптаактываў, банкаўскай і энергетычнай сфер РФ.

«Я правяла плённую гутарку з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам аб узмацненні нашых сумесных намаганняў па павелічэнні эканамічнага ціску на Расію шляхам прыняцця дадатковых мер. Камісія неўзабаве прадставіць свой 19-ты пакет санкцый, накіраваны супраць крыптаактываў, банкаў і энергетыкі», — напісала яна.

З ейных слоў, Еўракамісія будзе прапаноўваць, каб ЕС «паскорыў паступовую адмову ад імпарту выкапнёвага паліва з Расіі».

Раней агенцтва Bloomberg са спасылкай на еўрапейскага дыпламата паведаміла, што ЕС адклаў прэзентацыю 19-га пакета санкцый пасля патрабавання Трампа ўзмацніць абмежаванні.