У выдавецтве «Скарына» выйшлі «Творы» слыннай беларускай дзяячкі

Да 140-годзьдзя народзінаў вядомай беларускай дзяячкі, палітыцы і літаратаркі, зьнішчанай Саветамі ў 1938 годзе, у выдавецтве Скарына пабачылі сьвет перавыдадзеныя і дапоўненыя «Творы» Палуты Бадуновай. 

1758045407589blob.jpg

7 верасьня Беларусь адзначыла, як і раней у татальным замоўчваньні, чарговы юбілей лідаркі сацыял-рэвалюцыянэраў і першай беларускі ў вялікай палітыцы. Прынамсі беларуская супольнасьць у эміграцыі спрычынілася да сьвяткаваньня і вяртаньня зь нябыту той, хто марыла пра незалежную Беларусь.

У 2018 годзе да стагодзьдзя БНР у выдавецтве Беларускага таварыства культуры ў Летуве пад рэдакцыяй У. Гарбацкага зьявілася першае выданьне твораў палітыцы і настаўніцы. Сёлета дапоўненыя ўспамінамі самой Палуты Бадуновай творы пабачылі сьвет у выдавецтве Скарына, зноў жа пад рэдакцыяй У. Гарбацкага. Дасюль ня знойдзеная п’еса «Цётка», якую напісала П. Бадунова, прысьвяціўшы яе іншай слыннай беларусцы-рэвалюцыянэрцы Алёйзе Пашкевіч-Цётцы. Таму, на жаль, нельга сказаць, што перавыдадзеныя творы ахопліваюць усю літаратурную спадчыну П. Бадуновай. Тым ня менш, у дапоўненую кнігу ўключаныя ўспаміны дзяячкі пра Ядвігіна Ш. і А. Бурбіса. Таксама, каб тэксты літаратаркі чыталіся лягчэй, у другім выданьні папраўленыя абдрукі і відавочныя недакладнасьці правапісу аўтаркі.

Глядзіце таксама

Перавыданьне твораў першай незалежніцы зьяўляецца ня проста неабходным ушанаваньнем памяці, але і моцным апірышчам усім беларус-к-ам, якія апынуліся ў выгнаньні, бо прыклад Палуты Бадуновай сьведчыць аб тым, што зробленае беларус-к-амі ў 2020 годзе ня проста апраўдана, але зьяўляецца натуральным зьвяном ў шляху да сапраўднай незалежнасьці. 

Зрэшты, прыклад П. Бадуновай паказвае на вялікі, часта дасюль так і нявыкарыстаны і недаацэнены, патэнцыял жанчынаў у гэтым змаганьні, а таксама сымбалічна забясьпечвае пераемнасьць вычыну жанчынаў у белым, Сьвятланы Ціханоўскай і іншых беларусак, чые імёны пакуль нявядомыя шырокай публіцы.