Татальны недавер: як Лукашэнка ставіць пад сумнеў сваю легітымнасць
Урэшце гэта адбылося. Калі вельмі доўга хлусіць, то любое слова будзе ўспрымацца, як хлусня. І на гэтым тыдні нават звычайныя пратакольныя фразы са святочнай прамовы Аляксандра Лукашэнкі ўспрымаліся вельмі... Мякка скажам, неадназначна.
Фота з dzen.ru
Не ведаю, чым быў выкліканы прыступ красамоўства Лукашэнкі. Ні адзін тыдзень да гэтага ў аглядны час не быў гэтак багаты на яго словы, і пасля — абвяржэнні гэтых слоў. Ну, ці яго словы супярэчылі здароваму глузду.
Абвяргалі Лукашэнку ўсе. Нават Кіт Келаг, з якім Лукашэнка сустракаўся надоечы. Распавядаючы пра гэтую сустрэчу, Лукашэнка заявіў, што папрасіў Келага, каб Украіна спыніла ўдары па Расіі, і нібыта прецпрадстаўнік Дональда Трампа пагадзіўся «папрацаваць» над гэтым пытаннем.
«Гэтая цытата вырваная з кантэксту. Падчас маёй размовы з Лукашэнкам мы абмяркоўвалі поўнае і безумоўнае спыненне агню. Любыя абмежаванні ў дзеяннях Кіева меркаваліся толькі пры наяўнасці крокаў у адказ Масквы. Я ні ў які момант не выказваўся пра дзеянні Украіны ў вайне інакш як у кантэксце поўнага спынення агню», – напісаў Келаг у сацсетцы X, прыклаўшы да допісу артыкул з загалоўкам «Келаг паабяцаў Лукашэнку "папрацаваць" над тым, каб УСУ не білі па РФ».
Цікава, ці ведае Кіт Келаг, што Аляксандра Лукашэнку часам «нясе», і звяртаць на яго словы ўвагі няма сэнсу? Думаецца, ён да такога звык, бо ён працуе з Трампам, у якога таксама часам бывае тое ж, што і ў Лукашэнкі.
А Лукашэнку сапраўды несла. Выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды 3 ліпеня ён заявіў, што Павел Латушка ў паслявыбарчую ноч (з 9 да 10 жніўня 2020 года) хацеў сабраць у цэнтры Мінска штаб Ціханоўскай і спаліць яго, каб стаць лідарам апазіцыі.
Вось толькі на той момант Павел Латушка быў дырэктарам Купалаўскага тэатра, і наогул не лез у палітыку. 16 жніўня ён выказаўся пра гвалт сілавікоў на мітынгу на плошчы незалежнасці ў Мінску, а 17 жніўня быў звольнены, і разам з ім сышоў калектыў Купалаўскага. І гэта было яго датай сыходу ў апазіцыю — праз тыдзень «паслявыбарчай ночы».
«Тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба», — канстатаваў у адказ на эскападу Лукашэнкі Павел Латушка.
На тым жа сходзе Лукашэнка заявіў, што рашэнне перанесці ваенныя вучэнні «Захад-2025» углыб Беларусі і знізіць колькасць войскаў было прынята, каб знізіць напружанасць у рэгіёне.
«Вы ведаеце: у нас пад бокам праводзіцца серыя вучэнняў "Абаронца Еўропы – 2025" (Defender Europe — штогадовае вучэнне краін NATO пад кіраўніцтвам камандавання Сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы. У гэтым годзе яно праводзілася з 11 траўня да 24 чэрвеня. — Рэд.). Маштаб і блізкасць манеўраў пагрозлівыя — 25 тысяч вайскоўцаў NATO (гэта як яны заявілі) і блізу 3 тысяч адзінак узбраенняў і тэхнікі літаральна за 10-15 кіламетраў ад нашай мяжы. Гэта нават не адлегласць аднаго кідка, гэта ўжо фактычна на нашай зямлі. Мы бачым гэтых "абаронцаў" з наступальным сцэнаром ва ўсёй красе. І не збіраемся рэагаваць на агрэсіўную дэманстрацыю сілы. Робім усё, каб знізіць напружанасць у рэгіёне», — заявіў Лукашэнка.
Вось толькі ўкраінскі вопыт падказвае, што «25 тысяч вайскоўцаў і каля 3 тысяч адзінак узбраенняў і тэхнікі» — гэта зусім не наступальная групоўка. Расія, адкрываючы чарговы фронт ва Украіне, засяроджвае там да 100 тысяч салдат. А калі гэтая групоўка меншая, то Украіна каментуе гэта так, што «недастаткова сіл для нападу».
Таму Defender Europe — гэта сапраўды абарончыя вучэнні.
І акрамя таго, напэўна, непрыемна было чуць такія эскапады Лукашэнкі міністру абароны Беларусі Віктару Хрэніну. Як бы той не вызваляўся, не выпінаў баяздольнасць свайго войска і не хваліўся нібыта наяўным у Беларусі расійскім ядзерным арсеналам — Лукашэнка ўсё роўна не верыць у сваё войска (зрэшты, хто ў яго верыць?). Нават па даваенных падліках колькасць ВС РБ складала прыкладна 60 — 65 тысяч чалавек. Пры абарончай вайне беларускае войска павінна было б у пацяруху размалоць натаўскую групоўку, тым больш маючы над ёй значную перавагу ў жывой сіле прыкладна ў два з паловай разы. Але Лукашэнка не верыць у беларускае войска — нават з перавагай.
І правільна робіць. Таму што генералы, можа быць (і тое не факт) Лукашэнку лаяльныя. Прынамсі, пакуль іншае не скажа Пуцін. А вось шарагоўцы наўрад ці будуць абараняць ягоны рэжым ад NATO.
Таму міралюбнасць Лукашэнкі — вымушаная. І ён сам гэта разумее.
І нават зусім пратакольныя словы пра тое, што «мільёны беларусаў сустракаюць галоўнае дзяржаўнае свята, Дзень незалежнасці, без страху гледзячы ў роднае сіняе неба», сказаныя на ўрачыстым мітынгу 3 ліпеня, выглядаюць няпраўдай. Таму што ў гэтым небе ўжо які год лётаюць расійскія «Шахеды», якія збіліся з мэтаў ва Украіне, раз-пораз падаючы на галовы беларусам, якія глядзяць у сіняе неба.
Нават у тую ноч, калі Лукашэнка праводзіў сход, прысвечаны святам — 1 ліпеня, — украінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі каля дзясятка залётаў на беларускую тэрыторыю.
«Шахеды» былі заўважаныя на ўскраінах Гомеля, у Мазырскім і Ельскім раёнах. Па два дроны праляцелі над вуліцамі Калінкавічаў і Ельска, а над Рэчыцай адзін з БПЛА манеўраваў, змяняючы кірунак, на нізкай вышыні. Адзін з лятальных апаратаў мог зваліцца ў Петрыкаўскім раёне — ці ўпаў ён сапраўды, афіцыйныя асобы нам, вядома ж, не распавядаюць.
А былі выпадкі — праўда, у мінулым годзе, — калі «Шахеды» даляталі да Бабруйска, Жодзіна і нават да Віцебска.
Таму слухаючы не толькі Лукашэнку, а наогул прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, успамінаецца Майкрафт Холмс, які сказаў свайму брату Шэрлаку: «Шэрлак, хачу табе даць братэрскую параду. Паколькі ты будзеш мець справу не з крымінальным светам, а з палітыкамі — не вер нікому. Ні адзінаму слову!»
А калі не верыць ніводнаму слову палітычнага кіраўніцтва краіны, то які будзе эфект ад ягонага кіравання? Эфект будзе толькі адзін, пра які мы пісалі пяць гадоў таму, і працягваем пісаць ізноў — праблемы з унутранай легітымнасцю. Гэтыя праблемы за мінулыя пяць гадоў, аказваецца, нікуды не падзеліся, нягледзячы ні на Усебеларускія сходы, ні на змены Канстытуцыі, ні на мінулыя яшчэ раз выбары... Як яна, легітымнасць, скончылася ў 2020-м, так няма яе і дагэтуль.