Масіраваныя атакі па Украіне паказваюць, што Расія рыхтуецца да «вырашальнай бітвы», — DW

Расія апошнім часам значна ўзмацніла атакі дронаў на Украіну, і, на думку экспертаў, яны з'яўляюцца часткай расейскай кампаніі маштабнага наступу гэтым летам. Як піша DW, пры гэтым дзякуючы пашырэнню вытворчасці дронаў Расія цяпер у стане сама ажыццяўляць атакі такога ўзроўню, не разлічваючы на Іран. Ідзе 1236-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Наступствы атакі РФ на Самар 13 ліпеня.

Наступствы атакі РФ на Самар 13 ліпеня.

«У цяперашні час яны вырабляюць тысячы дронаў у месяц», — паведаміў DW эксперт па ваеннай тэхніцы Дэвід Гэмблінг. «Гэтая колькасць можа скласці дзясяткі тысяч, і гэтага дастаткова, каб затапіць большасць сістэм абароны, якія могуць збіваць ракеты».

Аднак палкоўнік Маркус Райснер з аўстрыйскіх Узброеных Сіл мяркуе, што Расія не змагла б праводзіць такія атакі без дапамогі іншых краін. Ён дадаў, што Кітай пастаўляе дэталі для дронаў, а Паўночная Карэя — балістычныя ракеты.

На думку Райснера, у Пуціна ёсць дзве стратэгічныя мэты ў яго апошніх камбінаваных атаках: знішчыць ваенна-прамысловы комплекс Украіны і паўплываць на ўкраінскую грамадскасць.

«Мэтанакіраваныя атакі на насельніцтва, якое павінна быць яшчэ больш аслаблена тэрорам, з'яўляюцца ўскоснай спробай аказаць ціск на ўкраінскі ўрад», — лічыць ён.

У сваю чаргу нямецкі палітолаг Андрэас Хайнеман-Грюдэр прагназуе, што Расія пачне новы наступ гэтым летам, і, на яго думку, павелічэнне колькасці камбінаваных нападаў з'яўляецца часткай гэтай кампаніі.

З ягоных слоў, мэта Расіі — вывесці са строю ўкраінскую супрацьпаветраную абарону настолькі, каб страты не маглі быць кампенсаваныя пастаўкамі з заходніх краін. Гэтыя атакі могуць таксама сігналізаваць аб тым, што Расія рыхтуецца да «вызначальнай бітвы», і што ён не можа выключыць магчымасць таго, што да канца года Расія прымусіць Украіну падпарадкавацца патрабаванням Крамля.

Пры гэтым усе апытаныя эксперты заяўляюць DW, што для аднаўлення кантролю на поле бою неабходныя больш рашучыя дзеянні з боку Захаду.

КНДР, верагодна, перадала РФ 12 млн снарадаў калібра 152 мм, — выведка Паўднёвай Карэі

Паўночная Карэя працягвае пастаўляць РФ артылерыйскія снарады, каб падтрымліваць яе вайну супраць Украіны. Агульная колькасць такой дапамогі перавышае 12 мільёнаў 152-міліметровых снарадаў. Пра гэта паведаміла вайсковая выведка Паўднёвай Карэі, піша Yonhap.

Па дакладзе агенцтва абароннай выведкі краіны, па стане на сёння КНДР, верагодна, паставіла каля 28 тысяч кантэйнераў са зброяй і артылерыйскімі снарадамі.

У Yonhap нагадалі, што з кастрычніка мінулага года Паўночная Карэя перадала Расеі звычайную зброю і блізу 13 тысяч вайскоўцаў для падтрымкі вайны РФ.

ISW: УСУ дасягнулі тактычнага поспеху каля Пакроўска

Украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Пакроўска Данецкай вобласці, у той жа час расейскім войскам не ўдалося дасягнуць пастаўленых мэтаў на большасці кірункаў, нягледзячы на актыўныя наступальныя дзеянні. Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Паводле геалакацыйных данных, сілы абароны прасунуліся на поўдзень ад Удалага. Зрэшты, РФ працягвае актыўныя атакі ў напрамку Пакроўска, Радзінскага, Уладзіміраўкі, Чырвонага Лімана, Разіна, Мірнага, Міралюбоўкі, а таксама ў напрамках Проміня, Лісоўкі і Сяргееўкі.

Між тым, са слоў сяржанта адной з украінскіх брыгад, расейскія войскі спрабуюць выкарыстоўваць лясістую мясцовасць, каб схаваць перамяшчэнне ад украінскіх дронаў, а таксама актыўна ўжываюць матацыклы і лёгкую тэхніку замест браняваных машын.

Нагадаем, Расея стварыла на Пакроўскім кірунку групоўку колькасцю блізу 111 тысяч вайскоўцаў.

Трамп разглядае магчымасць даць зялёнае святло новаму фінансаванню Украіны

Прэзідэнт Трамп упершыню з моманту ўступлення на пасаду ў студзені разглядае магчымасць выдзялення новага фінансавання Украіне, паведамілі CBS News некалькі дыпламатычных крыніц.

Крыніцы паказалі, што новае фінансаванне можа быць накіравана на тое, каб паслаць сігнал Расіі, якая ў апошнія дні здзейсніла напады на Украіну з выкарыстаннем беспілотнікаў і ракет. 

Раней на гэтым тыдні Трамп намякнуў, што плануе паставіць Украіне больш абарончай зброі. Усяго за некалькі дзён да гэтага яго адміністрацыя прыпыніла некаторыя пастаўкі зброі — крок, які адзін з чыноўнікаў Белага дома ахарактарызаваў як частку больш шырокага глабальнага агляду паставак зброі. 

Крыніца магчымага новага фінансавання Украіны незразумелая. Але амерыканскія чыноўнікі паведамілі CBS News, што ў Трампа ёсць 3,85 мільярда долараў, якія засталіся ад часоў Байдэна на скарачэнне войскаў, і якія можна было б выкарыстаць для адпраўкі амерыканскай ваеннай тэхнікі ва Украіну. Былыя чыноўнікі таксама паведамілі CBS News, што прэзідэнт мае паўнамоцтвы канфіскаваць каля 5 мільярдаў долараў расійскіх замежных актываў і накіраваць гэтыя сродкі ва Украіну, хоць ні ён, ні былы прэзідэнт Джо Байдэн гэтымі паўнамоцтвамі не скарысталіся.

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 13.07.25 арыенціровачна склалі:

  • асабістага складу — каля 1033930 (+1240) чалавек
  • танкаў — 11016 (+3) адз
  • баявых браніраваных машын — 22983 (+3) адз
  • артылерыйскіх сістэм — 30243 (+49) адз
  • РСЗА —1438 (+1) адз
  • сродкі СПА —1194 (+1) адз
  • самалётаў — 421 (+0) адз
  • верталётаў — 340 (+0)
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 45511 (+263)
  • крылатыя ракеты —3491 (+32)
  • караблі / катэры —28 (+0)
  • падводныя лодкі — 1 (+0)
  • аўтамабільная тэхніка і аўтацыстэрны — 54923 (+101)
  • спецыяльная тэхніка —3929 (+0).