Летувіскі гамафоб у гасьцях на Tuta’цы
Завяршыўся чарговы фэстываль «Tutaka». Зноў беларусы-скі змаглі ня проста ўзьяднацца і адчуць гонар за ўласную культуру па-за межамі радзімы, але і крыху адпачыць ад турботаў выгнаньня. Арганізатаркі-ы фэсту справіліся з сваёй няпростай задачай: ня толькі зладзілі сьвята, але пашырылі, узбагацілі яго якасна новымі імпрэзамі, напрыклад, упершыню сёлета правялі вялікую дыскусію аб правах ЛГБТК+ «Чаму важна гаварыць пра ЛГБТК+ ідэнтычнасць цяпер?»

Скрыншот відэа з дыскусіі
На фоне гамафобных законаў, якія спрабуюць прыняць у Беларусі, такая ініцыятыва зьяўляецца ня проста актуальнай — геройскай. І гэта прытым, што і ўнутры беларускай супольнасьці ў выгнаньні ці эміграцыі таксама хапае гамафобных настрояў.
Вядома, кожнае сьвята не абыходзіцца бяз блазанаў. Сёлета на Tuta’цы такім блазанам стаўся летувіскі эўрадэпутат Пятрас Гражуліс, гамафоб з стажам. Пэўным чынам, Летува даслала на фэст у Польшчу свой гамафобскі падарунак беларус-к-ам. Эўрадэпутат паспрабаваў сарваць дыскусію «Чаму важна гаварыць пра ЛГБТК+ ідэнтычнасць цяпер?» ці прынамсі сапсаваць настрой удзельнікам-цам імпрэзы. Вядома, гэта яму не ўдалося, а толькі падкрэсьліла актуальнасьць дыскусіі і станоўча адказала на пытаньне «Чаму важна гаварыць пра ЛГБТК+ ідэнтычнасьць цяпер?» Зразумела, пакуль існуе гамафобія, пра гэта варта гаварыць.
Дарэчы, летувіскі папуліст вядомы ня толькі гамафобнымі выкідамі ў сябе на радзіме і на новым месцы працы — Эўрапарлямэнце, але і цягай да мужчынскага цела. Так, падчас кавіду, калі парлямэнцкая праца часта вялася па зуме, у кадар патрапіў аголены малады чалавек, які прайшоў міма дэпутата, калі той з дому ўдзельнічаў у тэледыскусіі. Здаўна вядома, што часта гамафобія вынікае з непрыняцьця ўласнай гомасэксуальнасьці. Можа таму дэпутата так і цягне да квір-супольнасьці, аб якой ён падкрадня так марыць.

Пятрас Гражуліс
Летувіскі дэпутат-гамафоб думаў, што ён таямніча і амаль ананімна завітаў на фэстываль і яго не спазнаюць. І, дадушы, амаль ніхто не спазнаў шалёнага эўрадэпутата. Але віленскія беларусы спазналі сумнавядомага «героя», зьнятага да ўсяго на камэры, бо імпрэза трансьлявалася ў YouTube (1:18:23 і крыху далей). Пад канец дыскусіі ён загарланіў: «І тут підарасы! Хто вам плаціць грошы?» Аднак ягоны вокліч варта зьвярнуць да яго самога: хто плаціць яму грошы за тандэтныя правакацыі? І як Летува магла выбраць такога гарлапашніка ў эўрадэпутаты?
Крыніца: Tutaka [ youtube ]
Дыскусія сабрала шмат людзей. Праўда, беларускія СМІ збольшага праігнаравалі і не асьвятлілі падзеі, а таму летувіскі гамафоб трапіў хіба ў відэазапіс, арганізаваны фэстывалям. Зрэшты, частая адсутнасьць салідарнасьці беларускай журналістыкі з супольнасьцю і тэмай ЛГБТК+ адуваецца здаўна, доказам чаму сталася дадзеная імпрэза. Усё гэта аслабляе нас усіх і дазваляе розным гражулісам у публічных месцах абражаць тых, хто не абаронены законам.