Расія зноў выкарыстала паветраную прастору Беларусі для атакі на Украіну
Расія правяла чарговую маштабную атаку на Кіеў — дронамі і балістыкай. Пры гэтым частка дронаў прыляцела ва Украіну з Беларусі. Нагадаем, што паветраныя атакі на Украіну з Беларусі спыніліся прыкладна напачатку 2023 года — і вось яны аднавіліся ізноў, пацвярджаючы саўдзел рэжыму Лукашэнкі у вайне з Украінай на баку Расіі.
Ілюстрацыйны малюнак з msn.com
Ідуць1233-я суткі вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 201 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 61 атаку расіян у раёнах Папова Яру, Палтаўкі, Мірнаграду, Арэхавага, Мікалаеўкі, Лысоўкі, Котліна, Удалага, Дачнага, Новасергіеўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 30 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Новага свету, Рэдкадубу, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Торскага, Грэкаўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 29 атак паблізу Ялты, Мірнага, Зялёнага Поля, Шаўчэнка.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 14 боесутыкненняў. На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расіяне 13 разоў штурмавалі ў раёнах Валчанску, Каменкі, Чырвонага Першага і іншых.
* * *
Уначы 10 ліпеня расійскія войскі запусцілі па Украіне 18 ракет і каля 400 беспілотнікаў, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Гэтай ноччу Расія нанесла масіраваны камбінаваны ўдар, які доўжыўся амаль дзесяць гадзін. 18 ракет, сярод якіх і балістычныя, і каля 400 ударных дронаў, з якіх амаль 200 – "Шахеды". Галоўная мэта атакі — Кіеў і вобласць, таксама пад ударамі былі Чарнігаўская, Сумская, Палтаўская, Кіраваградская і Харкаўская вобласці», — напісаў Зяленскі ў Telegram.
У Падольскім раёне Кіева ў выніку атакі цалкам знішчана амбулаторыя цэнтра першаснай медыка-санітарнай дапамогі №1. У Кіеве ў выніку атакі загінулі 2 жанчыны, 16 чалавек паранена.
* * *
Расійцы ў ноч з 9 на 10 ліпеня выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі, — а дакладней, яе паветраную прастору, — для атакі Украіны. Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка.
Падчас атакі ён напісаў у Telegram, што паветраная трывога была абвешчаная не толькі на ўсходзе краіны, але і ў дзвюх абласцях на захадзе. Апошні факт сведчыць пра тое, што дроны, мяркуючы па ўсім, сапраўды праляцелі праз тэрыторыю Беларусі, каб, верагодна, абысці СПА. «Расійцы проста цяпер выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для пралёту "Шахедаў"», — адзначаецца ў паведамленні Каваленкі.
* * *

* * *
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп гатовы падпісаць законапраект аб жорсткіх санкцыях супраць Расіі, але кіраўнік Штатаў хоча атрымаць магчымасць самастойна вырашаць далейшы лёс гэтых абмежаванняў, піша Politico.
Са слоў высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі ЗША, «агулам ёсць адкрытасць» да законапраекта сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма. У Белым доме настойваюць, што дакумент павінен захоўваць выключныя паўнамоцтвы прэзідэнта ў пытаннях знешняй палітыкі.
Прадстаўнік адміністрацыі адзначыў Politico, што дзеючая версія законапраекта прадугледжвае, што знешнепалітычныя рашэнні прэзідэнта могуць быць падвергнуты мікракантролю з боку Кангрэса шляхам прыняцця сумеснай рэзалюцыі аб нязгодзе.
«Гэта для нас непрымальна. Адміністрацыя не дазволіць ажыццяўлення Кангрэсам мікракантролю над знешняй палітыкай прэзідэнта. Законапраект павінен утрымліваць поўную дыскрэцыю (рашэнне па ўласным меркаванні. — рэд.) адносна выключэнняў», — сказаў прадстаўнік Белага дома.
Выданне нагадала, што новая пазіцыя Трампа ў санкцыйным законапраекце абумоўленая яго ўсё большым расчараваннем палітыкай Уладзіміра Пуціна, які адхіліў намаганні прэзідэнта ЗША ў спыненні баявых дзеянняў ва Украіне.
«Прэзідэнт асабіста ўклаў сваю рэпутацыю ў перакананне, што здольны дамовіцца пра што заўгодна і дзе заўгодна, але Пуцін выставіў яго ў дрэнным выглядзе», — сказаў адзін з рэспубліканскіх палітычных дарадцаў, набліжаных да Белага дома.
«У той жа час заўвагі прэзідэнта, што любыя новыя санкцыі супраць Расіі павінны быць "на яго меркаванне", падкрэсліваюць галоўны прыярытэт адміністрацыі — захаваць максімальную гнуткасць і поўны кантроль над палітыкай ЗША ў дачыненні да Крамля», — адзначае Politico.
Разгляд у Сенаце папярэдне запланаваны на тыдзень, які пачынаецца 21 ліпеня.
* * *
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аднавіла пастаўкі асобных відаў узбраення ва Украіну, піша Associated Press (AP).
Двое амерыканскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці адзначылі, што Украіна цяпер зноў атрымлівае 155-мм боепрыпасы і высокадакладныя рэактыўныя снарады тыпу GMLRS.
Дакладная дата аднаўлення руху ўзбраення не ўдакладняецца. Афіцыйна гэтая інфармацыя не была пацверджаная.
Трое знаёмых з сітуацыяй асоб паведамілі AP, што прэзідэнт Дональд Трамп у прыватных размовах выказваў незадаволенасць тым, што ў Пентагоне публічна абвясцілі аб прыпыненні паставак без папярэдняга ўзгаднення з Белым домам.
* * *
Прадстаўнік Дональда Трампа, генерал Кіт Келаг, выступаючы на міжнароднай канферэнцыі ў Рыме, прысвечанай будучаму Украіны адзначыў, што спыненне агню магчыма ўжо цяпер. Пра гэта ў сераду, 9 ліпеня, ён напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х.
«Неабходна неадкладна спыніць гібель мірных людзей», — напісаў ён. Па перакананні дыпламата, спыненне агню сапраўды можа прывесці да завяршэння гэтай вайны.
Келог высока ацаніў дзеянні прэзідэнта Украіны і яго каманды «за тое, як разумна яны сябе паводзілі». «Украінцы пагадзіліся на спыненне агню, але гэта была аднабаковая згода», — канстатаваў ён.
* * *
Францыя сумесна з саюзнікамі ўпершыню за 15 гадоў аднавіла вытворчасць крылатых ракет SCALP/Storm Shadow, якія добра зарэкамендавалі сябе з пачаткам ўварвання РФ ва Украіну, напісаў у Twitter міністр абароны Францыі Себасцьян Лекорню.
«Вытворчасць ракет SCALP для аснашчэння нашых узброеных сіл адновіцца ў 2025 годзе, праз 15 гадоў пасля нашага апошняга заказу», — паведаміў міністр абароны Францыі.
Паводле яго слоў, пастаўленыя ва Украіну франка-брытанскія ракеты SCALP/Storm Shadow прадэманстравалі сваю эфектыўнасць у сучасных баявых дзеяннях высокай інтэнсіўнасці.
* * *
Армія ЗША істотна павялічвае аб'ёмы закупак ракет Patriot, якія выкарыстоўваюцца для перахопу дронаў, крылатых і балістычных ракет. Згодна з бюджэтнай заяўкай на 2026 фінансавы год, пададзенай у Кангрэс, армія просіць больш за 1,3 млрд долараў на набыццё ракет і закладвае агульную мэту ў 13 773 ракеты — у чатыры разы больш, чым планавалася раней.