Дональд Трамп адпраўляе зброю ва Украіну і рыхтуе заяву па Расіі
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вельмі незадаволены Расіяй за яе адмову спынення агню ва Украіне і рыхтуе нейкую заяву, якую мы хутка пачуем. Тым часам ўпершыню за яго кадэнцыю ЗША рыхтуюць пастаўку зброі Украіне — папярэднія пастаўкі былі ўхваленыя яшчэ адміністрацыяй Байдэна. Ідзе 1234-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За ўчора ва Украіне зафіксавана 214 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 ліпеня.
Большасць боесутыкненняў — 59 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян, — па-ранейшаму зафіксаваныя на Пакроўскім кірунку — у раёнах Папова Яру, Мірнага, Разіна, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Шаўчэнка, Зверава, Удалага, Новасергіеўкі, Арэхавага, Аляксееўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 32 разы, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Новага свету, Карпаўкі, Рэдкадубу, Зялёнай Даліны, Студні, Торскага.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 30 атак расіян паблізу Запарожжа, Талстога, Паддубнага, Мірнага, Шаўчэнка, Свабоднага Поля і Зялёнага Поля.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 21 боесутыкненне.
На Северскім кірунку адбылося 12 расійскіх атак паблізу Грыгараўкі, Івана-Дар'еўкі, Верхнекаменскага і ў бок Выемкі.
На Прыдняпроўскім кірунку армія РФ правяла 11 спробаў наступу на пазіцыі УСУ.
На Паўднёва- Слабажанскім (Харкаўскім) і Тарэцкім кірунках УСУ адбілі па восем атак расійцаў на кожным.
* * *
Расія працягвае несці велізарныя страты на фронце, спрабуючы атрымаць мінімальныя тэрытарыяльныя перавагі ва Украіне. Пры цяперашніх тэмпах прасоўвання, каб цалкам акупаваць краіну, расійцам спатрэбіцца амаль 90 гадоў, падлічыў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі адзначылі, што пры гэтым Расія панясе каласальныя страты на фронце дзеля мінімальных тэрытарыяльных дасягненняў. «Расіі спатрэбіцца каля 89 гадоў, каб захапіць усю Украіну пры яе цяперашніх адносна паскораных тэмпах прасоўвання, якія вагаліся на працягу вайны і наўрад ці будуць заставацца сталымі», — цытуюць эксперты артыкул The Economist.
У той жа час паведамляецца, што пры цяперашнім тэмпе прасоўвання расійскім войскам спатрэбіцца час да лютага 2028 года, каб захапіць тэрыторыі Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей, якія Расія ўнесла ў сваю канстытуцыю.
«Тэмпы прасоўвання Расіі — 15,8 квадратнага кіламетра ў дзень — з'яўляюцца надзвычай высокімі ў параўнанні з тэмпамі прасоўвання ўзімку 2024 — 2025 гадоў і вясной 2025 года, і наўрад ці будуць заставацца сталымі», — адзначылі спецыялісты.
За гэта прасоўванне Расія плаціць велізарны кошт: за два месяцы, з 1 траўня гэтага года, РФ магла страціць блізу 31 тысячы забітымі і параненымі, а з ліпеня 2024 года расійскія войскі атрымлівалі толькі блізу 38 квадратных метра тэрыторыі на кожнага забітага жаўнера.
«Расійскія войскі, верагодна, будуць працягваць знішчаць асабісты склад у бягучых летніх наступальных аперацыях, накіраваных на захоп астатніх тэрыторый Луганскай і Данецкай абласцей і прасоўванне ў Днепрапятроўскую і Сумскую вобласці», — лічаць ў ISW.
* * *
У ноч на 11 ліпеня падчас паветранай трывогі ў Мікалаеве прагрымелі выбухі, узнік пажар.
Раніцай 11 ліпеня расійцы нанеслі ўдар па Харкаве, у Салтаўскім раёне ўзнік пажар, пацярпелі 9 чалавек. Таксама быў нанесены ўдар па Чугуеву Харкаўскай вобласці, значныя пашкоджанні атрымала бальніца, пацярпелі тры чалавекі.
На досвітку ў пятніцу, 11 ліпеня, тэрыторыю Сумскай абшчыны атакавалі расійскія беспілотнікі, што суправаджалася выбухамі і пашкоджаннямі. У выніку ранішняй масіраванай атакі расійскіх БПЛА абышлося без ахвяр і пацярпелых, пашкоджанні атрымалі нежылыя памяшканні.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра новы план падтрымкі Украіны. Ён прадугледжвае перадачу амерыканскай зброі, але не бясплатна, як пры папярэдняй адміністрацыі Джо Байдэна. ЗША будуць прадаваць зброю хаўруснікам у NATO, якія затым будуць перадаваць яе Украіне, піша NBC News.
«Мы адпраўляем зброю NATO, і NATO пакрые поўны кошт. Такім чынам, зброя, якая адпраўляецца намі, паступае ў NATO, а затым NATO пастаўляе гэтую зброю Украіне, і NATO плаціць за гэтую зброю», — падкрэсліў ён. Па словах Трампа, такое рашэнне было прынята на саміце Альянсу, што прайшоў у чэрвені.
Са слоў крыніц, каманда Трампа вызначыць зброю са складоў ЗША для экстранай перадачы Кіеву. Гаворка ідзе пра пакет арыентыровачным коштам каля 300 мільёнаў долараў. Гэтае рашэнне яшчэ павінны канчаткова ўзгадніць падчас унутраных нарадаў. У пакеце могуць аказацца як абарончыя ракеты Patriot, так і наступальныя ракеты сярэдняй далёкасці, аднак канчатковы пералік ўзбраення пакуль не зацверджаны.
Трамп у аўторак публічна заявіў, што ЗША плануюць даслаць Украіне больш зброі для ўзмацнення абароны. Да гэтага адміністрацыя Трампа пасылала толькі тую зброю, якую раней узгадніў папярэдні прэзідэнт Джо Байдэн, вядомы сваёй паслядоўнай падтрымкай Кіева.
* * *
Таксама Дональд Трамп заявіў, што ў панядзелак, 11 чэрвеня, зробіць важную заяву адносна вайны, якую развязала Расія супраць Украіны. «Я расчараваны ў Расіі, але паглядзім, што адбудзецца ў бліжэйшыя пару тыдняў. Думаю, у панядзелак я зраблю важную заяву аб Расіі», — паведаміў ён. Пры гэтым ён не намякнуў, пра што хоча сказаць.
* * *
Расія можа застацца без доступу да сваіх актываў за мяжой, пакуль не выканае важную ўмову аб кампенсацыі Украіне, заявіў канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц падчас выступу на канферэнцыі аб пасляваенным узнаўленні Украіны ў Рыме.
Па словах Мерца, матэрыяльная шкода, нанесеная Украіне ў выніку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі, ацэньваецца прыкладна ў 500 мільярдаў еўра. Менавіта такую суму павінна заплаціць Масква ў якасці рэпарацый.
«Мы ацэньваем матэрыяльную шкоду прыкладна ў 500 мільярдаў еўра. Расія павінна пакрыць гэтую шкоду. Пакуль гэтага не адбудзецца, Расія не атрымае і не павінна атрымаць доступ да замарожаных расійскіх актываў», — падкрэсліў Мерц.
Цяпер у ЕС і іншых краінах Захаду замарожаныя актывы расійскага Цэнтрабанка на суму больш за 300 мільярдаў еўра. Ключавым пытаннем застаецца механізм іх выкарыстання для аднаўлення Украіны. Еўрапейскія лідары неаднаразова абмяркоўвалі магчымасць накіравання працэнтаў або даходаў ад кіравання гэтымі актывамі на падтрымку Украіны, аднак поўная канфіскацыя актываў да гэтага часу выклікае юрыдычныя спрэчкі.
У той жа час, са слоў Мерца, пазіцыя Германіі выразная: Расія павінна несці адказнасць за разбурэнні і страты, выкліканыя агрэсіяй супраць Украіны, і без выплаты рэпарацый доступ да актываў для Крамля павінен заставацца закрытым.
* * *
Еўрапейская камісія на гэтым тыдні прапануе плаваючую лімітавую цану на расійскую нафту ў рамках новага пакета санкцый, каб пераадолець супраціў некаторых краін-чальцоў ЕС, піша Reuters.
Чатыры крыніцы ў ЕС паведамілі агенцтву, што Еўракамісія распрацоўвае механізм, які будзе карэктаваць абмежаванні коштаў расійскай нафты ў залежнасці ад змен сусветнага кошту. Такі механізм павінен пераадолець супраціў некаторых краін ЕС, якія блакуюць 18-ты пакет санкцый супраць Расіі.
Адзначаецца, што гэты механізм усё яшчэ разглядаецца, і прадугледжвае больш аўтаматызаваны працэс перагляду лімітавай цаны для яе карэкціроўкі да сусветных цэн на сырую нафту. Са слоў адной з крыніц, пакуль незразумела, якім будзе ліміт, але пачатковым пунктам будзе крыху больш за 45 долараў за барэль.