СМІ: Трамп канчаткова расчараваны Пуціным і дасць Украіне шмат рознай зброі?
Сёння прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен зрабіць нейкую сенсацыйную заяву па вайне ва Украіне. Усе чакаюць, што ён ўрэшце працверазее, і пачне падтрымку Украіны. Версіі пра гэта ходзяць самыя розныя, аднак кіраўнік Штатаў адназначна паабяцаў узмацніць паветраную абарону Украіны. Ідзе 1237-мы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Фота з msn.com
За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 212 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 ліпеня.
Траціна штурмаў прыйшлася на Пакроўскі кірунак —там абаронцы Украіны спынілі 74 наступальных дзеянні расіян у раёнах Палтаўкі, Міралюбаўкі, Мікалаеўкі, Разіна, Радзінскага, Шаўчэнка, Удалага, Новасергіеўкі, Катляроўкі, Аляксееўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 28 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Капанкі, Рэдкадубу, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Торскага.
На Новапаўлаўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 27 спробаў расіян прарвацца ў раёнах Запарожжа, Новахатскага, Шаўчэнка, Зялёнага Поля, Раўнаполю і Свабоднага Поля.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 15 атак расійцаў. На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Тарэцка, Аляксандра-Калінавага, Яблонаўкі, Русінага Яра і ў бок Сцяпанаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку адбылося восем боесутыкненняў ў раёнах Крэйдавага, Строеўкі, Ваўчанску і іншых. Па сем атак расіян на кожным было спынена на Купянскім і Прыдняпроўскім кірунках. Па пяць штурмаў на кожным было зафіксавана на Северскім і Краматорскім кірунках.
* * *
Расійскія войскі цягам апошняга тыдня павялічылі колькасць штурмавых дзеянняў на Прыдняпроўскім кірунку, у тым ліку ў раёне Херсона. Значна ўзрасла колькасць удараў беспілотнікамі і абстрэлаў правага берага Дняпра, расіяне спрабуюць замацавацца на выспах у дэльце Дняпра, паведаміў у эфіры тэлемарафона спікер Сіл абароны поўдня Украіны Уладзіслаў Валошын.
Валошын сказаў, што мэта штурмаў — захапіць пэўныя плацдармы і трымаць іх пад кантролем. Расійцы спачатку закідваюць на выспы на Дняпры прадукты, боепрыпасы і ўзбраенне, а ўжо потым шлюць туды штурмавікоў, якім трэба высадзіцца і замацавацца.
* * *
У ноч на 14 ліпеня РФ атакавала Украіну 4-ма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300/400 і 136-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіты 61 БПЛА, 47 дронаў былі лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
Два чалавекі загінулі і яшчэ чатыры атрымалі раненні ў выніку расійскай атакі ў Сумскай вобласці. У Шосткінскай абшчыне ў выніку ўдараў БПЛА і кіраваных авіябомбаў загінулі двое мужчын-50 і 55 гадоў. Яны знаходзіліся на вуліцы падчас атакі. Акрамя таго, 4 жыхары аднаго са шматкватэрных дамоў атрымалі раненні. Сярод іх 7-гадовае дзіця.
Тры чалавекі, сярод якіх двое дзяцей, атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў беспілотнікамі па Днепрапятроўскай вобласці ноччу 14 ліпеня.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў журналістам на авіябазе Эндрус, што «вельмі расчараваны» Уладзімірам Пуціным. «Я думаў, што ён чалавек слова, а ён усіх бамбіць», — адзначыў ён.
На пытанне, ці плануе ён аб'яўляць санкцыі супраць Расіі, Трамп адказаў: «Паглядзім, што будзе заўтра (сваю заяву Трамп зрабіў у нядзелю. — Рэд.)».
У той жа час Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты адправяць Украіне ракеты да ЗРК Patriot, а таксама іншую тэхніку.
«Мы адправім ім Patriot, у якіх яны адчайна маюць патрэбу, таму што Пуцін сапраўды здзівіў многіх. Ён кажа, прыгожа, а потым увечары ўсіх бамбіць. Але тут ёсць невялікая праблема. Мне гэта не падабаецца», — сказаў Трамп журналістам.
«Па сутнасці, мы збіраемся пастаўляць ім розныя ўзоры вельмі складанай ваеннай тэхнікі. Яны будуць плаціць нам за гэта 100%, і менавіта гэтага мы і хочам», — дадаў Трамп, размаўляючы з журналістамі.
Як паведамлялася раней, ЗША намінальна будуць прадаваць сваю зброю краінам NATO, а ўжо NATO будзе перадаваць гэтае ўзбраенне ва Украіну. Такім чынам, амерыканская зброя для Украіны будзе аплачаная, у асноўным, Еўропай.
* * *
У ходзе тэлефоннай размовы 3 ліпеня кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін заявіў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, што ў бліжэйшыя 60 дзён плануе чарговую эскалацыю на ўсходзе Украіны, каб выйсці на адміністрацыйныя межы абласцей, якія Пуцін лічыць сваімі, паведамляе выданне Axios. Са слоў крыніцы, дасведчанай пра ход тэлефоннай размовы, Пуцін выразна даў зразумець, што плануе далейшую эскалацыю ў вайне з Украінай.
Таму, адзначае Axios, Дональд Трамп быў «вельмі раз'юшаны» планамі Пуціна, які заявіў пра наступ замест спынення агню. І, сёння, у панядзелак, Трамп, паводле звестак выдання, абвесціць новы план узбраення Украіны, які, як чакаецца, будзе ўключаць у сябе наступальную зброю.
Адпраўка наступальнай зброі стане істотным зрухам для Трампа, які нядаўна спрабаваў заявіць, што будзе прадастаўляць толькі абаронную зброю, каб пазбегнуць эскалацыі канфлікту.
Дзве крыніцы паведамілі, што ў іх ёсць падставы меркаваць, што верагодна гаворка ідзе пра ракеты вялікай далёкасці, якія могуць дасягаць мэтаў глыбока ўнутры расійскай тэрыторыі, уключаючы Маскву. Аднак суразмоўцы не ведаюць пра канчатковае рашэнне Трампа.
* * *
Выступ прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, верагодна, прывядзе да таго, што Украіна атрымае рэкордную колькасць амерыканскай зброі. Такое меркаванне ў праграме Face the Nation на CBS News выказаў уплывовы сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм.
Вядучая Face the Nation Маргарэт Брэнан спытала ў сенатара, як ЗША могуць істотна дапамагчы Украіне, калі Кангрэс не ўхваліць новае фінансаванне. А паводле ацэнак вайсковай выведкі, да гэтай зімы Расія «атрымае сяміразовую перавагу ў агнявой моцы» над Украінай.
«Што ж, чакайце заўтрашняй аб'явы», — заінтрыгаваў адказам Грэм.
Ён намякнуў, што грошы на дапамогу Украіне могуць паступіць дзякуючы «здзелцы аб карысных выкапнях на трыльёны долараў», а таксама з арыштаваных на Захадзе шматмільярдных расійскіх актываў. Паводле яго слоў, калі еўрапейцы гатовыя перадаваць толькі працэнты з замарожаных сродкаў, то міністр фінансаў ЗША Скот Бесент мае намер ісці далей.
Сенатар адзначыў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін спадзяваўся на стомленасць Еўропы і ЗША ад вайны, але тым самым здзейсніў вялікую памылку. З ягоных слоў, NATO больш і мацнейшае за Расію, таму не дапусціць захопу Украіны.
«Кангрэс знаходзіцца на мяжы прыняцця самага значнага пакета санкцый у гісторыі краіны. Гэта дасць прэзідэнту Трампу інструменты, якіх у яго сёння няма, — сапраўдную кавалду. Галоўныя парушальнікі тут Кітай, Індыя і Бразілія... Я размаўляў з прэзідэнтам Трампам. На мінулым тыдні ён сказаў, што час дзейнічаць», — сказаў сенатар.
Гаворка ідзе пра закон, які ўводзіць другасныя санкцыі супраць расійскай нафты. Таварны экспарт краін, якія будуць купляць яе, у тэорыі будзе трапляць пад 500% пошліны ў ЗША — пры тым, што ЗША з'яўляюцца галоўным гандлёвым партнёрам Кітая і Індыі.
«Трамп спрабаваў угаварыць Пуціна сесці за стол перамоваў. Але мая мэта — пакласці канец вайне, а адзіны спосаб зрабіць гэта — прымусіць тых, хто падтрымлівае Пуціна, выбраць паміж амерыканскай эканомікай і дапамогай Пуціну», — растлумачыў Грэм.
«Пуцін тут пралічыўся. Цягам шасці месяцаў прэзідэнт Трамп спрабаваў угаварыць яго сесці за стол перамоваў. Атакі ўзмацніліся, а не зменшыліся. Адзін з самых вялікіх пралікаў Пуціна — гэта гульня з Трампам. У бліжэйшыя дні і тыдні будуць зроблены яшчэ большыя намаганні, каб пасадзіць Пуціна за стол перамоваў», — дадаў Ліндсі Грэм.
* * *
Расійскія вайскоўцы пачалі ўзводзіць ахоўныя будынкі на некаторых сваіх авіябазах пасля аперацыі СБУ «Павуціна», якая прайшла 1 чэрвеня, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Спадарожнікавыя здымкі, атрыманыя ўкраінскай арганізацыяй Frontelligence Insight ад 7 ліпеня дэманструюць, што на авіябазе «Халіна» у Курскай вобласці расійскія вайскоўцы пабудавалі каля 10 умацаваных бункераў, пакрытых пластом грунту, 12 бетонных збудаванняў бункернага тыпу без грунтавога пакрыцця, а таксама восем ангарападобных будынкаў.
Акрамя таго спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што на авіябазе Сакі ў акупаваным Крыме расійскія вайскоўцы ўзвялі бетонныя збудаванні бункернага тыпу для самалётаў.
Таксама нядаўнія спадарожнікавыя выявы прадэманстравалі абломкі самалётаў, якія да гэтага часу застаюцца на авіябазе «Белая» ў Іркуцкай вобласці і на авіябазе «Аленья» ў Мурманскай вобласці — на двух аб'ектах, якія былі ўражаныя ўкраінскімі дронамі падчас аперацыі «Павуціна».
«Не выключана, што Расія пачала будаваць ахоўныя збудаванні на сваіх авіябазах толькі пасля трох гадоў вайны ў адказ на ўкраінскую аперацыю «Павуціна», — канстатуюць у ISW.