Дапамагаць будзе прасцей: NATO уключыць дапамогу Украіне ў свае выдаткі на абарону
Санкцыі ЗША адносна Расіі гатовыя, і могуць быць ужытыя ў любы момант. Калі гэта адбудзецца — невядома, бо непрадказальнасці Дональда Трампа асцерагаюцца нават у NATO. Тым часам, чальцам Альянсу дапамагаць Украіне будзе прасцей. Ідзе 1197-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 178 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 чэрвеня.
Самым напружаным па-ранейшаму застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 55 атак расіян ў раёнах Новай Палтаўкі, Пакроўска, Катляроўкі, Новаўкраінкі, Андрэеўкі, Новааленаўкі, Зверава, Малінаўкі, Елізаветаўкі, Мірнага, Лісоўкі, Удалага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку УСУ адбілі 32 расійскіх штурмы ў раёнах Фёдараўкі, Канстанцінопаля, Вольнага Поля, Запарожжа і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 19 разоў, спрабуючы прасунуцца паблізу Калодзежаў, Зялёнай даліны, Торскага і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 16 атак у раёнах Крымскага, Русінага Яра, Дружбы, Тарэцка і ў бок Яблонаўкі.
У Курскай вобласці Расіі адбылося 26 боесутыкненняў. Расіяне здзейснілі 17 авіяцыйных удараў па сваёй тэрыторыі, скінуўшы 23 кіраваныя авіяцыйныя бомбы.
* * *
У ноч на 4 чэрвеня аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійцы акупавалі Андрэеўку і Вадалагі Сумскай вобласці. Акрамя таго, паводле звестак аналітыкаў, расійцы прасунуліся каля Яблонаўкі ў Сумскай вобласці і каля Дыліеўкі ў Данецкай вобласці.
* * *
У ноч на 4 чэрвеня расіяне атакавалі Украіну 95-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. СПА абясшкодзілі 61 варожы БПЛА. 36 збіта агнявымі сродкамі паразы, 25 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
Расійцы масіравана атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Адэсу. Сілы СПА знішчылі большасць мэтаў, аднак у горадзе ёсць пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры, у прыватнасці жылых дамоў і СТА. Адзін чалавек атрымаў раненне.
У ноч на 4 чэрвеня камбінаванай атацы падвергнуўся Харкаў. Расійцы нанеслі ракетны ўдар па грамадзянскім прадпрыемстве, дронамі ўдарылі па прыватным сектары горада. Адзін чалавек паранены.
* * *

* * *
Расійская ўлада не зацікаўленая ў добрасумленных мірных перамовах і хуткім завяршэнні вайны, і працягвае курс на ліквідацыю суверэнітэту Украіны, у чарговы раз піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Прадстаўнікі Крамля публічна прызналі, што Расія імкнецца да «поўнага знішчэння» Украіны. Эксперты спаслаліся на публікацыю на рускай і англійскай мовах у Telegram-каналах намесніка старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева ад 3 чэрвеня. У іх чыноўнік заявіў, што Расіі патрэбныя перамовы ў Стамбуле для дасягнення «хуткай перамогі (ва Украіне) і поўнага знішчэння» ўкраінскага ўрада, а не для «кампраміснага міру на нечых вар'яцкіх умовах».
Мядзведзеў адзначыў, што расійскі мемарандум у Стамбуле ад 2 чэрвеня адпавядае гэтым задачам і прыгразіў, што Расія «падарве ўсё» і «ліквідуе» любога, хто выступае супраць яе, адрэагаваўшы такім чынам на ўдары СБУ беспілотнікамі вялікай далёкасці па краіне 1 чэрвеня.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў 3 чэрвеня заявіў, што мемарандум Расіі накіраваны на «ліквідацыю першапрычын» вайны ва Украіне і што не варта чакаць «неадкладных рашэнняў» са Стамбула.
Таксама ў ISW адзначылі, што раней расійскія дзяржаўныя СМІ папярэдзілі насельніцтва не чакаць істотных вынікаў ад украінска-расійскіх перамоў. Пры гэтым афіцыйныя асобы РФ працягваюць ілжыва дэманстраваць зацікаўленасць у перамовах перад прадстаўнікамі ЗША і краін Захаду.
У справаздачы гаворыцца, што «стамбульскі мемарандум» Расіі адлюстроўвае даўнія публічныя патрабаванні Крамля адносна істотных тэрытарыяльных і палітычных саступак Украіны, аднак пры гэтым Масква не прапануе ніякіх саступак са свайго боку.
«Расія, як і раней, працягвае дамагацца выканання патрабаванняў, якія фактычна зводзяцца да поўнай капітуляцыі Украіны, і будзе працягваць рух у гэтым кірунку да таго часу, пакуль Пуцін верыць, што можа дасягнуць вайсковай перамогі», — падсумавалі ў ISW.
* * *
Санкцыі Злучаных Штатаў супраць Расіі падрыхтаваныя, Кангрэс і Белы дом гатовыя да іх зацвярджэння, заявіў спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг у эфіры Fox News.
«На мінулых выходных я размаўляў з сенатарам Ліндсі Грэмам. Наколькі я разумею, санкцыі гатовыя. Праект называецца "Закон аб санкцыях супраць Расіі 2025 года" (Russian Sanctions Act 2025). І я думаю, што Грэм ужо падрыхтаваў іх і гатовы ўжыць», — сказаў Келаг.
Ён назваў гэтыя санкцыі «дастаткова цяжкімі». «Напрыклад, мытная стаўка 500% на імпарт у ЗША. У Кангрэсе і ў Белым доме адзінага меркавання па гэтым пытанні. Расія — нафтавая дзяржава. Большую частку даходаў яна атрымлівае з нафтахімічнай прамысловасці. Менавіта на гэтую галіну гэтыя санкцыі і накіраваныя», — дадаў спецпрадстаўнік Трампа.
* * *
У NATO будуць улічваць сродкі, выдаткаваныя на ўмацаванне УСУ, «звязанымі з абаронай». Гэтае рашэнне знаходзіцца ў рамках прапановы Альянсу павысіць свае выдаткі на абарону да 5% ад ВУП, піша Euractiv.
Цяпер новыя закупкі вайсковай тэхнікі для Украіны, а таксама інвестыцыі ва ўкраінскую вайсковую прамысловасць будуць улічвацца краінамі NATO як «абаронныя выдаткі» ў адпаведнасці з новымі мэтавымі паказчыкамі.
Цяперашняя прапанова NATO заклікае кожнага чальца Альянсу штогод выдаткоўваць не менш за 5% ВУП краіны на абарону: з іх 3,5% будуць накіраваныя на асноўныя абаронныя сферы (вайсковая тэхніка і грашовае забеспячэнне жаўнераў), астатнія 1,5% — на кібербяспеку, інфраструктуру або мэты павышэння ўстойлівасці.
Калі краіна NATO купляе новую зброю для Украіны або ўкладвае грошы ва ўкраінскі ВПК — гэта пойдзе ў выдаткі 1,5%. Калі краіна ў сябе замяняе зброю, якую раней аддала Украіне — гэтыя выдаткі ідуць у асноўны блок 3,5%. Калі УКраіне перададзеная старая зброя са склада ці гуманітарная дапамога — гэта не ўлічваецца ў выдаткі.
Дзве крыніцы сцвярджаюць, што рашэнне ўлічваць фінансавую дапамогу ўкраінскім вайскоўцам як выдаткі NATO на абарону мае сэнс, улічваючы, што ўзбраенне Украіны аказвае наўпроставы і станоўчы ўплыў на бяспеку Альянсу.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп возьме ўдзел у саміце NATO, які адбудзецца 24-25 чэрвеня ў Гаазе, паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт падчас брыфінгу.
«Я магу пацвердзіць, што ён паедзе на саміт NATO», — заявіла журналістам Левіт.
Паводле яе слоў, прэзідэнт ЗША будзе імкнуцца з'яднаць членаў альянсу для павелічэння выдаткаў на абарону да 5% ВУП. З іх 3,5% пойдзе на асноўную абарону, яшчэ 1,5% — на абаронныя выдаткі ў іншых сферах (інфраструктура, кіберабарона, грамадзянская гатоўнасць).
На саміт таксама атрымаў запрашэнне ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Паводле звестак Radio Free Europe, саміт NATO у гэтым годзе замест трох дзён працягнецца два дні. Гэта звязана з тым, што ў Альянсе асцерагаюцца новага скандалу з Трампам. У прыватнасці, выданне ўспамінае саміт NATO 2018 года ў Брусэлі, калі быў першы прэзідэнцкі тэрмін Трампа. Тады кіраўнік ЗША пасварыўся з былым генсекам Альянса Енсам Столтэнбергам і прыгразіў цалкам вывесці ЗША з арганізацыі.