Украіна пазбавіла Расію траціны стратэгічнай авіяцыі за адзін дзень

Украіна «забіла» траціну стратэгічнай авіяцыі РФ. Пашкоджаныя самалёты, якія, па-першае, былі часткай расійскага «ядзернага шчыта», а па-другое, больш не ствараюцца ў РФ. Украіна прадэманстравала сваю моц і магчымасці напярэдадні перамоваў у Стамбуле. Ідзе 1195-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

501789761_1055035040142907_3671388508998597844_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 146 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 атак расіян ў раёнах Папоў Яру, Малінаўкі, Удалага, Андрэеўка і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 20 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Надзеі, Рэдкадубу.

На Новапаўлаўскім кірунку сілы абароны адбілі 14 штурмаў у раёнах Навасёлкі, Зялёнага Поля, Новаполя, Вольнага Поля, Багатіра, Канстанцінопаля і Атраднага.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Тарэцку і Дыліеўкі. На Купянскім кірунку зафіксавана 10 атак арміі РФ. У Курскай вобласці Расіі адбылося 19 боесутыкненняў.

* * *

Паводле звестак аналітычнага праекта DeepState, у траўні 2025 года сярэдняя колькасць штодзённых наступальных дзеянняў расійскіх войскаў вырасла на 19% у параўнанні з красавіком.

Сярэдняя колькасць атак у суткі вырасла з 154,8 у красавіку да 183,6 у траўні. Найбольш інтэнсіўным днём стаў 4 траўня, калі расіяне здзейснілі 269 штурмавых дзеянняў.

* * *

У расійскай арміі недастаткова сіл для таго, каб рухацца ўсюды і адразу, таму Масква абрала два ўчасткі для наступу, піша РБК-Украіна са спасылкай на крыніцы ў Сілах абароны Украіны.

На думку вайскоўцаў, прыярытэты летня-восеньскай кампаніі РФ на фронце будуць сканцэнтраваны на:

  • прасоўванні ў Данецкай вобласці, дзе галоўныя баі будуць ісці ў раёнах Пакроўска, Тарэцка, Часавага Яру і Канстанцінаўкі.
  • прасоўванні ва ўкраінскім памежжы, у прыватнасці ў Сумскай і Харкаўскай абласцях.

У выпадку поспехаў на прыярытэтных напрамках армія РФ можа разгарнуць наступу і ў Запарожскай, і ў Херсонскіх абласцях. У Расіі не хапае сіл, каб рухацца ўсюды і адразу. Таму расійцам давядзецца абіраць, куды накіроўваць асноўныя ўдары.

Ва УСУ сумняваюцца ў шанцах расійцаў выйсці на адміністрацыйныя межы нават адной Данецкай вобласці да канца лета. Яны таксама досыць скептычныя адносна магчымасці РФ акупаваць увесь гэты рэгіён да канца года, — нягледзячы на тое, што ва ўкраінскай арміі таксама дастаткова праблем, і пад такім ціскам праціўніка яна таксама высільваецца.

* * *

У ноч на 2 чэрвеня армія РФ атакавала Украіну 84-ю сродкамі паветранага нападу. Гэта 80 ўдарных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікі іншых тыпаў, 3 балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23, 1 крылатая ракета Іскандэр.

СПА Украіны абясшкодзілі 52 сродкі паветранага нападу: 15 БПЛА збіта агнявымі сродкамі паразы, 37 — лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.

Расійскія войскі ў ноч на 2 чэрвеня спачатку выкарыстоўвалі ўдарныя беспілотнікі для атакі на Харкаў, а пад раніцу запусцілі па горадзе балістычныя ракеты. Пра гэта распавёў Харкаўскі гарадскі галава Ігар Церахаў.

Паводле яго слоў, раніцай дзве балістычныя ракеты трапілі ў жылы раён Харкава. Адна ракета трапіла ў зямлю, а другая — у дарогу ў некалькіх дзясятках метраў ад школы.

«Калі стаіш ля гэтай варонкі — усведамляеш, наколькі ўсё магло быць інакш. Яшчэ некалькі метраў — і ўдар прыйшоўся б у дом. Яшчэ некалькі хвілін — і на дарозе ўжо былі б машыны, аўтобусы. Гэта сапраўдны цуд, што абышлося без ахвяр», — адзначыў Церахаў.

Варонка ад балістычнай ракеты ў жылым раёне Харкава, каля школы

Варонка ад балістычнай ракеты ў жылым раёне Харкава, каля школы

Расійцы нанеслі ўдар па прадпрыемстве на Чарнігаўшчыне. У выніку атакі ўзнік маштабны пажар.

* * *

Днём 1 чэрвеня СБУ правяла маштабную аперацыю супраць паветраных сіл Расіі пад назвай «Павуціна», атакаваўшы адразу чатыры ваенных аэрадромах Расійскай Федэрацыі, дзе знаходзілася стратэгічная авіяцыя РФ. Пад удары трапілі аэрадромы:

  • «Белая» — Іркуцкая вобласць (6000 км ад Украіны)
  • «Аленева» — Мурманская вобласць (2000 км ад Украіны)
  • «Дзягілева» — Разань, Разанская вобласць (500 км ад Украіны)
  • «Іванава» — Іванаўская вобласць (700 км ад Украіны)

Стратэгічныя аэрадромы былі атакаваныя не з украінскай, а не расійскай тэрыторыі. Ад самага пачатку паблікі змяшчалі відэа, што беспілотнікі запускаліся з прыпаркаваных недалёка ад цэляў грузавікоў.

Вядома пра паражэнне не менш за 41 самалёт тыпаў Ту-95, Ту-22М3, а таксама А-50. Паводле заявы СБУ, атака FPV-дронаў уразіла 34% ад усіх стратэгічных самалётаў, якімі валодае Расія. Арыенціровачны ўрон можа скласці 7 млрд долараў.

Таксама ў сеціве паведамлялася пра ўдары па пятаму аэрадроме — у Васкрасенску, Маскоўская вобласць. Пакуль невядома, ці мае гэта дачыненне да ўкраінскай «Павуціны». І таксама стала вядома пра выбух у расійскім Паўночнаморску, дзе знаходзіцца база атамных падводных лодак арміі РФ.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў аперацыю СБУ па знішчэнні больш за 40 самалётаў стратэгічнай авіяцыі на аэрадромах РФ бліскучым вынікам, які ўвойдзе ў падручнікі гісторыі. «Абсалютна бліскучы вынік. Самастойны вынік Украіны. Год, шэсць месяцаў і дзевяць дзён ад пачатку планавання да эфектыўнай рэалізацыі. Наша самая дальнабойная аперацыя. Нашых людзей, якія рыхтавалі аперацыю, своечасова вывелі з расійскай тэрыторыі», — паведаміў ён у вячэрнім звароце.

Зяленскі таксама сказаў, што агулам у аперацыі СБУ было выкарыстана 117 дронаў, а «офіс» аперацыі на тэрыторыі РФ размяшчаўся побач з Упраўленнем ФСБ Расіі ў адной з абласцей.

* * *

502582399_1057877413192003_8074949478335269959_n.jpg

* * *

Сёння ў Стамбуле адбудзецца другі раўнд перамоваў паміж Украінай і Расіяй. На ёй украінскі бок прадставіць сваю дарожную карту для дасягнення трывалага мірнага ўрэгулявання.

Reuters атрымала копію дакумента. Прапанаваная дарожная карта будзе мець наступную паслядоўнасць:

  • поўнае спыненне агню мінімум на 30 дзён;
  • вяртанне ўсіх палонных, якія ўтрымліваюцца з кожнага з бакоў;
  • вяртанне ўкраінскіх дзяцей, вывезеных на тэрыторыю, якую кантралюе Расія;
  • затым сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна.

Згодна з гэтым планам, Масква і Кіеў пры ўдзеле ЗША і Еўропы будуць працаваць над узгадненнем умоў, на якіх бакі змогуць прыйсці да пагаднення аб поўным спыненні вайны.

Reuters адзначае, што рамачныя ўмовы мірнага пагаднення, выкладзеныя ў копіі дакумента, у значнай ступені супадаюць з умовамі, якія былі вылучаныя ўкраінскім бокам раней. Сярод іх — адсутнасць абмежаванняў на ваенную моц Украіны пасля заключэння мірнага пагаднення, адсутнасць міжнароднага прызнання суверэнітэту РФ над акупаванымі тэрыторыямі, а таксама рэпарацый для Украіны.

У дакуменце таксама ўказана, што цяперашняе размяшчэнне лініі фронту стане адпраўным пунктам для перамоў аб тэрыторыях. Гэтая ўмовы істотна разыходзяцца з патрабаваннямі, якія РФ вылучала ў апошнія некалькі тыдняў.

Адзначым, што Расія не падала свой мемарандум аб мірным урэгуляванні ва Украіне, яна мае намер зрабіць гэта непасрэдна на перамовах.

* * *

Краіны-чальцы NATO павінны падрыхтавацца да магчымага расійскага нападу цягам найбліжэйшых чатырох гадоў, заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Германіі генерал Карстэн Броер.

Паводле яго слоў, Расія штогод вырабляе каля 1500 асноўных баявых танкаў, і не ўсе танкі адпраўляюцца ва Украіну — яны таксама паступаюць у запасы і ў новыя ваенныя структуры, якія заўсёды накіраваны супраць Захаду.

Ён таксама паведаміў, што ў 2024 годзе РФ зрабіла чатыры мільёны 152-мм артылерыйскіх снарадаў, і таксама не ўсе яны прызначаныя для фронту ва Украіне. Адбываецца назапашванне для магчымага будучага нападу на краіны Балтыі, лічыць Броер.

«Гэта тое, што ацэньваюць аналітыкі — у 2029 годзе. Таму мы павінны быць гатовыя да 2029 года... Калі вы спытаеце мяне зараз, ці з'яўляецца гэта гарантыяй, што гэта не адбудзецца раней за 2029 год? Я б сказаў, што не, гэта не так. Таму мы павінны быць гатовыя да бою ўжо сёння», — падкрэсліў ён.

Броер назваў адной з самых уразлівых зон у выпадку агрэсіі Сувалкскую цясніну — участак на мяжы Польшчы, Літвы, Расіі і Беларусі. Паводле яго слоў, эстонцы параўноўваюць сваё становішча з тым, хто «адчувае цяпло, бачыць полымя і адчувае пах дыму», тады як у Германіі «вы, верагодна, бачыце толькі трохі дыму над гарызонтам».

Генерал таксама адзначыў, што Расія ўспрымае вайну ва Украіне як «працяг» больш шырокага канфлікту з NATO і «спрабуе знайсці шляхі пранікнення ў нашы абарончыя лініі і адчувае іх». У якасці прыкладаў такіх дзеянняў ён прывёў атакі на падводныя кабелі ў Балтыйскім моры, кібератакі на грамадскі транспарт і з'яўленне дронаў над крытычнай інфраструктурай у Германіі.

Броер заклікаў хаўруснікаў у NATO да тэрміновага нарошчвання абароннага патэнцыялу. «Тое, што мы павінны зрабіць цяпер, — гэта сапраўды ўзяцца за справу і сказаць усім: «Гэй, нарошчвайце... Больш укладвайце ў гэта, таму што нам гэта трэба. Нам гэта трэба, каб мець магчымасць абараняць сябе, а такім чынам, і нарошчваць стрымліваючы патэнцыял», — адзначыў генерал.

Раней у справаздачы Бундэсвера адзначалася, што Расія можа рыхтавацца да патэнцыйнай маштабнай вайны з NATO. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэдзіў, што напад з боку Расіі магчымы ўжо ў найбліжэйшыя гады, і ў Літвы ёсць прыкладна чатыры-пяць гадоў, каб падрыхтавацца.