У дзень народзінаў Уладзімір Някляеў апублікаваў урывак з новай паэмы
Сёння дзень народзінаў адзначае паэт Уладзімір Някляе. Першы — па версіі маці, другі — па версіі бацькі — 11 ліпеня. «Прамінулы год не самы ўдалы ў жыцці – амаль палову яго пракачаўся ў шпіталях. Прычым, у стане неадступнага болю, так што было не да літаратуры. Як пісаў (абсалютную праўду) Маякоўскі: «Цвік у маім боце страшней, чым фантазія ў Гётэ»», — напісаў паэт у Фэйсбуку.

Фота: Павел Хадзінскі
І тым не менш...
Месяцы два таму патэлефанаваў мой блізкі сябар з Мінску, падключыў відэа і правёў мяне па горадзе. “Памятаеш, тут мы былі?.. Помніш, сюды завітвалі?.. Не забыўся, з кім у гэтым доме сустракаліся?.. А ў гэтым тэатры вершы чыталі...” Ён наладзіў як бы настальгічную экскурсію, сэнс якой зводзіўся да таго, што апошнімі гадамі сталася так, што ў родным горадзе яму няма куды пайсці і няма да каго зайсці. Толькі дахаты, дзе ён і завяршыў “экскурсію”, запрасіўшы мяне за ўжо накрыты стол з двума кілішкамі. Наліў адзін і выпіў.
Глядзіце таксама

Калі развіталіся, пранізліва падумалася пра адзіноту. Дакладней, пра дзве адзіноты. Пра тую, якая ў замежжы, дзе ўсё чужое, і да якой ты так ці інакш гатовы, бо ведаў, што яна непазбежная, і пра тую, якая дома, дзе нібыта ўсё тваё, а ты ва ўсім чужы.
Гэта розныя адзіноты. Зведаўшы абедзьве, магу сцвярджаць, што вельмі розныя. Хоць яны і сёстры. І абедзьве, калі абдымаюць, дык моцна. Але ўсё ж тая, якая дома, абдымае мацней. Часам ажно да задыху.
Пра гэта новая паэма з прадказальнай назвай.
АДЗІНОТА
(Урывак з паэмы)
…Не таму, што над восенню
лісцем кружляе самота,
Не таму што кружляе самота
над лёсам маім,
Не таму што сядае
каханка мая
адзінота
На калені мае
і маўчыць невядома аб чым,
Не таму што ў яе
невыносна тужлівыя вочы,
У якіх, бы ў асенніх нябёсах,
ляцяць жураўлі,
І што ціха яна,
каб не чуў,
сёння плакала ўночы,
І што болем пакусаны ў кроў
яе вусны былі,
Не таму, што яна
моўчкі рэчы наранку збірае,
Аглядае пакой,
ці забылася нешта,
ці не,
Не таму, што сама
адзіноты ўжо больш не трывае,
І што нават яна ў адзіноце
кідае мяне, –
Не таму!..
А чаму?..
«Новы Час» шчыра віншую Уладзіміра Пракопавіча з днём народзінаў! Зычым моцнага здароўя, натхнення, здзяйснення мар!