Ілюзіяў варта пазбаўляцца: Макс Шчур і ягонае «Завяршыць гештальт»

«Не блытайце турызм з эміграцыяй», — гаварылася ў адным старым анекдоце. На шчасце (ці на жаль) пасля 2020 года беларусаў з краіны з'ехала столькі, што цяпер ніхто нічога не блытае. Цяпер усе ведаюць, што Еўропа — гэта не вырай, і жыццё там далёка не вясёлкавае. Але ж нас пра гэта папярэджвалі!

szczur_cr.jpg

І цяпер будзе пацешна пачытаць пра гэтыя папярэджанні, параўнаць свой вопыт з тым, што было раней. Выдавецтва Gutenberg Publisher вырашыла перавыдаць кнігу Макса Шчура «Завяршыць гештальт». Нагадаем, што за гэты твор ён атрымаў прэмію Гедройця ў 2016 годзе.

Добра там, дзе нас няма?

«Завяршыць гештальт» — гэта кніга пра тое, як беларус-эмігрант карыстаецца паслугамі сэрвісу «Дамбартэр» — сэрвісу, які дае магчымасць «тыповым еўрапейцам» абменьвацца сваім жытлом на час падарожжаў. І ён едзе з усходнееўрапейскай Прагі ў каляскандынаўскія Нідэрланды, сустракаючы па шляху шмат цікавых суразмоўцаў і трапляючы ў цікавыя сітуацыі.

Кніга пабудавана на простым і ўдалым прыёме — апісанні падарожжа чаргуюцца з аповедамі пра незвычайныя гісторыі, што здарыліся з карыстальнікамі сэрвісу «Дамбартэр». Такім чынам знешнія назіранні вандроўніка дапаўняюцца партрэтам еўрапейскага «сярэдняга класа», звычайных еўрапейцаў — маладых і не вельмі, заможных і не асабліва багатых… Людзей, якія проста жывуць у сваім свеце, які, можа быцт, не вельмі зразумелы іншым, але ім падабаецца.

Шчур сваім творам — у лёгкай і іранічнай форме, у размоўным (аж да звыклых мацюкоў) стылі — дэманструе адваротную Еўропы, паказваючы яе зусім не такой, якой яе малюе нашая мара, а такой, якая яна ёсць на самай справе — са сваімі праблемамі, расчараваннямі, сацыяльнымі канфліктамі і нечаканымі выклікамі для эмігранта. «Завяршыць гештальт» — гэта своеасаблівая дэканструкцыя ідэалізаванага жыццёвага ладу Захаду, якая праводзіцца праз прызму шляхавых нататак з аднаго боку, і асабістага вопыту галоўнага героя з другога.

Нагадаем, кніга напісана ў 2016-м годзе. І многія людзі, якія яе чыталі тады, прыкладна разумелі, з чым яны могуць сутыкнуцца ў Еўропе. Але большасць народу гэтай кнігі не чытала, і таму — цяпер ужо менш, але ў першыя гады масавай эміграцыі было больш — інтэрнэт поўніўся гісторыямі пра тое, як у Еўропе «ўсё дрэнна».

Але ці сапраўды ў Еўропе ўсё дрэнна? Вось пра гэта Шчур у сваёй кнізе не пісаў!

akno_u_prozu_face_05.jpg

Крытыка Еўропы, або?...

Так, з аднаго боку, — можна так выказацца, «знешняй» — Шчур быццам бы крытыкуе буржуазную і бюракратызаваную Еўропу, з асаблівай пазіцыі эмігранта, у якога ёсць з чым гэтую Еўропу параўноўваць. Па-першае, для такіх параўнанняў у яго багаты вопыт — вопыт страт, барацьбы з адзінотай, прыстасавання да новай рэальнасці. Па-другое, гэтак жа багатае поле для параўнанняў «старой» рэальнасці і «новай». Але гэта нават не крытыка.

Шчур тады, у 2016 годзе спрабаваў нам паказаць Еўропу такой, якая яна ёсць. Яна не «добрая», і не «дрэнная», гэтая Еўропа — яна проста іншая, адрозная ад нас. Там іншыя правілы, іншыя інтарэсы, іншыя людзі і іншыя звычкі. Гэта мы лічылі калісьці, што Еўропа, асабліва заходняя — своеасаблівая «зямля абяцаная», месца, дзе праблем няма, ці яны вырашаюцца самі сабой альбо адмысловымі сацыяльнымі службамі, дзе пануе свабода, дабрабыт і шчасце.

На самай справе — не. Захад акзаўся гэта не выраем на зямлі, а проста іншым светам, са сваімі правіламі, перавагамі і недахопамі. У Еўропе таксама ёсць бюракратыя, сацыяльныя праблемы, неталерантнасць і адчужанасць. «Завяршыць гештальт» — гэта не крытыка Еўропы. Гэта яе рэалістычны вобраз, які адрозніваецца ад створанага ў свядомасці многіх беларусаў. Гэта шчыры і сумленны погляд, які дазваляе зразумець, што ідэалізацыя любой прасторы, няхай гэта будзе Захад ці Усход, заўсёды прыводзіць да расчараванняў.

anons.png

Каму варта пачытаць?

Зараз аўдыторыя гэтай кнігі досыць вялікая. Па-першае гэта, вядома, эмігранты, «рэлаканты» і іншыя «экспаты», якія ўжо знаходзяцца ў Еўропе і сутыкнуліся з некаторымі з апісаных Максам Шчурам праблем. Бо сапраўды цікава, як гэтыя праблемы бачыць герой кнігі, і параўнаць ягоныя ўражанні з уласным вопытам.

Па-другое, гэта тыя ж самыя эмігранты, «рэлаканты» і «экспаты», якія не знаходзяцца ў Еўропе, але збіраюцца туды перамясціцца. Так, цяпер многія пераязджаюць, з, напрыклад, расслабленай і разняволенай Грузіі ў еўрапейскую і строгую Польшчу. Каб потым не было дысанансу, што ў Кутаісі ты можаш спакойна пераходзіць дарогу на чырвонае святло, усміхаючыся пры гэтым кіроўцам, а ў Варшаве цябе аштрафуюць за тое, што падчас пераходу дарогі на зялёнае святло ты глядзеў не на дарогу, а ў тэлефон.

Па-трэцяе, — вядома ж, тыя, хто збіраецца «рэлакавацца» з Беларусі. На жаль, рэпрэсіі ў краіне нікуды не падзеліся, і плынь эмігрантаў паслабла, але не спыняецца. Нягледзячы на наяўнасць незлічоных тэлеграм-каналаў для рэлакантаў і груп кшталту «Беларусы ў...», усё ж такі мастацкае слова лягчэй для ўспрымання. Шчур вас злёгку падрыхтуе да тых рэалій, да якіх падрыхтавацца, у прынцыпе, немагчыма.

Дый ў прынцыпе гэтая кніга будзе цікавая ўсім, хто цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, хто любіць інтэлектуальную прозу. І хто, як і герой кнігі, спрабуе знайсці сябе ў новым свеце, у новай рэальнасці, і пазакрываць старыя гештальты. Нават не падазраючы, што гэтыя гештальты ўжо даўно існуюць толькі ў яго галаве і ўяўленні…

І так, мы не будзем казаць пра пошук героем сваёй нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці ў шматнацыянальнай Еўропе. Усе беларусы з гэтым сутыкаліся і сутыкаюцца — і не толькі ў Еўропе. І тут, па-мойму, ужо не можа быць універсальных рашэнняў, у кожнага гэта рашэнне сваё.

Тут герой кнігі проста пазначае праблему. І ў яго няма ніякага ўніверсальнага рашэння для яе.

«Завяршыць гештальт» — гэта не проста чытанне і своеасаблівы дапаможнік для тых, хто збіраецца ў Еўропу. Гэтая кніга вучыць нас не паддавацца марам і ілюзіям, не будаваць «паветраныя палацы», і разумець, што «добра там, дзе нас няма» — датуль, пакуль мы туды не прыехалі.

Новае выданне кнігі «Завяршыць гештальт» можна замовіць у Gutenberg Publisher.