«Сам сабе турэмшчык». Як у Беларусі адбываюць хатні арышт

Беларускія суды нячаста прызначаюць хатні арышт у якасці меры пакарання. Але тым не менш такія выпадкі здараюцца — і тут са сваімі «новаўвядзеннямі».

Хатні арышт — рэдкая ў Беларусі мера пакарання. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Хатні арышт — рэдкая ў Беларусі мера пакарання. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі падазраваных ці абвінавачаных па крымінальных справах могуць змясціць пад хатні арышт. Гэтая мера стрымання прызначаецца вельмі рэдка, але пасля 2020 года пад хатні арышт трапілі дзясяткі людзей: грамадзянскія актывісты, праваабаронцы, журналісты. Гэта таксама ізаляцыя, прычым да вынясення прысуду. У адрозненне, напрыклад, ад Расіі, дзе ўмовы хатняга арышту вызначае суд, у Беларусі пералік абмежаванняў прызначае следчы. Да кагосьці ў кватэру «прапісваюць» канваіраў, якія могуць знаходзіцца там кругласутачна. Іншым цалкам забараняюць выходзіць з дому, карыстацца інтэрнэтам, кантактаваць з людзьмі.

Журналістка «Настоящего времени» паразмаўляла з беларусамі пра тое, як яны і іх блізкія перажылі такую меру стрымання.

«Каля пяці праверак у дзень, часам — некалькі разоў за ноч»

Юрыст перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі, адвакат Марыі Калеснікавай Ілля Салейпрабыў пад хатнім арыштам амаль паўгода. Яго затрымалі 9 верасня 2020 года і абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Спачатку яго змясцілі ў СІЗА №1 Мінска, а ў кастрычніку, пасля вядомай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з арыштаванымі лідарамі апазіцыі ў СІЗА КДБ, на якой Салей таксама прысутнічаў, перавялі пад хатні арышт.

«Мне было цалкам забаронена выходзіць з кватэры, што бывае вельмі рэдка, бо нават у СІЗА прадугледжаны шпацыр. Да майго выпадку пра падобнае я ніколі не чуў, — расказавае Салей. — Мне таксама было забаронена карыстацца тэлефонам і інтэрнэтам, бачыцца з сябрамі і сям'ёй. З улікам таго, што ў кватэры я жыў адзін, гэта была фактычна поўная ізаляцыя. Адзіная крыніца сувязі са знешнім светам — адвакаты, якія наведвалі мяне ў сярэднім два-тры разы на тыдзень. Яны куплялі мне прадукты, яны ж выносілі маё смецце».

«Са мной не жылі супрацоўнікі міліцыі ці КДБ, як гэта часам бывае. Але за домам было ўстаноўлена назіранне, — працягвае Салей. — Калі я вяртаўся з СІЗА дадому, характэрны малады чалавек у спартыўным адзенні ўжо шпацыраваў каля пад'езда. Некалькі разоў на дзень мне тэлефанавалі з міліцыі, цікавячыся, "як справы". Гэта быў адзіны выпадак, калі мне можна было карыстацца тэлефонам. Таксама супрацоўнікі заходзілі дадому з выпадковымі праверкамі. Такіх праверак магло быць каля пяці на дзень, у тым ліку часам па некалькі разоў за ноч. Паводле ўстаноўленых правілаў, я павінен быў адчыніць дзверы і трымаць у руках пашпарт для праверкі асобы».


Глядзіце таксама

За паўгода пад хатнім арыштам Ілля Салей выходзіў з кватэры толькі некалькі разоў — на допыты ў Следчы камітэт і адзін раз у лякарню, калі захварэў на кавід: «На лячэнне я атрымліваў спецыяльны дазвол следчага: спачатку каб патэлефанаваць лекару, потым — каб наведаць лякарню».

Ірына Халіп, журналістка і жонка кандыдата ў прэзідэнты Беларусі 2010 года Андрэя Саннікава, падчас выбарчай кампаніі трынаццацігадовай даўніны таксама аказалася пад хатнім арыштам. Яна расказвала, што ёй забаранялася нават падыходзіць да акна. Іллю Салею акно не забаранялі. Гледзячы ў яго, ён даведваўся, што адбываецца ў краіне, і трымаў сувязь са светам.

«Я жыў у раёне "Маяк Мінска", і мае вокны выходзілі на пешаходны бульвар, дзе практычна ўвесь час кіпела жыццё, а напрыканцы восені 2020 года яшчэ былі сустрэчы неабыякавых людзей і вулічныя канцэрты. Мае суседзі час ад часу падтрымлівалі мяне пад вокнамі, за што ім вялікі дзякуй. Таксама дзякуючы акну я даведаўся пра смерць Рамана Бандарэнкі, калі людзі пачалі прыносіць кветкі і лампадкі. Я не ведаў дэталей, проста зразумеў, што здарылася нешта страшнае».

Тэлевізар затрыманаму можна было глядзець — але толькі стандартны набор дзяржканалаў.

«У бытавым плане хатні арышт лепшы за СІЗА: шмат святла, месца, цёплая вада, нармальная ежа. Але з псіхалагічнага пункту гледжання гэта вельмі цяжка, магчыма, нават цяжэй, чым заключэнне пад вартай, бо практычна 24 гадзіны ты знаходзішся сам-насам са сваімі думкамі, якія становяцца дакучлівымі. Ты ўвесь час пракручваеш у галаве ўсе магчымыя варыянты развіцця падзей».

Як юрыст Ілля Салей лічыць, што любая мера стрымання, у тым ліку ўтрыманне ў СІЗА і хатні арышт, павінны ў першую чаргу адпавядаць нармальным умовам утрымання:

«Чалавек павінен мець магчымасць падтрымліваць сваё фізічнае і псіхалагічнае здароўе ў нармальным стане. Пад следствам знаходзяцца людзі, яшчэ не прызнаныя судом вінаватымі. І мэтай іх ізаляцыі павінна быць не атрыманне неабходных паказанняў або прыніжэнне чалавечай годнасці, а толькі немагчымасць паўплываць на ход следства».

У красавіку 2021 года Іллю Салея выпусцілі пад заклад. Ён пакінуў Беларусь.

Некалькі фактаў пра хатні арышт у Беларусі

  • Мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту стала прымяняцца ў Беларусі 1 студзеня 2001 года.
  • Знаходжанне пад хатнім арыштам не адразу сталі залічваць у агульны тэрмін пакарання. Толькі ў 2003 годзе па прапанове Канстытуцыйнага суда заканадаўства змянілі: два дні хатняга арышту адпавядаюць аднаму дню арышту, накіраванню ў дысцыплінарную вайсковую частку і пазбаўленню волі; двум дням абмежавання волі; тром дням папраўчых работ або абмежавання па вайсковай службе і 24 гадзінам грамадскіх работ.
  • Хатні арышт, паводле слоў адвакатаў, прызначаецца заўважна радзей за іншыя меры стрымання.
  • Пад хатні арышт у 2011 годзе трапіў кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. Ён расказваў, як вымушана жыў з супрацоўнікамі КДБ у адной кватэры і што гэта было «горш, чым турма»: «Прысутнасць людзей з пісталетамі, якія сядзяць каля ўваходу ў спальню і назіраюць за тым, як вы спіце ў ложку з жонкай, тлумачачы гэта тым, што ў любы момант вы можаце захацець уцячы, скокнуць на балкон, а з балкона – уніз. Гэта напружвае больш, чым погляд ахоўніка ў вочка турэмнай камеры».
  • Хатняму арышту па-беларуску быў прысвечаны спектакль «ТЭАТР.doc» пад назвай «Двое ў тваім доме», у 2013 годзе яго намінавалі на «Залатую маску».

Сябры пакідалі ежу пад дзвярыма і сыходзілі

Праваабаронца і дырэктар НДА «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі таксама правёў пад хатнім арыштам каля паўгода. Яго затрымалі ў лютым 2021 года па абвінавачанні ў «махлярстве» (арт. 209 КК). «Махлярствам» беларускія следчыя палічылі тое, што «Офіс...» на грошы Прадстаўніцтва ААН у Беларусі аказваў прававую дапамогу ўдзельнікам паслявыбарчых пратэстаў.

Сяргей адбываў хатні арышт у сваім пакоі ў інтэрнаце.

«У пастанове аб меры стрымання значылася, што мне дазвалялася мець зносіны толькі з жонкай і дзецьмі. У мяне няма жонкі і дзяцей. Дазвалялася размаўляць толькі са следчым па стацыянарным тэлефоне. Але ў мяне не было стацыянарнага тэлефона. Мне забаранялася выходзіць за дзверы пакоя і мець зносіны з кім-небудзь. Але ў мяне была агульная кухня [з суседзямі], — расказвае Сяргей Драздоўскі. — Адвакатка мне сказала, што не сутыкалася яшчэ з такой сітуацыяй і трэба ўсё ўдакладняць у следчага. Я патэлефанаваў, і ў нас атрымалася прыкладна такая размова: "Няма жонкі і дзяцей? Няхай будзе мама, пляменнік і сястра. Няма стацыянарнага тэлефона? Тэлефануйце па мабільным". — "Трэба на кухню". — "Ідзіце". — "Можна вітацца з суседзямі?" — "Вітайцеся". — "А калі яны спытаюць, як у мяне справы?" — "Адкажыце". — "Можна глядзець сеткавае ТБ, калі карыстацца інтэрнэтам забаронена?" — "Глядзіце"».

Кругласутачнай аховы ў Сяргея не было, але ён заўважыў унутры і звонку інтэрната відэакамеры: «Была адна камера назірання ў калідоры проста каля маіх дзвярэй і другая камера на вуліцы, якая ахоплівала ўсю дваровую прастору.

Мне дазвалялася гадзіна прагулкі з 11:00 да 12:00 у радыусе 200 метраў ад дома. Я прачарціў маршрут і кожны дзень стараўся выкатаць гадзіну на вазку, каб захаваць рухомасць».


Глядзіце таксама

У побыце Сяргею дапамагалі родныя, якім былі дазволеныя наведванні.

Працаваць падчас хатняга арышту не дазваляецца, але пры гэтым арыштаваны павінен неяк забяспечваць сабе харчаванне і аплачваць рахункі. Сяргею дапамагалі родныя, сябры і калегі:

«Працаваць я не мог, у мяне не было наогул ніякай сувязі са светам, тэхніка канфіскаваная. Але мяне не звольнілі з ранейшай працы — я быў намеснікам старшыні "Беларускага таварыства інвалідаў". Калегі вырашылі пачакаць, чым усё скончыцца, таму я атрымліваў невялікі заробак. Але, безумоўна, без сваякоў было б складана пражыць. Мне таксама дапамагалі сябры, якія прыносілі грошы маёй сям'і. Яшчэ сябры часам пакідалі каля маіх дзвярэй абеды і сыходзілі. Мець зносіны ж нельга. Поўная канспірацыя».

Некалькі разоў Сяргею дазволілі наведаць лекараў: «Я разумеў, што нічым добрым справа не скончыцца і трэба паправіць здароўе — у месцах не так аддаленых гэта будзе складаней. Я папрасіў дазволу ў следчага прайсці дыспансерызацыю ў паліклініцы і палячыць зубы. Мне дазволілі».

Самым складаным у хатнім арышце, паводле слоў Сяргея, была адсутнасць інфармацыі і неразуменне, што можна, а чаго нельга гаварыць, размаўляючы з роднымі і суседзямі: «Сам сабе турэмшчык».

У ліпені 2021 года Сяргея Драздоўскага выпусцілі з-пад хатняга арышту пад паручальніцтва. Ён даведаўся, што яму трэба ў месячны тэрмін ліквідаваць сваё НДА. Праз некаторы час Сяргей пакінуў Беларусь і цяпер знаходзіцца пад міжнароднай абаронай у Германіі.

«Складана растлумачыць чатырохгадоваму дзіцяці, чаму трэба так рана дадому»

Актывіст з Брэста Андрэй Шарэнда правёў пад хатнім арыштам каляу месяца, але проста перад судом яму ўдалося ўцячы.

Шарэнду затрымалі 31 траўня 2021 года і абвінавацілі ў «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК). У пастанове аб ужыванні меры стрымання паказвалася, што ў інтэрв'ю незалежнаму выданню ён сказаў такую фразу пра Лукашэнку: «Не весці аніякіх перамоў з дыктатарам, тэрарыстам і забойцам». Максімальнае пакаранне па артыкуле аб паклёпе — да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Да моманту затрымання Андрэя яго жонка Паліна Шарэнда-Панасюк ужо больш за паўгода знаходзілася за кратамі — і ён адзін выхоўваў дваіх сыноў.

«Мы даволі вядомыя людзі ў Брэсце, нашу сям'ю вельмі падтрымлівалі ў горадзе — магчыма, улады на той момант не хацелі нагнятаць атмасферу. Гэта яшчэ было да пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам, да справы Зэльцэра», — так Андрэй Шарэнда разважае пра магчымыя прычыны свайго «мяккага» абмежавання волі.

Згодна з пастановай, яму забаранялася выходзіць з кватэры з 19:00 да 7:00, размаўляць па тэлефоне, адпраўляць карэспандэнцыю, мець зносіны з людзьмі і ставілася ў абавязак пастаянна быць на сувязі з органамі кантролю.

«Я быў вельмі здзіўлены, што такое магчыма, але з сёмай гадзіны раніцы да сёмай вечара я мог свабодна перасоўвацца па горадзе. Я перастаў карыстацца сацсеткамі, але выкарыстоўваў Тэлеграм, бо ён быў зашыфраваны».

Дзеці жылі з бацькам, і малодшы сын таксама вымушаны быў падладжвацца пад арыштанцкі графік бацькі, распавядае Шарэнда: «Сына цяжка было адвесці з двара дадому да сямі вечара. Цягнеш чатырохгадовае дзіця, яно супраціўляецца: "Хачу яшчэ пагуляць!" Складана было растлумачыць, чаму летам трэба так рана дадому».

Канваіры з ім у кватэры не жылі, але ахова часам была звонку, кажа Андрэй: «Бывала, супрацоўнікі спецслужбаў суткамі стаялі ў машыне перад пад'ездам або сядзелі пад дзвярыма кватэры, ездзілі за мной, калі я катаўся на ровары. А былі дні, калі наогул нікога не было відаць».


Глядзіце таксама

Андрэй прызнаецца, што планаваў пакінуць краіну да суду: «Я не збіраўся на суд. Не таму, што баяўся арышту, проста я не прызнаю наша правасуддзе легітымным. У той дзень, калі я хацеў уцячы, быў візіт Лукашэнкі ў Брэст, і мая ахова была ўзмоцненая. Таму давялося перанесці. Гэта ўдалося зрабіць за некалькі дзён да суду. Я з вечара ўбачыў, што сачэнне знятае, адвёў раніцай сына ў садок, дамовіўшыся з бацькамі, каб яны пазней забралі дзяцей і з'ехалі за горад, і выйшаў дварамі без тэлефона да маршруткі. У мяне былі загадзя падрыхтаваныя рэчы ў пэўным месцы. Даехаў да Кобрына, і там ужо неабыякавыя людзі дапамаглі дабрацца да мяжы з Літвой. У Літве мне далі статус уцекача».

У дзень пачатку працэсу над Андрэем суддзя выпісаў ордэр на яго вышук, а дзяржаўны тэлеканал зрабіў сюжэт пра суд без абвінавачанага. Прысуд Андрэю Шарэнду пакуль не вынесены.

Пазней Андрэй вывез дзяцей з Беларусі, і цяпер яны з бацькам жывуць у Літве. Паліна Шарэнда-Панасюк адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі. Паводле звестак «Вясны», за апошнія дзесяць месяцаў палітзняволеную пратрымалі ў ШІЗА, карцары і ПКТ агулам 180 дзён. У калоніі яна вырашыла адмовіцца ад беларускага грамадзянства, пасля чаго Шарэнда-Панасюк адправілі на псіхіятрычную экспертызу.

«Паліну зноў спрабуюць судзіць па новым абвінавачанні (па ч. 2 арт. 411 КК), за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". На жаль, гэта помста і за маю пазіцыю. Але іншага шляху не было. І для Паліны, і для сям'і лягчэй, што я і дзеці на волі і можам займацца сваёй справай далей», — кажа Андрэй Шарэнда.