«У гэтых лістах і паштоўках ахвяра часта ператвараецца ў героя». Гісторыі з жыцця «вясноўцаў»

Праваабаронца — адна з самых складаных і небяспечных прафесій у наш час. Але ўсё адно ёсць людзі, гатовыя рызыкаваць сваім жыццём і свабодай дзеля справядлівасці і законнасці ў свеце. У шэраг праваабаронцаў знаходзяцца ў няволі. Калегі расказваюць маленькія гісторыі з жыцця некаторых з іх.

Палітзняволеныя праваабаронцы «Вясны»

Палітзняволеныя праваабаронцы «Вясны»

Два гады таму сілавікі затрымалі старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і юрыста арганізацыі Уладзіміра Лабковіча. З гэтай нагоды іх калегі сабралі некалькі гісторый з жыцця, якія расказалі самі палітвязні. 

Гісторыя першая. Пра маці

Валянцін Стэфановіч:


Валянцін Стэфановіч. Фота з сацыяльных сетак

Валянцін Стэфановіч. Фота з сацыяльных сетак

«Я не аднойчы думаў аб тым, што самае цяжкае падчас працы ў "Вясне", і прыйшоў да высновы, што гэта — адносіны з маці. Найцяжэй размаўляць з маці, калі іх дзеці трапляюць у бяду. Вельмі моцна эмацыйна і псіхалагічна мяне "прыбіла" сітуацыя з маці расстралянага Андрэя Жука. Тут і слоў не хопіць, каб апісаць такі стрэс. Цяжка размаўляць, калі маці ведае, што яе сына заб'юць, і ў той жа час чакае нейкіх слоў надзеі, чакае цуду, якога ты зрабіць не ў сілах. І абнадзеіць яе не можаш. Аднак ты не мусіш гэтага казаць, ты мусіш супакоіць чалавека».

Гісторыя другая. Пра падтрымку

Уладзімір Лабковіч:


Уладзімір Лабковіч

Уладзімір Лабковіч

«"Вясна" прымала мяне цяжка. Прыглядалася да мяне, мацала на вытрымку і здольнасць. Бывалі моманты, калі я падыходзіў да свайго сябра Валянціна і казаў, што мне цяжка, што, напэўна, я не здолею ўвайсці ў каманду, але ён прасіў пачакаць, гаварыў, што ўсё зменіцца. Дзякуй яму за тую падтрымку. Пазней мы са смехам згадвалі гэтыя мае першыя тыдні прыціркі на "Вясне".

Бяляцкі для мяне тады быў яшчэ паўміфічным персанажам, але гэтае адчуванне хутка знікла — і паўстаў нармальны чалавек: без фанабэрыі, але ў той жа час вельмі мудры і сапраўдны настаўнік, які цэніць сваіх вучняў. Гэтае адчуванне засталося і зараз, хаця мы можам і спрачацца і ён можа спакойна пагаджацца, калі хтосьці мае рацыю».

Гісторыя трэцяя. Пра музей

Алесь Бяляцкі:


Алесь Бяляцкі на мітынгу. Фота: vytoki.net

Алесь Бяляцкі на мітынгу. Фота: vytoki.net

«Багата што ў той час у музеі  <Багдановіча> мы рабілі сваімі рукамі — я, Сцяпанавіч, Астравец, Едрусь, мужчынскай часткай калектыву. Мы цягалі цяжкасці, перастаўлялі мэблю, рамантавалі, фарбавалі. Жанчыны ж прыбіралі, чысцілі, упрыгожвалі кабінеты і фае. Тэма падрыхтоўкі экспазіцыі павялічвалася бліжэй да адкрыцця. Апошнія месяцы мы працавалі ў музеі без выходных, кожны дзень. На пачатку снежня 1991 года мы прыходзілі ў музей рана ранкам і сыходзілі ўвечары пасля 22-й гадзіны. Я не дасыпаў і амаль не быў дома. Памятаю, як у адзін з вечароў, за пару дзён да юбілею паэта і адкрыцця музея, ужо позна ўвечары мы прыбіралі залы экспазіцыі начыста, праціралі, падмяталі, перакладвалі апошнія цэтлікі. Я пачаў жартаваць, не мог спыніцца. Жарты мае падхапілі дзяўчаты, на якіх напаў нейкі істэрычны смех. Ніколі мы не смяяліся так заразліва і безаглядна».

Гісторыя чацвёртая. Пра «хабар» у «Вясне»

Уладзімір Лабковіч:


uladzimir_labkovicz2_logo.jpg.webp

«Асаблівай пашанай лічылася, калі нам прыносілі падарункі за нашу працу — часцяком цукеркі, але бывала, што і піражкі, марынады, сочыва. Гэта мы называлі "хабарам", які адносіўся на кухню, дзе мы ўсе гэта з задавальненнем спажывалі. Гэта былі часы, калі зусім не было грошай, калі не было за што набыць элементарныя рэчы, і такія харчовыя падарункі былі вельмі дарэчы. Памятаю, што зімой 2002/03 ні ў кога не было грошай, і тады Алесь з вёскі прывёз некалькі мяхоў бульбы і капусты, якую <...> заквасілі на кухні "Вясны". У кожнага з нас быў свой дзень дзяжурства па кухні, мой дзень быў панядзелак. Бліжэй да абеду я ішоў на кухню, чысціў бульбу і варыў яе, даставаў капусту і клікаў усю нашую каманду. І мы, сабраўшыся ўсе разам, спажывалі гэтую няхітрую страву; асаблівым шыкам было, калі Алесь прыносіў вясковае сала. Мы вялі цікавыя размовы, дзяліліся ўражаннямі. <...> Усім раю паслухаць расповеды Валіка і Алеся пра іх службу ў войску — я слухаў столькі раз адны і тыя ж гісторыі, але заўсёды яны былі афарбаваныя новымі фактамі, выразамі, словамі і заўсёды неймаверна вясёлыя і аптымістычныя. Гэтая аўра не знікла і зараз. "Вясна" так і застаецца сяброўскай камандай вельмі цікавых людзей».  

Гісторыя пятая. Пра лісты

(упершыню апублікавана ў часопісе «Дзеяслоў» у 2016 годзе).

Алесь Бяляцкі:


Алесь Бяляцкі на мітынгу супраць інтэграцыі з Расіяй, 1999 год. Фота: vytoki.net

Алесь Бяляцкі на мітынгу супраць інтэграцыі з Расіяй, 1999 год. Фота: vytoki.net

«Яны, усе гэтыя лісты і паштоўкі, вельмі дарагія мне. І ад вядомых людзей — пісьменнікаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, і ад сяброў і знаёмых, і ад зусім невядомых школьнікаў і пенсіянераў, шматдзетных маці, вернікаў і студэнтаў. Гэтыя часцінкі людскіх душаў складаюцца ў адну вялікую, яркую і стракатую мазаіку.

Калі-небудзь я зраблю выставу з гэтых лістоў і паштовак. Як прыклад салідарнасці. Будуць там вясёлыя дзіцячыя малюнкі са снегам і канадскімі хвоямі, з італьянскім сонцам і морам, змагарныя малюнкі з Польшчы з мурамі, якія разлятаюцца ад выбуху ўшчэнт. Будуць рупна выштукаваныя аплікацыі з каляровай паперы, з наклеенымі шматкамі скуры, бліскучымі стразамі і пасыпаныя шкляной пудрай. Будуць адмыслова надрукаваныя ў Галандыі і Бельгіі, Аўстрыі і Нямеччыне паштоўкі. Будуць самаробныя пісулькі, зробленыя з фотаздымкаў, і шыкоўныя крамныя паштоўкі, выдрукаваныя на крэйдавым рэльефным кардоне...

Я задумваюся, наколькі варты такой масавай падтрымкі. Звычайны чалавек, у якога хапае сваіх слабасцей і недахопаў, які наўрад ці хоча быць для каго-небудзь прыкладам у жыцці. Ці, можа, я сапраўды чагосьці не разумею і недаацэньваю ўсёй шматзначнасці і глыбіні абставінаў, у якіх апынуўся?..

І ўсё ж мне здаецца, што нябачная сувязь паміж мной і тымі, хто піша мне, не спадзеючыся на адказ, існуе.

У гэтых лістах і паштоўках ахвяра, якой я сябе не адчуваю, часта ператвараецца ў героя, якім я не з’яўляюся, але якога хацелі б бачыць ува мне. Ахвяра і герой у адной асобе насамрэч не з’яўляюцца ні ахвярай, ні героем.

Мне здаецца, што напісаўшы некалькі слоў у падтрымку, разам з апусканнем ліста ў паштовую скрыню, тыя, хто мяне падтрымлівае, у гэтае ж імгненне атрымліваюць і нябачны адказ. Гэта лёгка ўявіць: як у электроннай пошце — паслаў паведамленне і адразу ж атрымаў сімвал: дайшло. І ты адразу супакойваешся».