«Адзін з маштабных гуманітарных прарываў»: Украіна назвала колькасць абмену палоннымі ў выніку «Стамбула-2»
У выніку стамбульскіх дамоўленасцяў ва Украіну вярнуліся больш за 1000 ваеннапалонных, і ўчора была дасягнутая дамоўленасць пра абмен яшчэ 1200 чалавек з кожнага боку. «Гэта адзін з самых маштабных гуманітарных прарываў за ўвесь час поўнамаштабнай вайны», — адзначылі ў Офісе прэзідэнта Украіны. Ідзе 1247-мы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Украінскі Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 172 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 ліпеня.
Траціна боесутыкненняў — 61 — па-ранейшаму зафіксавана на Пакроўскім кірунку паблізу Русіна Яру, МІралюбаўкі, Лісоўкі, Папова Яру, Зверава, Удалага, Аляксееўкі, Котліна, Дачнае і іншых.
На Ліманскім кірунку адбылося 28 баявых сутыкненняў паблізу Грэкаўкі, Зялёнага Гаю, Новага Свету, Карпаўкі, Студні, у напрамку Серабранкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 15 атак расіян у раёнах Запарожжа, Звязды, Паддубнага, Аляксандраграду, Шаўчэнка, Малееўкі, Васкрасенкі, Вольнага Поля.
На Паўночна–Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі ўкраінскія воіны адбілі 12 атак арміі РФ. На Паўднёва-Слслабажанскім кірунку расійцы 10 разоў дарэмна спрабавалі рушыць наперад у раёнах Валчанску, Каменкі і іншых.
На Купянскім і Прыдняпроўскім кірунках адбылося па 9 атак расіян на кожным.
* * *
Украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Часавага Яру, а расійскія — на поўначы Сумскай і на захадзе Запарожскай абласцей, а таксама ў раёне Баравой, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 23 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў цэнтральнай частцы Кандратаўкі (на поўнач ад Сумаў). Геалакацыйныя кадры ад 22 ліпеня паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ўздоўж вуліцы Злагоды на паўднёвым захадзе Часавага Яру.
На кадрах ад 23 ліпеня бачна, што расійскія войскі прасунуліся ў цэнтры Плаўняў (на захад ад Арэхава) на захадзе Запарожскай вобласці.
* * *
Летні наступ Расіі ва Украіне сутыкаецца з істотнымі цяжкасцямі праз нявырашаную праблему пераадолення водных перашкод, піша Forbes.
Як адзначае выданне, з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года расійскія войскі не раз сутыкаліся з задачай хуткага фарсіравання рэк, але ўвесь час дэманстравалі няздольнасць зрабіць гэта без страт і наступных правалаў. Аўтары нагадваюць пра фатальныя для РФ наступствы пры спробе фарсіраваць Северскі Данец у сакавіку 2022 года, а таксама пра непераадольныя цяжкасці пры ўтрыманні Херсона ў тым жа годзе або пры спробе яго паўторнага захопу ў 2024-м.
У публікацыі гаворыцца, што ўкраінскія войскі эфектыўна кантралююць пераправы, выкарыстоўваючы артылерыю і беспілотнікі.
На цяперашнім этапе вайны Расія спрабавала фарсіраваць раку Аскол з мэтай паўторнага захопу Купянска ў Харкаўскай вобласці. Спробы, якія працягваліся са снежня 2024 года, скончыліся правалам у сакавіку 2025-га.
На думку экспертаў , асноўнай праблемай для расійскіх войскаў застаецца нізкі ўзровень «калектыўнай падрыхтоўкі»: частка новых папаўненняў праходзіць толькі мінімальную ваенную падрыхтоўку, што адбіваецца на іх здольнасці праводзіць скаардынаваныя манеўры ў складзе буйных падраздзяленняў. У выніку шматлікія атакі ажыццяўляюцца малымі фарміраваннямі, без узгодненай падтрымкі і комплекснай стратэгіі, што ўскладняе наступальныя дзеянні расійскай арміі.
* * *
У ноч на 24 ліпеня расійцы масіравана атакавалі Адэсу ўдарнымі БПЛА: разбурылі 9-павярхоўку, пашкодзілі легендарны рынак «Прывоз», помнікі архітэктуры і іншую грамадзянскую інфраструктуру. У горадзе паўсталі маштабныя пажары, пацярпелі тры чалавекі.
У ноч на 24 ліпеня расійскія войскі нанеслі ўдар па Чаркасах, у горадзе былі пажары, пацярпелі 7 чалавек, сярод іх дзіця.
Расійскія войскі ноччу «Шахедамі» атакавалі Запарожжа і Запарожскі раён. Удары нанесеныя па дачных кааператывах, пашкоджаныя гаспадарчыя пабудовы. Адзін удар прыйшоўся па корпусе навучальнай установы, які на сённяшні дзень не выкарыстоўваецца. Папярэдне, пацярпелых няма.
У ноч на 24 ліпеня беспілотнікі атакавалі Нікалаеў, у горадзе адбыліся пажары, пацярпелых няма.
Беспілотнікі здзейснілі атаку на нафтабазу «Лукойл-Югнефтепродукт» у расійскім горадзе Адлер. Гэтая нафтабаза забяспечвае палівам міжнародны аэрапорт Сочы. Пра шматлікія выбухі паведамляюць росСМІ і сацсеткі.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп кантактуе з Сенатам адносна санкцый супраць Расіі, але хоча асабіста прымаць рашэнні, паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт падчас брыфінгу.
Ёй задалі пытанне аб часовым адкліканні законапраекта аб увядзенні санкцый супраць Расіі — гэта адбылося пасля таго, як Трамп заявіў, што хоча дзейнічаць у аднабаковым парадку.
«Прэзідэнт мае вельмі цесныя зносіны са сваімі сябрамі ў Сенаце, асабліва з сенатарам Ліндсі Грэмам па гэтым пытанні. Але прэзідэнт заўсёды сцвярджаў, што ён з'яўляецца галоўнакамандуючым і прэзідэнтам не проста так, і ён быў глыбока ўцягнуты ў гэты канфлікт з самага пачатку», — адказала прэс-сакратарка Белага дому.
Таму Левіт адзначыла, што любыя рашэнні па санкцыях Трамп хоча пакінуць за сабой.
Раней The New York Times пісала, што пагроза Трампа пакараць Расію, калі яна не дасягне замірэння з Украінай цягам 50 дзён, спыніла двухпартыйную ініцыятыву ў Сенаце для ўвядзення жорсткіх новых санкцый супраць краін, якія вядуць бізнэс з Масквой.
Законапраект, суаўтарамі якога з'яўляюцца сенатары Ліндзі Грэм і Рычард Блюменталь, падтрымалі 83 сенатары. Ён прадугледжвае ўвядзенне санкцый у памеры мінімум 500% на імпарт з Расіі ці з любой краіны, якая купляе расійскі ўран або нафту і нафтапрадукты.
Спачатку было заяўлена, што законапраект можа быць вынесены на галасаванне ў гэтым месяцы, але пазней лідары рэспубліканцаў адступілі, каб дазволіць Трампу прыняць аднабаковыя меры.
* * *
У Дзярждэпе ЗША ўхвалілі два пакеты вайсковай дапамогі Украіне. У першы пакет увойдуць сістэмы СПА HAWK Phase III і іх абслугоўванне, у другі — БМП Bradley і іх рамонт, паведамляе сайт Пентагона. Кошт пакета HAWK ацэньваецца ў 172 мільёны даляраў. Кошт пакета Bradley — 150 мільёнаў даляраў ЗША.
* * *
Кіраўнікі ўкраінскай і расійскай дэлегацый на перамовах у Стамбуле Рустэм Умераў і Уладзімір Мядзінскі заявілі аб дамоўленасці абмяняць яшчэ больш за 1200 ваеннапалонных з кожнага боку. Пры гэтым удзельнік украінскай дэлегацыі Сяргей Кісліца ўдакладніў, што гаворка ідзе аб вяртанні менавіта ваеннапалонных, тады як грамадзянскіх і дзяцей «трэба вярнуць», яны не ўваходзяць у абмены.
Мядзінскі таксама заявіў, што Расія прапанавала Украіне перадаць яшчэ 3 тысячы целаў загінулых украінскіх вайскоўцаў, і прапанавала Кіеву разгледзець пытанне абвяшчэння кароткіх, па 24, 48 гадзін «замірэнняў», каб забраць параненых і целы байцоў.
Спікер МЗС Украіны Георгій Ціхі адзначыў, што прапанова РФ аб кароткіх перыядах спынення агню на пэўных участках фронту не з'яўляецца нечым новым, і гэта нельга назваць «сапраўдным перамір'ем».
Ён сказаў, што РФ вылучала ідэі «перамір'яў» на Вялікдзень, на Дзень Перамогі. «Расійцы спрабуюць прадаць гэта як спыненне агню, а ў нашым разуменні гаворка ідзе аб спыненні агню на зямлі, на моры і ў паветры. Гэта мы разумеем пад поўным перамір'ем. Таксама грамадзянская інфраструктура і жылыя масівы павінны пры гэтым быць у бяспецы. А гэтыя гуманітарныя паўзы — гэта тое, што ўжо адбываецца, і гэта нельга назваць сапраўдным перамір'ем», — адзначыў ён.
* * *
У рамках рэалізацыі Стамбульскіх дамоўленасцяў з расійскім бокам, 23 ліпеня Украіна вярнула дадому чарговую групу цяжкапараненых і цяжкахворых ваеннапалонных. Гаворка ідзе пра воінаў, якія доўгі час утрымліваліся ў жорсткіх умовах і мелі патрэбу ў неадкладнай медыцынскай дапамогі.
У цэлым, па выніках апошніх трох раўндаў перамоваў у Стамбуле, ва Украіну ўжо ўдалося вярнуць больш за 1000 яе грамадзян. «Гэта адзін з самых маштабных гуманітарных прарываў за ўвесь час поўнамаштабнай вайны», — адзначылі ў Офісе прэзідэнта Украіны.
У рамках абмену 23 ліпеня ва Украіну вярнуўся, у прыватнасці, апошні з абаронцаў выспы Змяіны — баец Дзяржаўнай памежнай службы Віталь Гірэнка.
* * *
Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ў еўрапейскіх органах бяспекі і дакументы, якія ўключаюць кантракты, рахункі-фактуры і мытныя дакументы піша, што Кітай таемна пастаўляе ў Расію рухавікі для дронаў — пад маркіроўкай «прамысловыя халадзільныя ўстаноўкі», каб пазбегнуць заходніх санкцый.
Паводле звестак агенцтва, гэтыя пастаўкі дазволілі расійскаму вытворцу зброі «Купал» павялічыць вытворчасць ударных беспілотнікаў «Гарпія А1», нягледзячы на санкцыі ЗША і ЕС, уведзеныя ў кастрычніку.
Унутраны дакумент прадпрыемства «Купал»паказаў, што кампанія падпісала кантракт з Міністэрствам абароны Расіі на вытворчасць больш за 6000 «Гарпій» сёлета, у параўнанні з 2000 у 2024 годзе. У дакуменце пазначана, што да красавіка ўжо было пастаўлена больш за 1500 беспілотнікаў.
Дроны далёкага радыусу дзеяння выкарыстоўваюцца для атак на грамадзянскія і ваенныя мэты ўглыбіні ўкраінскай тэрыторыі, прычым Расія выкарыстоўвае каля 500 такіх дронаў у месяц.