Жыць без Канстытуцыі – лёгка!

Да 1994 года Беларусь жыла без новай, распрацаванай для сябе Канстытуцыі. Далейшыя зьдзекі з Асноўнага закону вядомыя, бадай, усім. А мы скіруем позірк на некаторыя сучасныя дзяржавы, дзе атрымліваецца дзесяцігодзьдзямі жыць без Канстытуцыі. Як высьвятляецца, так можна.

Падпісаньне часткі асноўных законаў у Ізраілі

Падпісаньне часткі асноўных законаў у Ізраілі

Ізраіль

Калі Ізраіль абвесьціў сваю незалежнасьць у траўні 1948-га года, ён абавязаўся прыняць канстытуцыю на працягу некалькіх месяцаў. Але, як вядома, на наступны дзень навакольныя ісламскія краіны разам напалі на новаствораную дзяржаву з мэтай цалкам яе зьнішчыць. Гэтая вайна прымусіла адкласьці падрыхтоўку і прыняцьце Асноўнага закону Ізраіля.

Стваральнікі ізраільскай дзяржавы разыходзіліся ў меркаваньнях не толькі ў тым, што павінна казаць канстытуцыя, але і ў тым, ці павінна яна ўвогуле існаваць. Ідэя кадыфікацыі палітычнай ідэнтычнасьці краіны, юрыдычных абмежаваньняў і грамадзянскіх правоў сустрэла супраціў практычна з усіх бакоў палітычнага спэктру.

З самага пачатку рэлігійныя партыі супраціўляліся любым крокам да сьвецкай канстытуцыі заходняга ўзору. Яны непакоіліся, што яна маргіналізуе габрэйскае права і рэлігійныя нормы ў грамадзкім жыцьці. Рэлігійныя партыі патрабавалі і ўвыніку забясьпечылі кантроль над пытаньнямі асабістага статусу, такімі як шлюб і пахаваньне. Іншымі словамі яны казалі, што ў Ізраіля ўжо ёсьць канстытуцыя – гэта Тора (знаёмы нам Стары Запавет).

У той жа час бачаньне Ізраіля як габрэйскай і дэмакратычнай дзяржавы адначасова стварала сваю ўласную супярэчнасьць. Ці можа канстытуцыя сапраўды гарантаваць роўныя правы ўсім грамадзянам, у тым ліку значнай арабскай меншасьці, не аспрэчваючы прымат габрэйскай нацыянальнасьці? Замацаваньне грамадзянскай роўнасьці магло паставіць пад пагрозу саму ідэю габрэйскай радзімы. Лепш, як, разважалі бацькі-заснавальнікі, пакінуць гэтае пытаньне нявызначаным. Бо і сапраўды, калі ўзяць пад увагу розную агульную нараджальнасьць у габрэяў і арабаў, можна было б прыйсьці да моманту, калі негабрэяў у габрэйскай краіне магло стаць больш.

Такія асобы, як Давід Бэн-Гурыён, аддавалі перавагу моцнаму, суверэннаму Кнэсэту, не абцяжаранаму канстытуцыйнымі абмежаваньнямі. Жорсткая канстытуцыя з судовым кантролем магла б абмежаваць гнуткасьць урада ў перыяд нацыянальнага будаўніцтва і шэрагу войнаў. Рызыка судовага ўмяшаньня ў палітычныя пытаньні лічылася занадта высокай.

Абвяшчэньне незалежнасьці Ізраіля ў 1948 годзе

Абвяшчэньне незалежнасьці Ізраіля ў 1948 годзе

Замест адзінага дакумэнту Ізраіль у 1950 годзе прыняў тое, што стала вядома як «Рэзалюцыя Харары». Гэта было пагадненьне аб прыняцьці «Асноўных законаў» адзін за адным, каб паступова сфармаваць канстытуцыю з цягам часу. Як выявілася, гэты час так і не надыйшоў. Да 1990-х гадоў асобныя асноўныя законы былі інтэрпрэтаваныя Вярхоўным судом як канстытуцыйныя па сваёй прыродзе. Тады ўпершыню ізраільскія судзьдзі адмянілі законы, прынятыя Кнэсэтам.

Старшыня Вярхоўнага суда назваў у той час гэтую трансфармацыю канстытуцыйнай рэвалюцыяй. Аднак шмат хто лічыў падыбныя актыўнасьці Суда нелегітымнымі, і называлі гэта захопам улады неабранымі элітамі, якія выкарыстоўвалі прававыя нормы, каб адмяніць волю народа.

Да 2023–2024 гадоў гэтая негатыўная рэакцыя вылілася ў паўнавартасны інстытуцыйны крызіс. Урад прэм'ер-міністра Бэньяміна Нэтаньяху прапанаваў радыкальныя зьмены ў судовай сістэме, скіраваныя на абмежаваньне яе незалежнасьці і зьмяншэньне яе здольнасьці пераглядаць заканадаўства. Гэта справакала буйны палітычны крызіс і новыя грамадзкія дэбаты. На сёньня, нягледзячы на наяўнасьць асобна прынятых разьдзелаў Канстытуцыі, іх зьмяніць можна з легкасьцю на любым паседжаньні парлямэнту.

Глядзіце таксама

Ізраіль нарадзіўся без канстытуцыі, таму што яго лідэры баяліся, што напісаная канстытуцыя падзеліць нацыю. Сёньня менавіта адсутнасьць Асноўнага закону пагражае зрабіць менавіта гэта. Але мала хто зьдзівіцца, калі і да 100-годзьдзя Ізраіля ў 2048 годзе дзяржава прыйдзе без гэтага дакумэнту.

Новая Зэляндыя

У тым, як Новая Зэляндыя кіруе сабой, адчуваецца ціхая ўпэўненасьць. Ніякіх грандыёзных дэклярацыяў, ніякага сьвятога ўстаноўчага дакумэнта, ніякага адзінага юрыдычнага дакумэнта, які б акрэсьліваў правы яе грамадзянаў або паўнамоцтвы яе інстытутаў. І ўсё ж дэмакратыя функцыянуе.

Шмат для каго гэта можа здацца дзіўным: як сучасная дэмакратычная краіна існуе без напісанай канстытуцыі? Адказ крыецца ў тым, як разьвівалася Новая Зэляндыя. У адрозьненьне ад іншых былых калёній Вялікай Брытаніі, якія абвесьцілі незалежнасьць з напісанымі канстытуцыямі, створанымі ў запале рэвалюцыі ці вызваленьня, Новая Зэляндыя абрала больш павольны шлях.

Не было адзінага моманту заснаваньня, ніякага ўстаноўчага сходу, які б вызначыў нацыю ў адным канчатковым тэксце. Замест гэтага існаваў шэраг законаў, кампрамісаў і канвэнцыяў, якія паступова разьвіваліся. Гэта можна назваць канстытуцыяй шляхам назапашваньня. Першым канстытуцыйным жэстам краіны стала «Дамова Вайтангі» ў 1840 годзе. Гэта дакумэнт, падпісаны паміж прадстаўнікамі брытанскай кароны і правадырамі мясцовага насельніцтва – маоры.

Падпісаньне «Дамовы Вайтангі» ў 1840 годзе

Падпісаньне «Дамовы Вайтангі» ў 1840 годзе

Фармальнае кіраваньне пачалося з «Канстытуцыйнага Акта» Новай Зэляндыі 1852 года, прынятага не новазэляндцамі, а брытанскім парлямэнтам. Ён заклаў аснову для самакіраваньня.

Законы прымаліся пры неабходнасьці, правы пашыраліся па меры зьмены каштоўнасьцей, а мэханізм ураду карэктаваўся ў адпаведнасьці з гэтым. Многія лічылі, што фармальная канстытуцыя толькі перашкаджала б існаваньню дзяржавы. Гэты падыход стаў вызначальным для канстытуцыйнага характару Новай Зэляндыі: парлямэнт зьяўляецца суверэнным, суды тлумачаць, але не адмяняюць рашэньні, а народ кіруе праз абраных прадстаўнікоў, якім давяраюць дзейнічаць добрасумленна.

Але, нягледзячы на ідэалістычны малюнак, які адпавядае белым авечкам на зялёных лугах краіны, засталіся супярэчнасьці, якія ніколі цалкам не вырашаліся. Лідары маоры даўно сцьвярджаюць, што без уключэньня прынцыпаў Дамовы Вайтангі 1840 года ў вышэйшы закон, Новая Зэляндыя ніколі не зможа цалкам выканаць сваё фундамэнтальнае абяцаньне аб партнэрстве паміж карэннымі народамі і пасяленцамі.

Акрамя таго, існуе Закон аб правах, прыняты ў 1990 годзе для кадыфікацыі асноўных грамадзянскіх свабодаў. Але ў адрозненьне ад краінаў, дзе такія тэксты ўкараніліся, у Новай Зэляндыі гэта звычайны статут. Суды могуць абвесьціць законы несумяшчальнымі зь ім.

Урывак з «Дамовы Вайтангі» 

Урывак з «Дамовы Вайтангі» 

Шырэйшая «канстытуцыя» раскіданая па дзясятках крыніцаў: гэта, напрыклад, Закон аб Канстытуцыі 1986 года, выбарчыя законы, судовыя рашэньні, канвэнцыі, атрыманыя ў спадчыну яшчэ ад Брытаніі, нават так званыя «патэнтныя лісты», якія вызначаюць паўнамоцтвы генэрал-губэрнатара (нагадаем, кіраўніком краіны зьяўляецца кароль Злучанага Каралеўства Карл ІІІ).

Правілы, якія трымаюць сістэму разам, зразумелыя тым, хто ў ёй знаходзіцца, але застаюцца незразумелымі для многіх грамадзянаў. Няма адзінага дакумэнта, да якога можна зьвярнуцца. Нядаўна жыхароў краіны спыталі, ці патрабуюць яны сапраўднай Канстытуцыі. Як выявілася, не асабліва.

Саўдаўская Арабія

Нават аўтарытарныя рэжымы ў наш час імкнуцца ствараць нешта падобнае да Канстытуцыі, хаця б для выгляду. Тым не менш, самая ўплывовая абсалютная манархія ў арабскім сьвеце, ніколі не прымала канстытуцыю ў фармальным, пісьмовым сэнсе. Каралеўства кіруе не на падставе кадыфікаванай грамадзкай дамовы, а на падставе тэакратычнай праклямацыі, каралеўскага загада і дынастычнай легітымнасьці.

Адсутнасьць канстытуцыі ў Саўдаўскай Арабіі не выпадковая. Гэта наўмыснае адмаўленьне ад так званых лібэральных мадэляў кіраваньня, якое ўкаранілася ў ідэю, што папярэднічала сучаснай нацыянальнай дзяржаве: «сувэрэнітэт належыць Богу, а не народу».

Унук заснавальніка Саўдаўскай Арабіі прынц Махамэд бін Салман

Унук заснавальніка Саўдаўскай Арабіі прынц Махамэд бін Салман

Саўдаўская Арабія супраціўляецца канстытуцыяналізму, бо вызначае сябе не як дзяржаву законаў, але як вартаўнікоў Боскага парадку.

Калі Абдулазіз ібн Саўд аб'яднаў Арабійскую паўвыспу ў пачатку ХХ стагодзьдзя, ён не стварыў рэспубліку і не заклікаў да прыняцьця канстытуцыі. Замест гэтага ён абвесьціў каралеўства, якое кіраецца ісламскімі законамі шарыяту.

У той час як большасьць новых арабскіх дзяржаваў пасьля руйнаваньня Асманскай імпэрыі імкнуліся ўсталяваць канстытуцыі, якія вызначалі б правы, інстытуты і абмежаваньні ўлады, саўдаўскі праэкт пайшоў па іншым шляху.

Улады Саўдаўскай Арабіі часта сцьвярджаюць, што ў Каралеўстве «сапраўды ёсьць канстытуцыя»: Каран і Сунна (вучэньне прарока Мухамэда). У 1992 годзе кароль Фахд выдаў дакумэнт пад назвай «Асноўны закон аб кіраваньні», які многія разглядалі як псэўдаканстытуцыю. Але яго мэтай было сцьвярджэньне абсалютнай манархічнай улады і ісламскага вяршэнства права.

Тэкст акрэсьлівае шырокія прынцыпы кіраваньня, але не прапануе ніякіх выканальных правоў, падзелу ўладаў і мэханізмаў публічнай падсправаздачнасьці. Уся ўлада паходзіць ад караля, і ўсе законы інтэрпрэтуюцца праз прызму ісламу.

Глядзіце таксама

Няма незалежнай судовай сістэмы ў заходнім разуменьні. І гэта зроблена, вядома, наўмысна. Замацаваньне юрыдычных абмежаваньняў азначала б сумнеў у тэалягічнай і дынастычнай легітымнасьці самога Дома Саўдытаў.

Жорсткі рэпрэсіўны рэжым у гэтай краіне цалкам выключае права звычайных людзей на вызначэньне кірунку, у якім мусіць разьвівацца Саўдаўская Арабія. Зразумела, што без дынастыі саўдытаў і дзяржава зьменіць сваю назву.