Крэмль: Ніякія санкцыі не прымусяць Расію змяніць свой курс у вайне супраць Украіны
Крэмль вуснамі свайго спікера Пяскова фактычна адмовіўся ад мірных перамоў па Украіне. Эксперты таксама адзначаюць, што Пуцін мае намер працягваць вайну нягледзячы ні на што. Высілкі ЗША па мірным урэгуляванні фактычна сарваныя. Тым часам армія РФ страчвае ініцыятыву на фронце ва Украіне. Ідуць 1294-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 195 баявых сутыкненняў, паведамяле Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 верасня.
Траціна атак па-ранейшаму прыходзіцца на Пакроўскі кірунак — там УСУ спынілі 64 атакі расіян ў раёнах Радзінскага, Міралюбаўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Новападгараднае, Дачнага, Шахавага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 51 штурм у раёнах Філіі, Ялты, Паддубнага, Талстога, Аляксандраграду, Січневага, Камышувахі,і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Калодзежаў, Новаміхайлаўкі, Глушчанкова, Торскага.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку зафіксавана 11 баявых сутыкненняў. На Купянскім і Тарэцкім кірунках за суткі зафіксавана па дзевяць атак расіян на кожным.
* * *
Украінскім войскам удалося прасунуцца на поўначы Сумскай вобласці, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Украінскі ваенны назіральнік Канстанцін Машавец заявіў 8 верасня, што ўкраінскія войскі вярнулі сабе Безсалаўку (на паўночны захад ад Сумаў).
Таксама геалакацыйныя відэазапісы, апублікаваныя 8 верасня, сведчаць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся ва ўсходнім Зарэчным на Ліманскім кірунку.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 7 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Ваўчанскага маслаэкстракцыйнага завода на захадзе Ваўчанска (паўночны ўсход ад Харкава).
* * *
У ноч на 9 верасня Расія атакавала Украіну 84 ударнымі беспілотнікамі тыпу Shahed, Гербера і іншымі тыпамі дронаў. Сродкамі супрацьпаветранай абароны было знішчана або падаўлена 60 БПЛА.
У Запарожжы ў выніку дронавай атакі ўзнік пажар. У выніку ўдару гарэў прыватны дом, атрымала раненні 66-гадовая жанчына.
* * *
Апошнія атакі Расіі сведчаць, што Уладзімір Пуцін не збіраецца спыняць вайну, нягледзячы на перамовы і заклікі ЗША, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе Расія паслядоўна нарошчвала аб'ём і эфектыўнасць ударных пакетаў. Пасля ўкраінска-расійскіх перамоваў у Стамбуле 15 траўня 2025 года тэмп атак значна вырас. З тых часоў адбылося 16 камбінаваных удараў з больш за 400 паветранымі мэтамі.
Атака ў ноч з 6 на 7 верасня стала пятай па ліку з ужываннем больш за 500 дронаў і ракет пасля саміту ЗША і Расіі на Алясцы 15 жніўня, адзначаюць эксперты ISW.
Пуцін неаднаразова адпрэчваў спробы Украіны і ЗША ўсталяваць перамір'е на полі бою, падкрэсліваючы, што Расія не пагодзіцца на спыненне агню без падпісання «мірнага» пагаднення. Ніякіх крокаў для падрыхтоўкі расійскага грамадства або інфармацыйнай прасторы да завяршэння вайны на ўмовах, адрозных ад поўнай капітуляцыі Украіны, не рабілася.
Са слоў аднаго з расійскіх вайсковых блогераў, маштаб начной атакі 7 верасня дэманструе «нязломную волю» Расіі і паказвае, што Крэмль «ветліва ігнаруе» асуджэнне ўдараў прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Блогер дадаў, што перамовы ператвараюцца ў «пустыя размовы».
* * *

* * *
Міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні заявіў, што чакаць міру ва Украіне найбліжэйшым часам не варта. Ён падкрэсліў, што толькі новыя санкцыі здольныя паўплываць на Расію, паведамляе Rai News.
Па словах кіраўніка МЗС Італіі, ён не чакае ніякіх канкрэтных зрухаў ва ўрэгуляванні вайны да Каляд. Чыноўнік адзначыў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разлічваў на канструктыўную пазіцыю расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, аднак ягоны адказ быў «адмоўным».
«Адзіны рэальны інструмент сёння — гэта санкцыі, якія б пазбавілі Расію магчымасці фінансаваць войска праз доступ да рэсурсаў», — падкрэсліў кіраўнік італьянскай дыпламатыі.
Таксама Таяні назваў «бескарыснымі» апошнія пагрозы Крамля пасля таго, як Пуцін заявіў, што будзе лічыць «законнай мэтай» еўрапейскія войскі, калі іх увядуць на тэрыторыю Украіны.
* * *
У Крамлі заявілі, што ніякія санкцыі не прымусяць Расію змяніць свой курс у вайне супраць Украіны. Гэта прагучала праз некалькі гадзін пасля таго, як ЗША і Еўрапейскі Саюз далі зразумець, што разглядаюць магчымасць новых эканамічных абмежаванняў, піша Reuters.
За час вайны Захад увёў дзясяткі тысяч санкцый, спрабуючы аслабіць эканоміку Расіі коштам $2,2 трыльёна і падарваць падтрымку дыктатара Уладзіміра Пуціна.
Сам Пуцін сцвярджае, што эканоміка Расіі, нібыта цяпер расце хутчэй, чым у краін «Вялікай сямёркі», і нібыта вытрымала санкцыйны ціск дзякуючы выдаткам на вайну. Ён загадаў бізнэсу і чыноўнікам любым спосабам абыходзіць абмежаванні.
«Ніякія санкцыі не змогуць прымусіць Расійскую Федэрацыю змяніць паслядоўную пазіцыю», — заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у нядзелю заявіў, што гатовы перайсці да «другой фазы» санкцый супраць Расіі — гэта найбольш адкрытая ягоная заява аб узмацненні ціску на Маскву ці на тых, хто купляе яе нафту. Прэзідэнт Еўрапейскага Савета Антоніу Кошта адзначыў, што новыя санкцыі ЕС рыхтуюцца ў цеснай каардынацыі з ЗША.