Нэтаньяху – 75. Супярэчлівы і вялікі сын ізраільскага народу

Бібі, як яго называюць на радзіме, рэкордны 18-ты год (з перапынкамі) кіруе Ізраілем. На яго жыцьцё выпала багата падзеяў, значнасьць якіх яшчэ больш будзе ўражваць на адлегласьці часу. Адзін з самых знакамітых палітыкаў сучаснасьці цягне за сабою шлейф бліскучых перамогаў разам з непазьбежным сьледам шэрых справаў. Паглядзім на Бэньяміна бліжэй, тым больш ягоны дзед паходзіць з нашага Крэва.

Бэньямін Нэтаньяху. Фота: INP

Бэньямін Нэтаньяху. Фота: INP

Архітэктар бясьпекі

Пасьля Давіда Бэн-Гурыёна і Голды Мэір, людзей, якія кіравалі Ізраілем у самыя складаныя гады змаганьня за само існаваньне габрэйскай дзяржавы, сёньняшні час патрабаваў чалавека на чале, здольнага на рашучыя дзеяньні.

Знаходжаньне на пасадзе Бэньяміна Нэтаньяху адзначанае рэзкім акцэнтам на абароне Ізраіля ад вонкавых пагрозаў, асабліва з боку Ірана і розных тэрарыстычных арганізацый, такіх як Хезбала і ХАМАС.

Пры Нэтаньяху Ізраіль уклаў значныя сродкі ў ваенныя тэхналёгіі, у тым ліку ў распрацоўку сістэмы супрацьракетнай абароны «Жалезны купал», якая абараняе мноства мірных жыхароў Ізраіля ад ракетных нападаў з Газы, Лібана і Ірана.

Запуск гэтай сістэмы адбыўся ў 2011 годзе.

Глядзіце таксама

Выкрываньне іранскай хлусьні

Пад кіраўніцтвам урада Нэтаньяху сьвет назіраў за апэрацыяй Масад па захопе ядзерных архіваў Ірана ў 2018 годзе. Іранскі ядзерны архіў зьмяшчаўкаля 100 тысячаў дакумэнтаў, даў падрабязны агляд ядзернай праграмы Ірана, асабліва перыяду паміж 1999 і 2003 гадамі. Хоць Іран публічна спыніў праэкт у тым 2003 годзе, высьветлелася, што гэта зусім не так.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Нэтаньяху публічна раскрыў існаваньне архіва 30 красавіка 2018 года. Пасьля прэзентацыі Масад падзяліўся поўным архівам з супрацоўнікамі выведак ЗША, Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі.

Праз некалькі дзён пасьля выступу Нэтаньяху прэзідэнт Трамп вывеў ЗША з так званага Сумеснага ўсёабдымнага пляна дзеяньняў, што быў падпісаны пры папярэдніку, Бараку Абаме. Той лічыў, што Іран адмовіўся ад ядзерных думак, і замест санкцый прапісаў фінансавую падтрымку рэжыму аяталаў у Тэгеране.

Бэньяміна Нэтаньяху падчас службы

Бэньяміна Нэтаньяху падчас службы

Мір з арабскімі дзяржавамі

Нэтаньяху дапамог у заключэньні «Абрагамавых пагадненьняў» у 2020 годзе, якія нармалізавалі адносіны паміж Ізраілем і некалькімі арабскімі дзяржавамі - Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, Бахрэйнам, Марока і Суданам.

Зьнішчэньне галоўных ворагаў

Ях'я Сінвар, Хасан Насрала, Ісмаіл Ханія. Уплыў ад ліквідацыі лідараў тэрарыстаў ХАМАС і Хізбалы будзе адчувацца дзесяцігодзьдзямі. Нават пры зьяўленьні новых галоваў на целе гідры, яны ня здолеюць несьці тую ж пагрозу, што і раней. Фанатыкі адыйшлі ў горшы для іх сьвет, а наступнае пакаленьне будзе мець пры сабе яскравы прыклад непазьбежнай адплаты.

Адзін за адным Ізраіль адсочваў і зьнішчаў кіраўніцтва сваіх найбуйнейшых ворагаў. Прэцэдэнтаў падобнай апэрацыі ў сучаснай гісторыі было мала, калі ўвогуле былі.

Адной з галоўных мэтаў Ізраіля з пачатку сёньняшняй вайны было зьнішчэньне лідэраў ХАМАС і ўсіх баевікоў, якія ўдзельнічалі ў нападах 7 кастрычніка 2023 года. Мэта фактычна выкананая.

За першыя шэсьць месяцаў вайны Ізраіль пасьпяхова ліквідаваў некалькі ключавых камандзіраў як з ХАМАС, так і з Хізбалы. Значны прарыў адбыўся ў сярэдзіне ліпеня 2024 года, калі ізраільскія войскі забілі Махамэда Дэйфа, кіраўніка вайсковага крыла ХАМАС, у выніку авіяўдару ў Газе. Дэйф быў адным з галоўных архітэктараў тэрактаў 7 кастрычніка, і ўпершыню Ізраіль пасьпяхова нэйтралізаваў асобу яго ўзроўню ў канфлікце.

Ях'я Сінвар

Ях'я Сінвар

Праз два тыдні Ізраіль нанёс яшчэ адзін цяжкі ўдар, на гэты раз па «Хізбале». У выніку авіяўдару ў Бэйруце загінуў Фуад Шукр, вярхоўны вайсковы камандзір Хізбалы. Гэта была самая значная страта «Хізбалы» з моманту забойства Ізраілем Імада Мугніэ, папярэдняга ваеннага камандзіра тэрарыстычнай групоўкі, у 2008 годзе.

Дзеяньні Ізраіля яшчэ больш актывізаваліся. У Тэгеране бомба забіла палітычнага лідэра ХАМАС Ісмаіла Ханію. У сярэдзіне верасьня Ізраіль правёў беспрэцэдэнтную таемную апэрацыю супраць «Хізбалы», калі выбухнулі тысячы пэйджараў і рацый, якімі карысталася тэрарыстычная арганізацыя. У выніку нападу загінулі або былі параненыя тысячы адэптаў Хізбалы, у тым ліку некалькі высокапастаўленых кіраўнікоў.

У наступныя дні серыя бязьлітасных авіяўдараў зьнішчыла значную частку ракетных запасаў Хізбалы. Кульмінацыя гэтых удараў адбылася ў канцы верасьня, калі Ізраіль забіў лідэра Хізбалы Хасана Насралу ў яго бункеры разам са шматлікімі намесьнікамі. Сярод загінулых былі Алі Каракі, камандзір паўднёвага фронту Хізбалы, і брыгадны генэрал Абас Нілфарушан, камандзір Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана, дыслякаванага ў Лібане.

Менш чым праз тыдзень Ізраіль нанёс новы ўдар, і забіла пераемніка Насралы Хашыма Сафі ад-Дзіна ў выніку авіяўдару па штаб-кватэры выведкі Хізбалы. Разам з ад-Дзінам у тым жа бункеры знаходзіўся кіраўнік выведкі Хусэйн Хазіма.

Ісмаіл Ханія

Ісмаіл Ханія

І вось на днях кіраўнік ХАМАС Сінвар адправіўся ўсьлед за іншымі тэрарыстамі.

Па сутнасьці Ізраіль пад кіраўніцтвам Нэтаньяху зрабіў тое, што патрабавалася яшчэ 30-40 гадоў таму. Для фул-хаўза не хапае, відаць, толькі імя сапраўднага лідара Ірана, аяталы Хаменэі.

Не толькі абарона

Калі Нэтаньяху заняў пасаду міністра фінансаў у пачатку 2000-х гадоў, эканоміка Ізраіля знаходзілася ў не самым лепшым становішчы. Нэтаньяху распачаў серыю рынкавых рэформаў, скіраваных на скарачэньне дзяржаўных выдаткаў, заахвочваньне прыватызацыі і прасоўваньне палітыкі свабоднага рынку.

Адным са значных дасягненьняў Нэтаньяху стала разьвіцьцё высокатэхналягічнага сэктара Ізраіля. Дзяржава стала сусьветным лідэрам у галіне тэхналягічных інавацыяў, маючы больш стартапаў на душу насельніцтва, чым любая іншая краіна. Урад Нэтаньяху спрыяў інвэстыцыям. У той час як яго крытыкі сцьвярджаюць, што рэформы пагоршылі эканамічную няроўнасьць, абаронцы Нэтаньяху адзначаюць уплыў яго палітыкі на глябальнае эканамічнае становішча краіны.

Пад яго кіраўніцтвам ізраільская эканоміка стабільна расла. З пачатку 2000-х гадоў ВУП на душу насельніцтва павялічыўся больш чым удвая. Замежныя інвэстыцыі рэзка ўзраслі, і ізраільскія кампаніі сталі глябальнымі гульцамі ў розных сектарах ад кібербясьпекі да фармацэўтыкі.

Цёмныя плямы

Шматтысячныя акцыя пратэсту супраць судовых рэформаў у 2023 годзе. Фота: АР

Шматтысячныя акцыя пратэсту супраць судовых рэформаў у 2023 годзе. Фота: АР

Нэтаньяху быў абвінавачаны ў хабарніцтве, махлярстве і злоўжываньні даверам у некалькіх выпадках. Крытыкі прыгадваюць яго неаднаразовыя спробы саслабіць судовую сістэму, асабліва праз прапанаваныя рэформы, скіраваныя на абмежаваньне паўнамоцтваў Вярхоўнага суда. Апазыцыя абвінавачвала Бібі ў спробе сканцэнтраваць уладу ў выканаўчай уладзе. Вядомыя ініцыятывы Нэтаньяху па ўвядзеньні законаў, якія дазваляюць Кнэсэту, ізраільскаму парлямэнту, адмяняць пастановы Вярхоўнага суда.

Іншыя крытыкі дзейнага прэм'ера зьвяртаюцца да так званай праблемы размываньня пачуцьця агульнай ідэнтычнасьці ў Ізраілі. Прыкладам прыводзяцца выбары 2015 года, калі Нэтаньяху ў дзень галасаваньня папярэдзіў сваіх прыхільнікаў, што арабы «масавымі групамі прыходзяць на выбарчыя ўчасткі».

Шмат хто ўсярэдзіне краіны асудзіў такое выказваньне як расісцкае. Яно было скіраванае на згуртаваньне выбарнікаў перад абліччам усім вядомай праблемы. І сапраўды, што мы маем у нашыя дні? Вось невялікі прыклад, які меў месца некалькі тыдняў таму.

Дэпутат Кнэсэта ад арабскай партыі Аіда Тума Сьліман назвала ўдары ЦАХАЛу па Хізбале «разьнёй у Лібане». Яна напісала: «Разьня на поўдні Лібана. 270 загінулых  і гэта толькі першапачатковая лічба. Сотні да гэтага часу пахаваны пад заваламі, больш за 800 паранены. Тыя ж шакавальныя карціны, якія мы бачылі ў пачатку вайны ў Газе, той жа жах, тая ж сьляпая падтрымка. Нявінныя жанчыны, дзеці і старыя раздушаныя бомбамі. Колькі яшчэ крыві пральецца, пакуль тут не зразумеюць, што вайна не прынясе ніякай бясьпекі.

Яна дадала, што «гэтая вайна нясе толькі разбурэньні і злачынствы, ні міру, ні бясьпекі. Газа ўсё яшчэ пакутуе ад бамбардыровак, а гуманітарны крызіс пагаршаецца. Бясьпечнага месца няма, нават эвакуяваных бамбуюць у іх намётах, яны пакутуюць ад голаду, хваробаў і дажджоў. На акупаваным Заходнім Беразе пасяленцы дзень за днём нападаюць і тэрарызуюць. Няўжо ўсё гэта вярнула выкрадзеных?». Ізраільскі журналіст Авішай Грынцэйг адказаў ёй: «Віншую з талентам напісаць так шмат словаў пра Газу і Лібан, не згадваючы ХАМАС і «Хізбалу».

Глядзіце таксама

Здольнасьць Нэтаньяху вялікую колькасьць разоў атрымліваць разам з хаўрусьнікамі перамогу на выбарах (нагадаю, у Ізраілі ў адрозьненьне ад Беларусі галасы сапраўды лічаць) шмат хто ставіць яму ў якасьці хібы. Сцьвярджаецца, што гэта адлюстроўвае небясьпечную форму асабістага палітычнага культу.

Гэта даволі цікавае сцьвярджэньне, бо прыкладам пры парлямэнцкай форме кіраваньня, як, напрыклад, у Нямеччыне, падобных фразаў было амаль не чуваць адносна 16 гадоў кіраваньня Ангелы Меркэль (да таго ж безперапынных) ці тых жа 16 гадоў аднаго зь яе папярэднікаў Гэльмута Коля.

Суды

Што насамрэч вартае пільнай увагі, дык гэта даволі шматлікія эканамічныя абвінавачваньні, якія дайшлі да сапраўднага суда. Юрыдычныя праблемы Нэтаньяху ўпершыню пачалі моцна турбаваць палітыка ў 2017 годзе, калі ўсплыла серыя рассьледаваньняў.

Справы засяроджваліся на атрыманьні Нэтаньяху шчодрых падарункаў ад багатых дабрачынцаў, у тым ліку галівудзкага прадусара Арнона Мілчана і аўстралійскага мільярдэра Джэймса Пакера. Гэтыя падарункі, якія ўключалі дарагія цыгары, шампанскае і ювелірныя вырабы сталі прычынай таго, што Нэтаньяху дамагаўся падатковых ільготаў для такіх багатых людзей.

Самая сур'ёзная справа закранала адносіны Нэтаньяху з Шаўлем Элавічам, уладальнікам кантрольнага пакета акцыяў Bezeq, найбуйнейшай тэлекамунікацыйнай кампаніі Ізраіля. У абвінаваўчым заключэньні сцьвярджаецца, што Нэтаньяху, калі займаў пасады прэм'ер-міністра і міністра сувязі, прымаў нарматыўныя рашэньні, якія прыносілі фінансавую карысьць Bezeq. Узамен чакалася, што навінавы сайт, які належыць Элавічу, будзе спрыяльна асьвятляць Нэтаньяху.

Глядзіце таксама

У лістападзе 2019 года, пасьля некалькіх гадоў рассьледаваньня, генэральны пракурор Ізраіля высунуў абвінавачваньне Нэтаньяху ў хабарніцтве, махлярстве і злоўжываньні даверам. На гэта Бэньямін неаднаразова заяўляў, што абвінавачваньні палітычна матываваныя. Ён выстаўляў сябе абаронцам ізраільскіх каштоўнасьцяў і бясьпекі ад карумпаванай эліты, якая імкнецца зрынуць яго.

Калі Нэтаньяху будзе прызнаны вінаватым, яму можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўленьня волі за хабарніцтва і тры гады за махлярства і злоўжываньне даверам. Аднак судовы працэс не пачаўся. Ці вінаваты Бэньямін, будзе вядома пазьней.