ДНК-тэст мачы і радары, якія бачаць «скрозь сцены». Як Ізраіль шукаў галоўнага тэрарыста ХАМАСа

На пошук хамасаўскага тэрарыста № 1 былі кінутыя спецназ і выведнікі Ізраіля і ЗША, якія вызначылі яго месцазнаходжанне. Пасля гэтага Іх’я Сінвар быў ліквідаваны.

Калаж vesty.co.il

Калаж vesty.co.il

Амерыканская тэлекампанія CNN паведамляе 19 кастрычніка са спасылкай на ізраільскія крыніцы, што труп кіраўніка ХАМАСа Іх'і Сінвара, які ўтрымліваецца Ізраілем у таемным месцы, можа быць выкарыстаны ў якасці разменнай манеты ў перамовах аб угодзе па вызваленні закладнікаў. У той жа час амерыканская газета The New York Times публікуе новыя падрабязнасці аб «паляванні на Сінвара», якое папярэднічала яго ліквідацыі ў Рафаху (сектар Газа).

Паводле публікацыі, са жніўня ў ЦАХАЛа назапасіліся сведчанні таго, што Сінвар можа знаходзіцца ў раёне Тэль-Султан у Рафаху — менавіта там, дзе ён і быў знішчаны. Да прыкладу, выведка зафіксавала прысутнасць людзей у масках у асяроддзі ахоўнікаў, што магло сведчыць пра тое, што гэта не шараговыя баевікі. У верасні ўзор ДНК Сінвара быў знойдзены ў мачы, сабранай у адным з тунэляў у сектары Газа.

У паляванні на Сінвара прымалі ўдзел байцы спецназа, выведнікі, а таксама прафесіяналы са спецыяльнага аддзела ШАБАКа і ЦРУ, створанага для гэтай мэты. Яны выкарыстоўвалі сетку радыёэлектроннага назірання і пастаўленыя з ЗША асаблівыя георадары, здольныя «глядзець скрозь падлогу і сцены» для прачэсвання падзямелля. Аднак Сінвар перастаў падтрымліваць сувязь з дапамогай электронных сродкаў, што стварыла цяжкасці для сачэння.

31 студзеня спецназ ЦАХАЛа распачаў рэйд на вялікі тунэльны комплекс у Хан-Юнэсе , дзе хаваўся верхавод ХАМАСа, але ён збег адтуль некалькімі днямі раней. Мабыць, ён зрабіў гэта паспешліва, таму што пакінуў дакументы і буйную суму ізраільскіх грошай, эквівалентную аднаму мільёну долараў. У лютым у Ізраілі былі апублікаваныя фатаграфіі Сінвара ў тунэлі.

У жніўні стала вядома, што ЗША задзейнічаюць атрады спецыяльнага прызначэння са спецыяльнымі геарадарамі для дапамогі Ізраілю ў пошуку Сінвара.

Менавіта імкненне праслухоўваць Сінвара паслужыла падставай для патрабавання міністра абароны Ёава Галанта працягваць пастаўкі ў сектар Газы паліва для забеспячэння працы генератараў, сцвярджае NYT. Галант разлічваў, што гэта дазволіць Сінвару і далей карыстацца сродкамі электроннай сувязі, а значыць захавае ў Ізраіля опцыю праслухоўвання і сачэння. Аднак гэта патрабаванне выклікала рэзкую крытыку ў правага крыла ўрада, які патрабаваў спыніць пастаўкі ў Газу паліва. Зрэшты, на нейкім этапе Сінвар усвядоміў уразлівасць электронных сродкаў і перастаў іх выкарыстоўваць.

Аднак да таго часу выведцы ўдалося атрымаць некаторае ўяўленне пра яго жыццё ў падзямеллі. У тым ліку пра яго любоў да маніторынгу ізраільскіх СМІ.


Глядзіце таксама

Ізраільскія крыніцы паведамілі NYT, што ўсе члены ХАМАСа, якія хаваліся ў тунэлях, уключаючы Сінвара, час ад часу «выходзілі ў свет» — падымаліся на зямлю дзеля падтрымання фізічнага здароўя. У Сінвара таксама была выдатная выведка, дзякуючы якой ён ведаў, дзе няма сіл ЦАХАЛа, і мог некалькі разоў выходзіць з тунэляў у гэтых бяспечных для яго месцах сектара Газа. Але ўсяму прыходзіць канец.

Цяпер, пасля яго смерці, у Ізраілі разлічваюць на тое, што баевікі ХАМАСа праявяць вялікую гнуткасць у перамовах аб вызваленні закладнікаў і пажадаюць вярнуць іх наўзамен на гарантыю выезду з сектара. Разам з тым у Ізраілі асцерагаюцца, што ў выпадку пахавання Сінвара ў Газе яго магіла ператворыцца ў месца паломніцтва і вярбоўкі тэрарыстаў.

Ізраіль ліквідаваў лідара ХАМАСа Ях'ю Сінвара 16 акстрычніка ў выніку спецаперацыі ў сектары Газа. Ён памёр ад агнястрэльнага ранення ў галаву, паведаміў CNN галоўны патолагаанатам ізраільскага Нацыянальнага цэнтра судовай медыцыны Хен Кугель, які праводзіў ускрыццё. «У яго куля ў галаве і цяжкая чэрапна-мазгавая траўма», — паведаміў ён.

На целе Сінвара таксама былі выяўленыя шматлікія іншыя пашкоджанні, верагодна, звязаныя з ударам па будынку танкавым снарадам або ракетай. «Яны нанеслі сур'ёзны ўрон, але прычына смерці — агнястрэльнае раненне ў галаву», — падкрэсліў ён.

Армія абароны Ізраіля першапачаткова абвясціла, што Сінвар быў забіты ў выніку танкавага ўдару па доме ў сектары Газа.

На просьбу CNN пракаментаваць высновы Кугеля ў ЦАХАЛ паведамілі, што адбылася перастрэлка, якая скончылася тым, што ізраільскія вайскоўцы выпусцілі танкавы снарад па будынку. У арміі абароны Ізраіля падкрэслілі, што працягваюць высвятляць усе абставіны здарэння.

Ях'я Сінвар лічыцца галоўным арганізатарам нападу тэрарыстаў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.

Паводле vesty.co.il і meduza.io.