Не прайшло і тыдня. Ізраіль, падобна, услед за лідарам «Хезбалы» Насралой ліквідаваў і яго пераемніка
Паводле звестак інфармацыйных агенцтваў, падчас атакі Ізраіля Хашам Сафіедзін са сваімі паплечнікамі знаходзіўся ў падземным бункеры ў Бейруце, адкуль выбрацца жывым практычна немагчыма.
4 кастрычніка ў выніку ізраільскага ўдару па паўднёвым Бейруце на тэрыторыі Лівана быў ліквідаваны Хашам Сафіедзін. Гэта меркаваны пераемнік былога генеральнага сакратара арганізацыі «Хезбала» Хасана Насралы, якога Ізраіль ліквадаваў такім жа чынам 27 верасня. Таксама падчас атакі загінулі і ўсе яго паплечнікі, паведаміла саудаўскае навінавае агенцтва Al Hadath.
Саудаўскае выданне сцвярджае, што Ізраіль пацвердзіў факт ліквідацыі, аднак, паводле звестак The Jerusalem Post, інфармацыю саудаўскага агенцтва праверыць пакуль не ўдалося. Аднак, мяркуючы па характары ўдару і з улікам таго, што Сафіедзін знаходзіўся ў падземным бункеры, выбрацца адтуль жывым практычна немагчыма.
Хашам Сафіеддзін, стрыечны брат Насралы і ўплывовая фігура ў «Хезбале», быў уключаны ў спіс тэрарыстаў ЗША яшчэ ў 2017 годзе з-за яго працяглых сувязяў з гэтай групоўкай. На працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў ён узначальваў выканаўчы савет «Хезбалы», адыгрываючы ключавую ролю ў яе дзейнасці. Акрамя таго, ён звязаны з Іранам праз шлюб з дачкой загінулага камандзіра іранскіх сіл «Кудс» Касема Салеймані.
Удар па Сафіедзіну адбыўся на фоне абвастрэння канфлікту паміж Ізраілем і «Хезбалой». Нядаўна Ізраіль пачаў наземнае ўварванне ў Ліван, а Іран у сваю чаргу абрынуў ракетны шквал па ізраільскіх тэрыторыях. Напружанасць нарастае з абодвух бакоў, асабліва ў святле далейшай вайны ў Газе, дзе Іран падтрымлівае тэрарыстычныя групоўкі ХАМАС і «Хезбалу», якія здзяйсняюць трансгранічныя атакі на Ізраіль.
Прамы ўдзел Ірана ў канфлікце з Ізраілем выклікаў асцярогі, што рэгіён можа апынуцца ўцягнутым у маштабную вайну, якая закранае не толькі ваенна-палітычныя інтарэсы, але і крытычна важныя аб'екты інфраструктуры — ад нафтавых да ядзерных. Іранскія амбіцыі ў дачыненні да ядзернай зброі і ізраільскі ядзерны патэнцыял ўзмацняюць пагрозу далейшай эскалацыі канфлікту.
На фоне гэтых падзей прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін
Нетаньяху заявіў, што Іран заплаціць за свае дзеянні, маючы на ўвазе магчымыя
далейшыя ўдары па іранскіх аб'ектах у адказ на атакі іранскіх проксі. У сваю
чаргу амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн, адказваючы на пытанні журналістаў,
заявіў, што Белы дом абмяркоўвае варыянт ізраільскай атакі па нафтавых
радовішчах Ірана ў адказ на масіраваны ракетны ўдар па Ізраілю.