Святлана Алексіевіч падтрымала ўручэнне прэміі «палесцінскім журналісткам у Газе» праз год пасля нападу на Ізраіль
Сёлета арганізацыя RAW in WAR прысудзіла прэмію імя Ганны Паліткоўскай «палесцінскім журналісткам у Газе». Святлана Алексіевіч атрымала адпаведную прэмію ў 2018 годзе, а сёння з'яўляецца сябрам Камітэта па намінацыях.
Прэмію арганізацыі RAW in WAR (Reach All Women in WAR – «Дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны») імя забітай расійскай журналісткі Ганны Паліткоўскай у 2024 годзе атрымалі «палесцінскія журналісткі ў Газе».
Узнагароду прысудзілі 8 кастрычніка — праз год ад дня брутальнага нападу палесцінскіх тэрарыстаў на Ізраіль, а таксама ў дзень 18-й гадавіны забойства Ганны Паліткоўскай.
У абгрунтаванні свайго выбару арганізатары прэміі пішуць: «Жанчыны-журналісткі, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку для сябе, паведамлялі аб цяжкім становішчы мірных жыхароў і выступалі на абарону чалавецтва сярод цяжкіх чалавечых ахвяр, парушэння правоў і ваенных злачынстваў, учыненых, як мы гаворым, па ўсёй Газе».
Абвяшчала лаўрэатаў прэміі беларуская пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.
«Пакуль вайскоўцы і палітыкі гавораць мовай вайны, жанчыны-журналісткі абараняюць жыццё, ахвяруючы сваім уласным жыццём пад абстрэламі. Ратуюць само жыццё. Яны нам распавядаюць праўду пра пакуты свайго народа. Жанчыны заўсёды абараняюць жыццё, таму што жыццё прыходзіць у гэты свет праз жанчыну», — заявіла Алексіевіч.
Нагадаем, 7 кастрычніка 2023 палесцінскія тэрарысты зладзілі разню ў Ізраілі. Больш за 2500 баевікоў ХАМАС праніклі з зямлі, мора і па паветры на ізраільскую тэрыторыю. Каля 1200 ізраільцян былі забітыя, яшчэ 242 узятыя ў закладнікі. Гэты напад стаў найбуйным масавым забойствам габрэяў з часоў Халакосту. З таго дня Ізраіль вядзе вайну супраць тэрарыстаў.
Арганізатары прэміі заяўляюць: «Палесцінскія журналісты ў Газе, як мужчыны, так і жанчыны, разам з грамадзянскім насельніцтвам у цэлым жывуць у жудаснай гуманітарнай сітуацыі, змагаючыся за выжыванне на фоне ізраільскіх бамбардзіровак з паветра і зямлі, наземных аперацый з цяжкімі баямі, масавых перасяленняў, разбурэння дамоў і іншай грамадзянскай інфраструктуры, адключэння камунікацый, якое суправаджаецца хранічным недахопам ежы, вады, электрычнасці, паліва і медыкаментаў».
Пра ўмовы, у якіх тэрарысты ўтрымліваюць ізраільскіх закладнікаў (многія з якіх лічацца забітымі), прадстаўнікі RAW in WAR не згадваюць. Тэракты, якія палесцінскія тэрарысты ладзяць у гарадах Ізраіля, масіраваныя ракетныя ўдары па краіне — не згадваюцца таксама.
Святлана Алексіевіч атрымала прэмію RAW in WAR у 2018 годзе. Тады прадстаўнікі арганізацыі абгрунтавалі свой выбар наступным чынам: «На працягу многіх гадоў яна адважна выказвалася аб несправядлівасці на постсавецкай прасторы і давала голас тым, хто апынуўся ў пастцы канфліктаў у мінулым і сучаснасці. Святлана неаднаразова крытыкавала расійскую анексію Крыма і парушэнні правоў чалавека ў канфлікце ва Усходняй Украіне, а таксама рост нацыяналізму і алігархіі ва Украіне, што выклікала пагрозы ў яе адрас з боку як расійскіх, так і ўкраінскіх нацыяналістаў».
Адметна, што пра Беларусь, уручаючы прэмію беларускай пісьменніцы, арганізатары прэміі амаль не згадалі. Затое «украінскіх нацыяналістаў» — некалькі разоў.