Топ-10 фільмаў, зьнятых паводле твораў ляўрэятаў Нобэля па літаратуры
На гэтым тыдні сачылі за традыцыйным разьмеркаваньнем самых знакамітых прэміяў у сьвеце. Як заўжды, шырокаму колу людзей найбольш цікавай была літаратурная прэмія. За гісторыю кіно сцэнарысты шмат разоў зьвярталіся да нобэлеўскіх пераможцаў па натхненьне. З гэтай нагоды мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых стужак на гэтую тэму. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Мілдрэд Пірс (Mildred Pierce). 1945
Стужка стала грандыёзным посьпехам для Джоан Кроўфард, чый вобраз ажывіў яе кар'еру і прынес прэмію «Оскар» за лепшую жаночую ролю. Фільм, зьняты рэжысэрам Майклам Кёрцісам, распавядае пра ахвярнасьць маці, амбіцыі і пошукі ўласнай ідэнтычнасьці. Такі сабе пошук амэрыканскай мары. Яе гераіня — жанчына, якая спраўляецца з праблемамі самотнага мацярынства і грамадзкімі чаканьнямі, каб пабудаваць пасьпяховы бізнэс, толькі дзеля таго, каб выявіць, што яе самая вялікая бітва — гэта яе ўласная сям'я.
Яе гульня адлюстроўвае адценьні жанчыны, якая разрываецца паміж уласнымі жаданьнямі і абавязкамі маці. Стужка стала вызначальным момантам у кар'еры Джоан. Фільм замацаваў яе статус адной з самых разнабаковых зорак Галівуду.
Над сцэнаром працаваў Уільям Фолкнэр.
Нумар 9. Віва, Сапата! (Viva Zapata!). 1952
Энтані Куін атрымаў запаветную ўзнагароду Оскар за лепшую мужчынскую ролю другога пляну. Галоўную ж скрыпку тут грае легендарны Марлон Брандо. Рэжысэр Элія Казан, чый росквіт прыйшоўся акурат на пасьляваенныя 1950-я, зьняў яскравы фільм пра Мэксыку. Сцэнарыстам стаў Джон Стэйнбэк.
Брандо выконвае ролю рэвалюцыянэра Эміліяна Сапаты. На пачатку ХХ ст. Сапата ўваходзіць у склад дэлегацыі аднаго з мэксыканскіх штатаў, якая скіроўваецца да дыктатара краіны Парфірыя Дыяса з нотай пратэсту. Яны патрабуюць, каб іх землі, што былі незаконна захопленыя багатымі землеўласьнікамі, былі вернутыя гаспадарам.
Дыктатар, як гэта зь імі часта здараецца, кажа пра неабходную доўгую падрыхтоўку да працэдуры, каб нешта вырашыць. Герой Брандо рашуча не згаджаецца і ўцягваецца ў падзеі, што прыводзяць да посьпеху. Дыктатар зрынуты, але паплечнікі рэвалюцыянэра, якія становяцца новай уладай, паводзяць сябе зусім не лепшым чынам. Стужка павольна разьвіваецца, дазваляючы ўцягнуцца ў кантэкст.
Нумар 8. Патоп (Potop). 1974
Гэтая стужка – ідэальны прыклад гістарычнага эпасу. Ежы Гофман стварыў эпічную карціну па раману Генрыка Сянкевіча. Падзеі разгортваюцца ў XVII ст., калі Рэч Паспалітая вяла вайну са Швэцыяй. На фоне неперарыўнай вайны мы становімся сьведкамі жыцьцёвай драмы шляхціча Анджэя. Ён вымушаны пайсьці на вайну супраць сваёй радзімы, дзе засталіся сябры, кароль, і каханая.
Калі вы прыхільнік гістарычных фільмаў, і яшчэ не знаёміліся са шматлікімі польскімі стужкамі пра мінуўшчыну – пачніце зь яе. Тут ёсьць усё што патрэбна – і шаблі, і стрэлы, і падманы, і вядома ж – рамантычная лінія. Таму стужка будзе дарэчнай для сумеснага прагляду і парам.
Прыгатуйце крыху пітнога мёду – і глядзіце, як продкі ваявалі.
Нумар 7. Ганна Хрысьці (Anna Christie). 1930
Гэта быў не проста фільм, але сусьветная падзея. Адаптацыя п'есы Юджына А'Ніла, зьнятая рэжысэрам Кларэнсам Браўнам, абвесьціла доўгачаканы дэбют Грэты Гарба ў гукавым кіно. Са знакамітым рэклямным слоганам «Гарбо размаўляе!», выхад фільма быў поўны чаканьняў, і ён не расчараваў.
Вобраз Ганны, стомленай гэтым сьветам жанчыны, якая шукае суцяшэньня ў бурным мінулым, выкананы Гарба – захапляльны.
Яе голас, спакойны і хрыплы інструмэнт, дадаў новыя пласты да і без таго няпростай характарыстыкі акторкі. Гледачоў трымалі ўжо не толькі магнетычныя вочы Грэты Гарба. Гэта была чароўная сувязь яе голасу і аблічча, што стварыла незабыўны характар.
Нумар 6. Quo Vadis (Quo Vadis). 1951
Стужка Мэрвіна ЛеРоя зьяўляецца лепшай з вялікай колькасьці спробаў экранізацыі рамана Генрыка Сянкевіча. Упрыгожаны дзікай экстравагантнасьцю Рыма часоў імпэратара Нэрона, фільм уяўляе сабой ідэальнае спалучэньне рамантыкі, рэлігійнага абуджэньня і палітычных інтрыгаў сталіцы.
Робэрт Тэйлар, у ролі рымскага ваеннага камандзіра Марка Вініцыя, паказвае пакручасты шлях ад нахабнага жаўнера да чалавека, які цалкам зьмяняецца дзякуючы каханьню і духоўнаму навяртаньню.
Гледачы трапляюць у Рым перыяду заняпаду.
Нумар 5. Сага пра Гёста Бэрлінга (Gösta Berlings saga). 1924
Задоўга да бліскучага ўздыму Грэты Гарба ў Галівудзе, яна ўпрыгожыла швэдзкі кінематограф сваёй раньняй, але вызначальнай роляй у «Сазе пра Гёста Бэрлінга». Гэтая эпапея, зьнятая знакамітым Маўрыцам Штылерам, паводле рамана Сэльмы Лягерлёф, адлюстроўвае вясковую прыгажосьць скандынаўскага пейзажу, пераплеценага з гісторыямі здраду і адкупленьне.
Гарба выконвае ролю дзяўчыны, якая вагаецца паміж пакутамі каханьня і цяжарам абавязкаў. Гэтая раньняя роля зьяўляецца прадвесьцем магнетычнай прывабнасьці, якая неўзабаве захапіць сусьветную аўдыторыю.
Разам з відавочнымі посьпехамі, стужка ўсё ж мае некалькі няскончаных вузлоў гісторыі з другаснымі героямі, якія мелі сваё лягічнае сканчэньне ў кнізе, але на экране, 100 гадоў таму, гэтая задача не была цалкам выкананая.
Нумар 4. Па кім звоніць звон (For Whom the Bell Tolls). 1943
Рэжысэр Сэм Вуд нібы пераўвасобіўся ў аўтара раману Эрнэста Хэмінгуэя ў гэтай экранізацыі. У яго атрымалася перанесьці словы ў малюнак з такой лёгкасьцю, з такой дакладнасьцю. «Па кім звоніць звон» выйшаў у самае пекла Другой сусьветнай і распавядае пра драму, якая разгортваецца на фоне грамадзянскай вайны ў Гішпаніі.
Гары Купэр і Інгрыд Бэргман паказваюць праз сваіх герояў складанасьці вайны, каханьня і непазьбежных ахвяраў. Іх раман, напоўнены скрадзенымі момантамі сярод ценю вайны, якая ўсё набліжаецца, адначасова гарачы і трагічны. Ён нібы паўтарае цэнтральныя тэмы гісторыі кароткіх і летуценных радасьцей і няўмольнай плыні часу.
Нумар 3. Гронкі гневу (The Grapes of Wrath). 1940
Экранізацыя галоўнага рамана Джона Стэйнбэка стала кінематаграфічным трыюмфам. Фільм адлюстроўвае суровыя рэаліі амэрыканскай Вялікай дэпрэсіі з непахіснай сумленнасьцю і глыбокім суперажываньнем.
Рэжысэр Джон Форд, вядомы сваёй здольнасьцю перавесьці на экран эпічны размах чалавечай барацьбы, стварыў фільм, які адначасова зьяўляецца сацыяльным камэнтаром да падзеяў навакол, а таксама глыбока кранальнай чалавечай драмай.
Гледачы трапяць на пыльныя, бязлюдныя пэйзажы, у якіх адбываецца пакутлівае падарожжа сям'і ў пошуках лепшай долі. Стужка, як і кніга, абавязкова закрануць вашае сэрца. Сапраўдны рэалізм даўняй Амэрыкі.
Нумар 2. Выратавальная лодка (Lifeboat). 1944
Хічкок выпусьціў карціну ў студзені 1944 года, калі вайне наканавана было яшчэ паўтары гады забіраць жыцьці людзей ва ўсім сьвеце. Але ў гэты жорсткі і крывавы час рэжысэр робіць надзвычай цікавую стужку. Фільм распавядае пра групу тых, хто выжыў, пасьля таго, як нямецкая субмарына тарпедавала карабель Абодва судны ў выніку трапілі на дно, а некалькі чалавек апынуліся ў выратавальнай лодцы сярод Атлянтычнага акіяна. Сцэнар напісаў Джон Стэйнбэк.
Альфрэд Хічкок адмыслова сярод усяго сусьветнага вэрхала вайны абірае абмежаваць месца дзеяньня маленькай выратавальнай лодкай. Гледачы становяцца сьведкамі напружаньня, якое ўзмацняецца па меры пагаршэньня цяжкага становішча герояў. Адзін зь іх – капітан нямецкай падводнай лодкі, адказны за патапленьне. Яго не забіваюць у першыя ж імгненьні, але даюць месца на лодцы. Разьлік у тым, што дасьведчаны марак здолее скіраваць лодку да зямлі.
Толькі ўявіце што можа адбыцца на гэтай лодцы, дзе прысутнічаюць людзі розных расаў і сацыяльнага паходжаньня. А прэснай вады становіцца ўсё меньш.
Нумар 1. Доўгі дзень сыходзіць у ноч (Long Day's Journey Into Night). 1962
Ідэальны фільм для прагляду ўвечары. Дзеяньне адбываецца ў пачатку ХХ ст. і ахоплівае ўсяго толькі адзін дзень. Але які!
Амаль трохгадзінная драма Сідні Люмэта запросіць нас у падарожжа чалавечай псыхікі ў межах адной сям’і. Стужка пастаўленая па п’есе Юджына А’Ніла, за якую той атрымаў Пулітцэраўскую прэмію, а потым і Нобэля. Карціна зьяўляецца адлюстраваньнем схільнасьцей да самаразбурэньня чальцоў канкрэтнай сям'і.
Героі падыходзяць да бурлівага моманту, калі ранейшыя прэтэнзіі больш ня могуць стрымлівацца. Кожны зь іх мае асобную перадгісторыю. Гераіня Кэтрын Хёпбэрн залежная ад марфіну, яе муж, былы знакаміты актор, знаходзіцца ў жыцьцёвым крызысе, адзін іх сын пакутуе ад алкагалізму, а іншы – таленавіты пісьменьнік, хворы на сухоты.
Уся горыч павінна праліцца ў гэты доўгі доўгі дзень.
Кэтрын Хёпбэрн дэманструе жанчыну, якая вельмі ўразьліва ставіцца да ўсіх абставінаў, адначасова займаецца самападманам, а таксама зьяўляецца жорсткай у дачыненьні да іншых.
Талент вялікай акторкі раскрываецца на поўную.
Прыемнага прагляду!