Топ-10 фільмаў Бэрта Ланкастэра – адлюстраваньня мужнасьці ў кіно

30 гадоў таму ў лепшы сьвет выправіўся гэты бліскучы актор, які апроч зорнай кар'еры і шматлікіх узнагародаў пасьпеў па-сапраўднаму паваяваць на Другой сусьветнай вайне. З гэтай нагоды мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых роляў актора. Прыемнага прагляду!

Бэрт Ланкастэр

Бэрт Ланкастэр

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Трапецыя (Trapeze). 1956

trapeze.jpg

Зазірніце на «кухню» цыркавых актораў. У гэтай драме Кэрала Рыда гледачоў чакае захапляльная гісторыя каханьня – для адных – пяшчотная, для некага – трагічная. У якасьці пункта прыцягненьня – легендарная Джына Лалабрыджыда, за ўвагу і руку якой змагаюцца два цыркача.

Перад публікай ты – упэўнены акрабат з рызыкоўнымі нумарамі на мяжы непазьбежнага падзеньня, але перад тварам каханьня – становішся слабым альбо злым і непрадказальным. Нехта з гэтай трапецыі пачуцьцяў безумоўна застанецца лішнім. Але хто і якім коштам? Цырк можна не любіць, але паглядзець фільм пра яго нутранае жыцьцё – вельмі нават не забараняецца.

Нумар 9. Аматар птушак з Алькатрасу (Birdman of Alcatraz). 1962

birdman_of_alcatraz.jpg

Крымінальная драма Джона Франкенхаймэра знаёміць з жыцьцём (дакладней дажываньнем) асуджанага да пажыцьцёвага зьняволеньня чалавека. Фільм менш распавядае пра жорсткасьць турэмнага жыцьця, у чым ён адрозьніваецца ад пазьнейшага шэдэўра «Уцёкі з Шаўшэнка», а больш пра сілу чалавечай надзеі.

Галоўны герой, у выказваньні Бэрта Ланкастэра, гэта рэальна асуджаны чалавек, які на момант выхаду фільма па-ранейшаму адматваў свой тэрмін. Пасьля лірычнай працы актора, у якой зьняволены раскрываўся з кранальнымі падрабязнасьцямі, распачалася шырокая кампанія, скіраваная на вызваленьне сапраўднага злачынцы з Алькатрасу.

Пасьля прагляду вы верагодна таксама ўзялі б у рукі плякат і пайшлі маршыраваць. Але пасьля прагляду прачытайце іншую, дакумэнтальную гісторыю чалавека, які стаў аматарам птушак у самай знакамітай вязьніцы сьвету, пасьля Бастыліі і Таўэра.

Нумар 8. Леапард (Il gattopardo). 1963

il_gattopardo_1.jpg

Стужка атрымала перамогу ў Канах – і ёй заслужана была прысуджаная Залатая пальмавая галіна. Партнэрамі Алэна Дэлона ў гістарычным фільме сталі Бэрт Ланкастэр і Клаўдыя Кардынале. Міжнародны акторскі склад трапляе ў італьянскую вайну за незалежнасьць, ці інакш кажучы за аб’яднаньне Італіі ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.

Гэты працэс, сёньня лічыцца непазьбежным разьвіцьцём нацыянальных рухаў у Эўропе таго часу. Але разам з гэтым шмат для якіх краінаў, у тым ліку Сіцылійскага каралеўства, справа выглядала інакш: страта незалежнасьці і пераход пад уладу Поўначы. Гэтыя складаныя абставіны і сталі галоўным канфліктам у стужцы. Калі старэйшае пакаленьне не жадала прысягаць Гарыбальдзі, а новае не бачыла іншых магчымасьцяў.

Нумар 7. Майсей (Moses the Lawgiver). 1974

moses_the_lawgiver.jpg

Экранізацыя Старога Запавету – гэта заўжды выклік, за які бяруцца шматлікія кінематаграфісты. Зрэшты вельмі часта вынік на экране атрымліваецца вельмі пасрэдным і поўным сораму за стваральнікаў. Але тут – адваротны прыклад. Замест таго, каб граць Майсея як звышчалавека, Ланкастэр надае гэтаму герою звычайныя чалавечыя рысы – ён неахвотны лідэр, які абцяжараны сумневамі.

Ланкастэр ідэальна перадае нутраную барацьбу чалавека, абранага Богам кіраваць сваім народам, які разрываецца паміж сваёй асабістай нікчэмнасьцю і боскай місіяй, ускладзенай на плечы.

Нумар 6. Забойцы (The Killers). 1946

the_killers.jpg

Гэтая стужка стала самай першай у кар'еры Бэрта, і пачынаецца яна з забойства яго героя. І далей, у выдатным нуары гледачы знаёмяцца з акалічнасьцямі цёмнай справы, якая трагічна скончылася.

Рэжысэр Робэрт Сёдмак упэўнена спраўляецца з даручаным яму матэрыялам, і трымае гісторыю без прагалаў. Як кажуць, ідэя стужкі належыць самому Хэмінгуэю, але калі па-праўдзе, дык апроч самой ідэі і агульных нарысаў, гэта цалкам самастойны твор мастацтва.

Дэтэктыў не пакідае шанцу злачынцам. Аднак жа чым заслужыў сьмерць герой Бэрта Ланкастэра?

Нумар 5. Прабачце, памыліліся нумарам (Sorry, Wrong Number). 1948

sorry__wrong_number.jpg

Выдатны фільм у стылі Альфрэда Хічкока, з усімі атрыбутамі выкшталцонага трылера, калі перажываць і хвалявацца пажадана кожную хвіліну. Рэжысэр Анатоль Літвак, народжаны дарэчы ў Кіеве, і які пасьля службы ў амэрыканскай арміі атрымаў грамадзянства тае дзяржавы, зьняў адзін з лепшых нуараў у гісторыі.

Бэрт Ланкастэр разам з Барбарай Стэнвік разыгрываюць шэдэўральную гісторыю, у якой ёсьць падрыхтоўка да забойства, спробы высьветліць вінаватых, але што яшчэ больш істотнае – будучых ахвяраў. Самае нечаканае здараецца, калі гераіня ў хуткім часе разумее, што забіць зьбіраюцца яе. Апроч актораў, адным з галоўных элементаў фільма становіцца тэлефон. Ён пераўтвараецца ў інструмэнт тэрору.

Але заўжды можна сказаць вечнае: «Прабачце, памыліліся нумарам».

Нумар 4. Адгэтуль і назаўжды (From Here to Eternity). 1953

from_here_to_eternity_2.jpeg

Фільм Фрэда Цынэмана пра імклівую рысу, якая падзяляе жыцьця да і пасьля пачатку вайны. Мы бачым апошнія дні няпярэдадні ўваходу ў вайну Злучаных Штатаў, калі ў людзей працягваецца самае звычайнае, што напаўняе іх штодзённасьць.

Бэрт Ланкастэр, Мантгомэры Кліфт, Фрэнк Сінатра, Дона Рыд — усе яны выконваюць такія ролі, якімі ганарыўся б любы іншы актор да скону. Рамантычныя адносіны па-за законам, сяброўства, высакароднасьць, адвага і жорсткасьць аб'ядноўваюцца ў адной раскошнай пастаноўцы. Сцэны мірнага жыцьця пераходзяць у фатальныя сцэны абароны, якія немагчыма глядзець без сьціснутага сэрца.

Нумар 3. Сем дзён у траўні (Seven Days in May). 1964

seven_days_in_may_1.jpg

Джон Франкенхаймэр стаў рэжысэрам гэтай стужкі, зоркамі якой былі Бэрт Ланкастэр і Кірк Дуглас. Гэта выдуманая гісторыя, аднак надзвычай падобная да праўды. У сюжэце слабы прэзыдэнт ЗША дамовіўся аб пагадненьні пра скарачэньне ўзбраеньняў з краінай Саветаў, але яго мера непапулярная і не падабаецца знакамітаму генэралу, герою папярэдняй вайны. Яны сутыкаюцца ў барацьбе за кантроль над урадам ЗША.

Адзін з афіцэраў, лаяльных да прэзыдэнта, прыходзіць да высновы, што найвышэйшае кіраўніцтва арміі рыхтуе пераварот, каб зрынуць гаспадара Авальнага кабінэту. Прэзыдэнт спрабуе знайсьці доказы, каб спыніць вайскоўцаў, якім застаецца зусім крыху да пасьпяховага вырашэньня сваёй задумы. Усё павінна вырашыцца за сем дзён, да нядзелі.

Нумар 2. Нюрнбэргскі працэс (Judgment at Nuremberg). 1961

judgment_at_nuremberg_3.jpg

Сапраўдны вырак для нацысцкіх злачынстваў з боку кінематографу. Стужка Стэнлі Крамэра літаральна ўбіла апошні цьвік у труну страшэнных забойцаў часоў Другой сусьветнай вайны. Неверагодна моцны акторскі склад, у якім зьзялі Спэнсэр Трэйсі, Максымільян Шэл, Марлен Дзітрых, Бэрт Ланкастэр, Мангомэры Кліфт і іншыя, стварыў фантастычную атмасфэру прысутнасьці на неабходным і гістарычным судовым працэсе. У тым самым Нюрнбэргу, дзе адбываліся зьезды НСДАП у час Гітлера, судзілі нямецкіх злачынцаў, якія былі адказныя за мільёны і мільёны жыцьцяў.

Стужка неверагодным чынам паказвае сапраўднае аблічча нацысцкіх дзеячаў. Але таксама і скрыўленую спробу адмаўчацца, схавацца за фіранкай «недасьведчанасьці», як зрабіла гераіня Марлен Дзітрых, нямецкая фраў, што даводзіла, што «простыя немцы нічога ня ведалі пра канцлягеры і забойствы габрэяў».

Фільм вас уразіць глыбінёй і праўдзівасьцю.

Нумар 1. Дваццатае стагодзьдзе (Novecento). 1976

novecento_3.webp

Вельмі амбіцыйны кінашэдэўр рэжысэра Бэрнарда Берталучы зьяўляецца творам, які апісвае надзвычай бурны сацыяльна-палітычны ляндшафт Італіі ХХ стагодзьдзя. З пільнай увагай да дэталяў Берталучы запрашае гледачоў у эпічнае падарожжа працягласьцю больш за пяць гадзінаў (майце на ўвазе перад пачаткам прагляду!).

Мы сустрэнем дваіх сяброў з вельмі рознага паходжаньня  землеўладальніка, якога грае Робэрт Дэ Ніра, і селяніна ў выкананьні Жэрара Дэпардзье. Дэ Ніра, у адной са сваіх самых тонкіх і моцных роляў, бліскуча адлюстроўвае ўнутраныя канфлікты героя.

Бэрнарда Берталучы паказвае гістарычныя падзеі ад Першай сусьветнай вайны да ўздыму фашызму і наступнай Другой сусьветнай вайны. У фільмы яны пераплятаюцца з асабістымі гісторыямі пра каханьне, здраду і сяброўства.

Прыемнага прагляду!