«Далучыцца можа кожны»: Германія, Нідэрланды і Нарвегія набудуць для Украіны 5 сістэм Patriot
Краіны NATO гатовыя і надалей узбройваць Украіну, але вялікае пытанне ў тым, калі гэтая тэхніка паступіць на фронт. У той жа час эксперты лічаць, што толькі ваенная параза прымусіць Пуціна пайсці на сапраўдныя мірныя перамовы. Ідзе 1245-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 176 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 57 штурмавых дзеянняў расіян паблізу Папова Яру, Уладзіміраўкі, Новатарэцкага, Мікалаеўкі, Удалага, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Зверава і іншых.
На Ліманскім кірунку адбылося 23 баявыя сутыкненні паблізу Новага Свету, Студні, Ямполаўкі, Торскага і іншых.
На Паўночна–Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія воіны адбілі 22 атакі.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны УКраіны адбілі 18 атак расіян у раёнах Зоркі, Паддубнага, Мірнага, Шаўчэнка, Дачнага і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ 11 разоў атакавала украінскія пазіцыі ў раёнах Дыліеўкі, Раманаўкі, Тарэцка, Аляксандра-Калінавага, Новаспаскага і іншых.
Па шэсць атак расіян адбылося на Паўднёва-Слабажанскім і Краматорскім кірунках. На Купянскім кірунку адбылося сем боесутыкненняў.
* * *
У ноч на 22 ліпеня Расія атакавала Украіну 42 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай было збіта 26 БПЛА, яшчэ 7 БПЛА былі лакацыйна страчаныя/задушаныя РЭБ.
У выніку атакі расійскіх беспілотнікаў на Адэсу у ноч на 22 ліпеня пацярпеў чалавек, гарэлі аўтамабілі на паркоўцы, у шматпавярхоўках выбітыя вокны, пашкоджаная крама.
Расіяне нанеслі ўдар па жылым раёне Сумаў, трое параненых, сярод якіх дзіця, яшчэ 12 чалавек звярнуліся да медыкаў. Пашкоджаны 5 шматпавярховых дамоў, гандлёвы цэнтр і 18 аўтамабіляў.
* * *

* * *
Украінская і расійская дэлегацыі правядуць трэці раўнд перамоваў у Стамбуле ўжо на гэтым тыдні. Сустрэча запланаваная на сераду, 23 ліпеня, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, ён абмеркаваў з сакратаром Рады нацбяспекі і абароны Украіны Рустэмам Умеравым падрыхтоўку яшчэ аднаго абмену і новай сустрэчы з расійскім бокам у Турцыі. Павестку сустрэчы і яе дэталі Зяленскі не агучыў.
* * *
Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) ацэньваюць, што толькі належная вайсковая дапамога Украіне, а таксама значныя вайсковыя няўдачы прымусяць кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна «пераглядзець здольнасць Расіі вайскова перамагчы Украіну і прывесці яго за стол перамоваў».
У ISW адзначаюць ініцыятыву міністра абароны Вялікабрытаніі Джона Хілі, які прапанаваў 50-дзённую кампанію па ўзбраенні Украіны, каб пасадзіць за стол перамоваў кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна.
«ISW паслядоўна ацэньвае, што толькі значныя няўдачы Расіі на полі бою, магчымыя дзякуючы своечасовай і дастатковай вайсковай дапамогі Захаду ўкраінскім сілам, прымусяць Пуціна перагледзець здольнасць Расіі вайскова перамагчы Украіну і прывядуць яго за стол перамоваў», — гаворыцца ў справаздачы інстытута.
Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што такія паразы «не адбудуцца за некалькі тыдняў» і, верагодна, запатрабуюць некалькіх месяцаў або «сезонаў ваенных кампаній» пры ўмове, што Захад абавязваецца належным чынам абсталяваць і дапамагчы ўкраінскім сілам да такой ступені, каб Украіна магла паспяхова праводзіць неабходныя аперацыі.
Акрамя таго, рашэнне Расіі накіраваць тую ж перамоўную групу «сярэдняга ўзроўню» на наступны трэці раўнд перамоваў сведчыць, што незацікаўленасць Расіі ў мірных перамовах застаецца нязменнай.
«ISW працягвае ацэньваць, што Крэмль застаецца настроеным на зацягванне мірных перамоваў для падтрымкі працягу наступальных аперацый ва Украіне і атрымання дадатковых саступак ад Украіны і Захаду».
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін спрабуе выйграць час у поўнамаштабнай вайне, разлічваючы на перамогу ў доўгатэрміновай перспектыве, але ён памыляецца, заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Германіі Борыс Пісторыус падчас пасяджэння ў фармаце «Рамштайн».
Як адзначыў Пісторыус, сёння каардынацыя дапамогі Украіне застаецца надзвычай актуальнай. Пуцін працягвае прасоўваць вайсковы парадак дня і не зацікаўлены ў сапраўдных перамовах: раніцай ён сцвярджае пра «мір», а ўжо ўвечары запускае дроны і ракеты супраць Украіны.
«Пуцін хоча выйграць час гэтай цынічнай гульнёй. Ён лічыць, што яго ваенная машына пераможа ў доўгатэрміновай перспектыве, але ён памыляецца», — дадаў міністр.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ па выніках анлайн-сустрэчы кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны (UDCG) у фармаце «Рамштайн» заклікаў міністраў абароны краін-членаў NATO купляць у ЗША больш зброі для падтрымкі Украіны, паведаміла прэс-служба NATO.
Звяртаючыся да міністраў абароны, якія прынялі ўдзел у сустрэчы ў фармаце «Рамштайн», Рутэ адзначыў ініцыятыву, якую ён і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясцілі на мінулым тыдні з мэтай узмацнення падтрымкі Украіны шляхам прадастаўлення ёй дадатковых рэсурсаў ЗША за кошт інвестыцый саюзнікаў у Еўропе і Канадзе.
Генеральны сакратар NATO падкрэсліў, што купляючы больш амерыканскай зброі для Украіны, краіны NATO змогуць адначасова рэалізоўваць тры ключавыя задачы, вызначаныя на саміце альянсу ў Гаазе 24-25 чэрвеня: павелічэнне вайсковых выдаткаў, пашырэнне вайсковай вытворчасці і падтрымку Украіны.
Як вядома, 14 ліпеня Трамп падчас сустрэчы з Рутэ ў Вашынгтоне заявіў, што ЗША не будуць пастаўляць зброю Украіне бясплатна — цяпер яго закупку будуць аплачваць еўрапейскія краіны і Канада.
* * *
Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус у пачатку 29-га пасяджэння кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны заявіў, што ЗША і яго краіна дасягнулі дамоўленасці аб прадастаўленні Украіне пяці сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot, якія павінны паступіць на поле бою як мага хутчэй.
Тады ж стала вядома, што Вялікабрытанія і Германія пачалі сумесны праект, які дазволіць даць Украіне 220 тысяч снарадаў для нямецкай зенітнай сістэмы Gepard, таксама абедзве дзяржавы прафінансуюць пастаўкі на поле бою сучасных беспілотнікаў.
* * *
Па словах міністра абароны Нідэрландаў Рубена Брэкельманса, яго краіна ўнясе істотны ўклад у пастаўкі Украіне амерыканскіх сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot. Дэталі ў бліжэйшы час будуць узгодненыя.
Таксама Брэкельманс адзначыў, што яго краіна самастойна прадастаўляе Украіне дадатковыя сродкі СПА: боепрыпасы для F-16, сродкі процідзеяння дронам, радары і г.д.
* * *
Прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Ст'ерэ пацвердзіў намер прафінансаваць куплю зенітна-ракетнага комплексу Patriot для Украіны ў супрацоўніцтве з Германіяй. Пра гэта ён сказаў журналістам пасля сустрэчы з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам у Берліне, паведамляе NRK.
Ст'ерэ таксама папрасіў ЗША растлумачыць, як ідзе справа з пастаўкамі Patriot ва Украіну. «Я лічу, што заява прэзідэнта Трампа аб гатоўнасці дапамагчы з'яўляецца добрым пачаткам, але гэта павінна быць дакладна вызначана. Калі гэта будзе вырашана — і я спадзяюся, што гэта адбудзецца найбліжэйшым часам — Нарвегія гатовая падзяліць выдаткі», – запэўніў ён.