ISW: Крэмль рыхтуецца да будучай буйнамаштабнай вайны супраць NATO

Расія гатовая ўкладаць у пераўзбраенне свайго войска трыльёны долараў, аднак на сёння галоўнай яе сілай з'яўляецца «гарматнае мяса»: страты арміі РФ у выніку летняга наступу на Ліман проста жахлівыя. Тым часам высілкі па перамоўным працэсе РФ і Украіны працягваюцца. Ідзе 1246-ты дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 ліпеня.

Па-ранейшаму расіяне актыўна штурмуюць на Пакроўскім кірунку — там спынена 74 атакі агрэсара ў раёнах Палтаўкі, Новатарэцкага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Дачнага, Аляксееўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ правяла 21 атаку ў раёнах Грэкаўкі, Студні, Зялёнай Даліны, Мірнага, Ямпалоўкі, Торскага і ў напрамку Серабранкі.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак у раёнах Дыліеўкі, Тарэцка, Аляксандра-Калінавага і Русінага Яра.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 11 атак расіян

На Новапаўлаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 9 атак нападаў паблізу Васкрасенкі, Ялты, Паддубнага і Зялёнага Поля.

* * *

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўначы Сумскай вобласці, а таксама на Пакроўскім кірунку і ў бок Лімана, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя кадры сведчаць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Варачына Сумскай вобласці. Некаторыя расійскія ваенкоры напісалі пра захоп населенага пункту, але іншыя расійскія крыніцы сцвярджаюць, што расійскія войскі захапілі толькі яго частку, і што паведамленні, што расійскія войскі захапілі ўсе Варачына, заўчасныя.

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў кірунку Лімана. Геалакацыйныя даныя паказваюць, што расійцы нядаўна захапілі Ліпава і прасунуліся на паўднёвы захад ад населенага пункта.

Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на Ліманскім кірунку, паведаміў, што расійскія войскі пастаянна атакуюць, выкарыстоўваючы вельмі выматвальныя атакі пяхоты, і што за апошнія месяцы ўкраінскія войскі панеслі адну страту на кожныя 66 (!!!) расійскіх страт.

Геалакацыйныя даныя паказваюць, што, верагодна, падраздзяленні расійскага 1-га мотастралковага батальёна 77-га мотастралковага палка паднялі расійскі сцяг на паўднёвым захадзе Белай Гары — на поўдзень ад Часавага Яру, што паказвае на тое, што расійскія войскі захапілі населены пункт.

Украінскія і расійскія войскі прасунуліся на Тарэцкім кірунку. Згодна геалакацыйным кадрам, УСУ прасунуліся на паўночны захад ад Дыліеўкі. Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ў паўночнай частцы Папова Яра (на паўночны захад ад Тарэцка) і ў паўднёвай частцы Палтаўкі (на поўнач ад Папова Яра), што дазваляе выказаць здагадку, што расійскія войскі захапілі Папоў Яр.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 ліпеня, сведчаць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на ўсход ад Зверава (паўднёва-захад ад Пакроўска) пасля нядаўняй актывізацыі наступу на поўдзень ад Пакроўска. Былі зафіксаваныя расійскія ўдары па ўкраінскіх войскі ў раёне Разіна, што паказвае, што ўкраінскія войскі нядаўна зноў захапілі гэты населены пункт.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночным усходзе Малой Такмачкі (паўднёвы ўсход ад Арэхава) на захадзе Запарожскай вобласці.

* * *

Адзін чалавек пацярпеў у выніку расійскай атакі беспілотнікамі па пасёлку Вялікі Бурлук у Харкаўскай вобласці ўвечары 22 ліпеня. Расійцы ўдарылі па рынку ў гэтым населеным пункце.

У Крывым Рогу ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў пашкоджаныя дамы, прадпрыемствы і сонечныя панэлі.

У ноч на сераду, 23 ліпеня, шэраг расійскіх рэгіёнаў атакавалі дроны. Пад ударам апынуліся чыгуначны вакзал і памяшканне Растэлекома ў Новачаркаску Растоўскай вобласці. Паведамляецца, што ў Растоўскай вобласці пасля атакі БПЛА паралізаваныя чыгуначныя зносіны.

* * *

522611283_1097142109265533_4196185575833777121_n.jpg

* * *

Міністэрства абароны ЗША вядзе перамовы з шэрагам краін аб магчымых двухбаковых пагадненнях па пастаўках амерыканскіх супрацьпаветраных сістэм Patriot Украіне. Гэта будуць асобныя пагадненні з асобнымі краінамі. Цяпер працэс знаходзіцца на стадыі перамоваў і не мае дэдлайну, паведамляе ўкраінскае грамадскае вяшчанне «Суспільне» са спасылкай на крыніцу ў амерыканскім урадзе.

Нагадаем, Германія, Нідэрланды і Нарвегія згодныя аплаціць 5 сістэм Patriot для Украіны. Пытанне ў тым, хто іх можа прадаць, і як хутка іх даставяць ва Украіну.

* * *

Дзяржаўны дэпартамент ЗША падтрымаў правядзенне трэцяга раўнду перамоваў паміж Украінай і Расіяй, падкрэсліўшы, што толькі праз дыялог можна дасягнуць завяршэння вайны. Пра гэта падчас брыфінгу 22 ліпеня заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпу Тэмі Брус.

«Нам вядома пра намеры правесці трэці раўнд дыялогу. Мы працягваем заклікаць абодва бакі да непасрэдных перамоваў дзеля дасягнення поўнага спынення баявых дзеянняў і мірнага развязання канфлікту шляхам дамоўленасцяў», — адзначыла яна.

Брус падкрэсліла, што толькі канструктыўная і сумленная размова можа пакласці канец вайне.

Раней прэзідэнт Уладзімір Зяленскі анансаваў трэці раўнд перамоваў з расійцамі ў Стамбуле сёння, 23 ліпеня.

* * *

Паведамленыя Расіяй доўгатэрміновыя планы пераўзбраення яшчэ раз паказваюць на тое, што Крэмль рыхтуецца да патэнцыйнага будучага канфлікту з NATO, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі звяртаюць увагу на заяву кіраўніка Галоўнага ўпраўлення ваеннай разведкі Украіны (ГУР) генерал-лейтэнанта Кірыла Буданава. Ён адзначыў, што Расія плануе выдаткаваць 1,1 трыльёны долараў на пераўзбраенне да 2036 года (або прыкладна 110 мільярдаў долараў у год на працягу наступных дзесяці гадоў). Буданаў лічыць, што Расія працягвае мабілізаваць сваё грамадства і эканоміку, рыхтуючыся да будучай буйнамаштабнай вайны.

ISW даўно ацэньвае, што аднаўленне Расіяй Маскоўскай і Ленінградскай ваенных акругаў (МВА/ЛВА), а таксама намаганні па рэструктурызацыі і пашырэнню Узброеных Сіл Расіі з'яўляюцца падрыхтоўкай да будучай буйнамаштабнай вайны з ужываннем звычайных узбраенняў супраць NATO.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін нядаўна заявіў, што вайсковы бюджэт Расіі на 2025 год складае 13,5 трыльёна рублёў (прыкладна 172 мільярды долараў ЗША) і што Расія плануе паступова скарачаць выдаткі на абарону, пачынаючы з 2026 года. Аднак дакладна незразумела, колькі Расія выдаткоўвае на вайсковыя і абаронна-прамысловыя закупкі, улічваючы спробы Крамля схаваць інфармацыю аб сваім дзяржаўным бюджэце ад унутранай і замежнай аўдыторыі.

Застаецца незразумелым, як менавіта Расія будзе выдаткоўваць і размяркоўваць сродкі на пераўзбраенне. Крэмль можа разглядаць пераўзбраенне Расіі як асобны артыкул выдаткаў у гадавым вайсковым бюджэце Расіі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп наведае Кітай «у найбліжэйшай будучыні». Але пакуль невядома, ці сустрэцца ён там з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Пра гэта амерыканскі лідар заявіў падчас сустрэчы з прэзідэнтам Філіпін Бонгбонгам Маркасам.

«Прэзідэнт Сі (лідар Кітая Сі Цзіньпін) запрасіў мяне ў Кітай, і, верагодна, мы гэта зробім у найбліжэйшай будучыні — крыху пазней, але не занадта далёка», — адзначыў Трамп.

На пытанне аб сустрэчы з Пуціным Трамп унікліва сказаў: «У нас шмат магчымых сустрэч».

Раней The Times пісаў, што лідар Кітая Сі Цзіньпін хоча запрасіць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на парад у Пекіне з нагоды заканчэння Другой сусветнай вайны, які адбудзецца ў верасні. Чакаецца, што на парад таксама прыедзе расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін. Паводле звестак выдання, кітайскі лідар можа арганізаваць трохбаковую сустрэчу з Трампам і Пуціным.

У Крамлі таксама заявілі, што Пуцін можа сустрэцца з Трампам, калі той паедзе ў Кітай.