Павел Сапелка: Рэпрэсіі не спыніліся – яны перайшлі ў іншую фазу
Пасля зачышчэння медыяпрасторы, ліквідацыі дзясяткаў арганізацый грамадзянскай супольнасці, палітычнага пераследу тысяч людзей, беларускі рэжым перайшоў да новай фазы кантролю грамадства — "ціхіх" рэпрэсій. Як адзначае праваабаронца Павел Сапелка, замоўчванне фактаў пераследу стала часткай дзяржаўнай палітыкі: людзей пераследуюць ціха, без гучных прысудаў і паказальных справаў.

"Пераслед нябачны, але не менш жорсткі"
Паводле Паўла Сапелкі, зніжэнне ўвагі ў СМІ да тэматыкі палітычных рэпрэсій не азначае іх скарачэння. Наадварот, улады свядома пераключыліся на "ціхі рэжым":
"Мы маем справу са зменай стратэгіі дзяржавы: яна імкнецца зрабіць пераслед нябачным, менш шумным, але не менш жорсткім. Форма і механізмы могуць змяняцца — напрыклад, замест гучных палітычных спраў з паведамленнямі на дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсах – нябачная для астатніх хваля пасадак. Цяпер замест гучных заяваў афіцыйных асобаў пра тысячы ўзбуджаных новых “экстрэмісцкіх” спраў – спробы замаўчаць вядомыя вялікія справы, фігуранты якіх практычна без выключэння трапляюць у СІЗА".
Праваабаронца "Вясны" заўважае, што рэпрэсіі сталі штодзённай справай, і гэта вельмі небяспечная частка стратэгіі рэжыму.
"Калі пераследы перастаюць быць шокам, людзі пачынаюць прымаць іх як "новую норму". На жаль, іх пачынаюць успрымаць як новую норму нават сярод грамадскіх актывістаў, лічачы гэта непазбежнымі стратамі ў барацьбе за свае грамадзянскія і палітычныя правы. Але кожная ахвяра палітычнага тэрору – гэта чалавек, свабода якога неацэнная, і мы не даем дзяржаве маральнага права замахвацца на тых, якія рэалізавалі свае правы і свабоды".
Праваабаронцы называюць новую тактыку рэжыму "ціхімі рэпрэсіямі":
"Спроба замаўчаць гэтыя справы на руку толькі ўладам і іх памагатым. Праваабаронцы заўсёды рабілі ўсё магчымае, каб усе парушэння свабоды асацыяцый і выказвання меркаванняў, уключаючы распаўсюд інфармацыі, станавіліся вядомымі грамадству і міжнароднай супольнасці. Гэта вельмі істотна з пункту гледжання сітуацыі ў свеце, згасання цікавасці да таго, што адбываецца ў Беларусі на фоне геапалітычных катастроф рэгіянальнага і сусветнага маштабу", – адзначае вясновец.
Паводле меркавання Паўла Сапелкі, рэжым зацікаўлены ў тым, каб зрабіць рэпрэсіі менш заўважнымі грамадству, каб аднавіць вонкавы фасад “нармальнасці”, каб не прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці і стварыць знешняе ўражанне стабільнасці:
"У гэтым сэнсе вельмі істотнымі, на маю думку, сталі дзве падзеі. Гэта меркаваны візіт у Беларусь Вярхоўнага камісара па правах чалавека, запрашэнне да якога публічна агучана напрыканцы лютага. Таксама гэта палітычныя захады дыпламатыі ЗША, па выніках якіх “магчымая вялікая здзелка, у межах якой Лукашэнка вызваліць шэраг палітвязняў, у тым ліку вядомых. Узамен ЗША змякчаць санкцыі супраць беларускіх банкаў і аслабяць экспарт калійных угнаенняў, ключавога кампанента для вытворчасці ўгнаенняў, буйным вытворцам якіх з'яўляецца Беларусь" — цытавала 15 лютага The New York Times амерыканскага дыпламата. Паводле газеты ён “таксама паведаміў, што пытаўся Лукашэнку, ці гатовы той да змякчэння рэпрэсій, і атрымаў сцвярджальны адказ”.
А ўжо з пятага сакавіка спынілася публічнае інфармаванне пра судовыя пасяджэнні, якое было найбольш поўнай і аб’ектыўнай крыніцай інфармацыі пра маштаб адміністрацыйных і крымінальных рэпрэсій. Але, як звяртае ўвагу праваабаронца, інфармацыя праваабарончых арганізацый разам з інфармацыяй аб папаўненні "экстрэмісцкіх" і "тэрарыстычных" спісаў, пералікаў ліквідаваных і прызнаных "экстрэмісцкімі фармаваннямі" СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці па-ранейшаму сведчыць пра вялікі ўзровень гэтых форм рэпрэсій.
"Сігналы трывогі для патэнцыйных ахвяр пераследу"
Пры гэтым, людзей запужваюць, каб не паведамлялі праваабаронцам і журналістам пра рэпрэсіі ў Беларусі:
"Асноўныя метады рэжыму — гэта пагрозы крымінальнай расправай, ціскам на ахвяру гэтага пераследу, пазбаўленне працы і права на прафесію, прымус маўчаць пасля выхаду на волю. Асобныя сілавыя структуры адкрыта заяўляюць, што кантроль працягнецца за асуджанымі пасля адбыцця пакарання і нават пасля выезду з Беларусі".
Як заўважае Павел Сапелка, страх у беларускім грамадстве стаў больш глыбінным і хранічным.
"Калі раней людзі баяліся пераследу за публічную актыўнасць, то зараз выклікаў нашмат больш. Кожная інфармацыя пра новыя затрыманні, злівы даных, а таксама памылкі тых ці іншых ініцыятыў вельмі кепска адбіваюцца на стане актывістаў і грамадства".
Паводле праваабаронцы, гэтае запужванне і страх грамадства вельмі ўскладняе працу грамадскага кантролю:
"Людзі баяцца паведамляць пра факты пераследу, не заўсёды гатовыя сведчыць, часта просяць не публікаваць інфармацыю або перадаюць яе ананімна. Мы вымушаны правяраць кожны выпадак, але гэта патрабуе часу і рэсурсаў. Таму нашы звесткі часам выглядаюць вельмі асцярожнымі: мы паведамляем пра тое, што ведаем, і ў чым упэўненыя, і ніколі не скажаем інфармацыю ў будзь-якіх палітычных мэтах. Наша інфармацыя павінна быць улічана тымі, каго яна тычыцца – і таму мы вельмі адказна ставімся да ўласных ацэнак. Напрыклад, мы вядзем спіс вядомых нам імёнаў ахвяр палявання ўладаў на ўдзельнікаў грамадскай ініцыятывы, але таксама нам прыходзяць часам шматлікія, але няпоўныя звесткі пра такія ж справы ў іншых гарадах ці раёнах – і тады мы кажам пра тое, што ведаем дакладна, але падкрэсліваем, што нашы даныя пра ахвяр пераследу няпоўныя, гэтых ахвяр больш. Часам такія ацэнкі – гэта сігналы трывогі для патэнцыйных ахвяр пераследу".
У такой сітуацыі грамадзянская супольнасць і медыя могуць дапамагаць распавядаць гісторыі пацярпелых, абараняць і падтрымліваць пацярпелых, адзначае Павел Сапелка. Таксама — падтрымліваць праваабарончыя арганізацыі, якія займаюцца дакументаваннем, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю, выказваць публічную салідарнасць, распаўсюджваць веды пра бяспечны абмен інфармацыяй.
Павел Сапелка дадае, што некаторыя даныя праваабаронцаў пра рэпрэсіі могуць адлюстраваць рэальную карціну:
"Мы шмат губляем інфармацыі пра штодзённыя рэпрэсіі кшталту адміністрацыйных. Тыя лічбы пра затрыманні, якія ёсць у нас — гэта толькі вярхушка айсберга, многія выпадкі застаюцца незафіксаванымі. Але і гэтая статыстыка паказвае шырока распаўсюджаныя практыкі рэпрэсій. Што тычыцца крымінальнага пераследу, мы ведаем амаль пра кожнага асуджанага, але інфармацыя пра дасудовае змяшчэнне пад варту да нас даходзіць са значным спазненнем і далёка не поўная. Таксама не заўсёды нам вядомыя вынікі разгляду судамі канкрэтных спраў. Менавіта гэтыя даныя мы заклікаем перадаваць нам на ўмовах бяспекі і нават неразгалошвання".
"Рэпрэсіі не спыніліся – яны перайшлі ў іншую фазу"
Як адзначае праваабаронца, ці давяраць афіцыйным крыніцам або недзяржаўнай статыстыцы залежыць ад таго, якія даныя агучваюцца і навошта, і як яны суадносяцца з інфармацыяй “Вясны”.
"Напрыклад, мы давяраем агульным лічбам, якія тычацца ўзбуджаных крымінальных спраў – яны паступова павялічваюцца і адпавядаюць нашым уяўленням пра сітуацыю, іншых у нас няма. Калі прадстаўнік Следчага камітэта ў траўні кажа пра "больш за 6000" асуджаных за пратэсты 2020 года, мы кажам: так, больш за 6000 – нашмат больш, таму што нам зараз вядома пра больш за 7200 прысудах. Але афіцыйныя крыніцы знайшлі іншыя формы паводзінаў – ужо некалькі гадоў яны не даюць дэтальнай статыстыкі па адміністрацыйнаму і крымінальнаму пераследу.
Таму мы павінны спалучаць колькасны і якасны аналіз інфармацыі, якую мы здолелі сабраць, таксама мы павінны дапамагаць сведкам гаварыць".
Напрыканцы Павел Сапелка заклікае да дакументавання фактаў рэпрэсіі і ўзаемадапамозе:
"Варта памятаць, што рэпрэсіі не спыніліся – яны перайшлі ў іншую фазу. Але гэта ўсё тая ж барацьба за кантроль над свядомасцю, за страх і падпарадкаванне. Таму вельмі важна працягваць працаваць, сведчыць, слухаць, дапамагаць тым, хто яшчэ можа гаварыць".