У Беларусі +20 новых палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 23 ліпеня

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі: Віталя Азрыменку, Максіма Арціменю, Андрэя Бераставага, Яўгена Бодрыкава, Марыю Дзейчык, Дзіяну Гаўрылаву, Аляксандра Герасіменку, Алега Зелянко, Андрэя Загорскага, Віталя Касцецкага, Васіля Клімовіча, Валянціна Клебановіча, Кірыла Краўцова, Ірыну Левіную, Юрыя Несцерава, Сяргея Салажэнцава, Вольгу Сітнік, Віталя Чавусава, Аляксандра Яцукевіча, Дзмітрыя Ялчэнку. Як паведамляюць праваабаронцы, іх зняволенне звязана з прызнаннем пратэсных ініцыятыў экстрэмісцкімі фармаваннямі.

1_1097_1.png

Ксёндз Генрых Акалатовіч зноў накіраваны ў калонію

Былы пробашч каталіцкай парафіі ў Валожыне ксёндз Генрых Калятовіч, асуджаны на 11 гадоў зняволення па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве», зноў накіраваны ў калонію ў Бабруйску, піша katolik.life/ паводле паведамленняў вернікаў.

Раней стала вядома, што святара, які ўжо знаходзіўся ў калоніі, нечакана вярнулі ў СІЗА Мінска. У вернікаў тады з'явілася надзея, што яго рыхтуюць да вызвалення перад прыездам у Беларусь новага Апостальскага Нунцыя, дыпламатычнага прадстаўніка Ватыкана.

Але аказалася, што святара пераводзілі ў СІЗА для разгляду яго скаргі на прысуд, з якім ён не згодны, не прызнаючы сябе ў чым-небудзь вінаватым. 

Наколькі вядома вернікам, прысуд застаўся ранейшым. Верагодна, скаргу разглядаў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі, паколькі абскарджанне рашэння Мінскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе ўжо адбывалася. Але падрабязнасці вернікам не вядомыя.

«Экстрэмісцкім» прызнаны instagram-акаўнт, прысвечаны палітвязню Уладзіміру Мацкевічу

22 ліпеня суд Савецкага раёна Мінска прызнаў "экстрэмісцкім" Instagram-акаўнт philosopher_in_prison, прысвечаны дзейнасці філосафа і рэфармата Уладзіміра Мацкевіча.

Уладзімір Мацкевіч прысуджаны летам 2022 года да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапіла старонка ініцыятывы Хрысціянская Візія-Christian Vision for Belarus у сацыяльнай сетцы Threads. Такое рашэнне 21 ліпеня прыняў судЦэнтральнагараёнаМінска.

У Беларусі заблакавалі сайты праекта «Праваабаронцы супраць катаванняў» і расійскага «Мемарыяла»

Па рашэнні пракуратуры Магілёўскай вобласці ў Беларусі заблакавалі сайты праваабарончых праектаў «Праваабаронцы супраць катаванняў» і «Мемарыял ПЗК» (protivpytok.org і memopzk.org), пра гэта піша само ведамства.

Па версіі пракуратуры, на сайтах ініцыятыў «размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчаюць загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян, а таксама экстрэмісцкія матэрыялы, якія накіраваны на дыскрэдытацыю кіраўніка дзяржавы, органаў улады і кіравання».

Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» створана ў 2011 годзе, яна аб'ядноўвае беларускіх праваабаронцаў і юрыстаў, якія займаюцца праблемай прымянення катаванняў у Беларусі.

«Мемориал. Поддержка политзаключенных» — расейская ініцыятыва. Праект збірае і распаўсюджвае інфармацыю пра палітвязняў, дапамагае палітвязням знайсці і аплаціць адваката і г.д.

У вышук у Расіі абвешчаны аналітыкі, аднесеныя беларускім МУС да «экстрэмісцкага фармавання» 

У базу «Розыск» на сайце МУС РФ уключаны палітычныя аналітыкі Аляксандр Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Аляксандр Фрыдман, а таксама журналістка Таццяна Каравянкова, заўважыў «Позірк». 

У вышуку чацвёра з пяці грамадзян, аднесеных беларускім МУС да «экстрэмісцкага фармавання» — інфармацыйнага агенцтва "Позірк".

Да маці палітвязня Дзяніса Сальмановіча, асуджанага да 10 гадоў, прыходзілі з ператрусам

«Сказалі, што я ў вышуку, хацелі даведацца мой нумар тэлефона і ў якім еўрапейскім горадзе я пражываю. Цяпер яны хочуць мяне прыцягнуць за маршы», — распавяла Галіна «Вясне».

Гэта не першы ператрус у доме Галіны. У 2021 годзе жанчыну шукалі «за супрацоўніцтва з экстрэмісцкімі каналамі і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля гэтага ёй давялося тэрмінова з'ехаць з краіны.

У Дзяржынску працягваюцца суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што суд Дзяржынскага раёна працягвае разглядаць справы паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Днямі, як мінімум тром чалавекам прызначылі «хатнюю хімію».

Нагодай для пераследу сталі «пратэсныя» фотаздымкі і відэа, па якіх ідэнтыфікуюць удзельнікаў акцый.