Пракуратура знайшла «экстрэмізм» на маркетплейсах. Хронікі рэпрэсій 24 ліпеня

Пракуратура Заводскага раёна Мінска знайшла на маркетплейсах «экстрэмісцкія» кубкі і футболкі з Пагоняй — «з нанесенай выявай вершніка на чырвоным фоне і кані з мячом і шчытом у руках». Уладальнікам інтэрнэт-пляцовак вынеслі прадпісанні прыбраць тавары з каталогаў, паведамляе пракуратура Мінска.

1_1097_1.png

Айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах

Андрэю Бераставому 44 гады. З канца 2002 года ён працуе ў IT і займаецца дызайнам.

Апошнія 15 гадоў ён займаўся UX/UI-дызайнам — стварэннем зручных для карыстальніка інтэрфейсаў і візуальнага афармлення для праграм і вэб-прадуктаў.

Ён працаваў у міжнароднай ІТ-кампаніі Add-in Express/Ablebits, дзе прайшоў шлях ад дызайнера да кіраўніка дызайн-каманды. З сакавіка 2023-га перайшоў на працу як вядучы UX/UI дызайнер у грузінскі офіс кампаніі. Вядома, што перыядычна ездзіў у Беларусь, піша «Наша Ніва».

Мужчыну асудзілі ў 2025 годзе па чатырох артыкулах — «заклікі да прычынення шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі:

  • Cтаронка ў Facebook «Асацыяцыя Палiвязняў Беларусi»;
  • Telegram-каналы і чаты «Ukraine Belarus. no russian», «Карацей Кажучы # STOPRUSSIA», «СуполККА»,«BelVarta» (экстрэмісцкім таксама прызналі ягоны чат і лагатып);
  • Старонкі ў Instagram «yakut4aka», «philosopher_in_prison»;
  • YouTube-канал «Беларусь 365»;
  • Старонкі ў Threads «Игорь Баранов», «Хрысцiянская Вiзiя – Christian Vision for Belarus», 
  • TikTok-старонка «АРХАНГЕЛЫ».

Затрыманні на межах Беларусі працягваюцца

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Апроч гэтага, па-ранейшаму выводзяць з транспарту для размовы ўкраінцаў, якую едуць транзітам праз Беларусь.

Падставай для «зацікаўленасці» чалавекам могуць стаць яго легалізацыя ў іншай краіне, доўгая адсутнасць у Беларусі, «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлефоне, і нават асабістая перапіска, якая сілавікам можа падацца «падазронай».

Усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі». Вядома, што некаторых затрымліваюць па крымінальных справах.