Палітвязняў працягваюць пераследаваць і ў калоніях. Хронікі рэпрэсій 25 ліпеня

 Па даных праваабаронцаў, па стане на 25 ліпеня 2025 года як мінімум 110 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і яшчэ 68 чалавек асудзілі паводле арт. 411 КК. «Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў.

1_1097_1.png

Палітычна матываваныя прысуды з непрапарцыйна высокімі і несуразмернымі зробленаму тэрмінамі — не адзіны метад барацьбы ўладаў з беларусамі. Калі палітвязні трапляюць у калоніі, ціск на іх працягваецца: іх пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, змяшчаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) або памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На палітвязняў «вешаюць» шматлікія парушэнні, за што іх пераводзяць на турэмны рэжым або ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Да падзеяў 2020 года ў Беларусі паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэкса судзілі толькі двух палітвязняў: у 2012 — Зміцера Дашкевіча і ў 2015 — Мікалая Дзядка. Цяпер паводле гэтага артыкулу асудзілі ўжо некалькі дзясяткаў чалавек, некаторых — неаднаразова.

На дадзены момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы 178 палітвязняў, якіх па «надуманых правінах» адміністрацыя калоній карае за «парушэнне ўстаноўленага парадку». З іх 110 палітвязням узмацнілі рэжым і перавялі ў турму. На гэтых палітзняволеных ціск аказвалі адразу пасля этапу ў калонію. Некаторыя ў калоніі не змаглі атрымаць ніводную перадачу да пераводу на турэмны рэжым праз тое, што іх амаль адразу пасля этапу змяшчаюць у ПКТ. Адміністрацыя калоніі спецыяльна стварае невыносныя ўмовы ўтрымання, а потым яшчэ і пагаршае іх стан пераводам на рэжым з максімальнымі абмежаваннямі, пазбаўляючы іх нават свежага паветра. Пры гэтым, рапарты складаюць за тое, чаго палітвязень ніколі не здзяйсняў. Але абскардзіць змяшчэнне ў штрафны ізалятар або ПКТ для вязняў амаль немагчыма.

Кожны дзень яшчэ некалькі соцень палітзняволеных таксама сутыкаюцца з адвольнымі пазбаўленнямі перадач, спатканняў і званкоў. Некаторых з іх працягваюць змяшчаць у ШІЗА, ПКТ і карцары.

Як адзначаюць палітвязні, умовы ў ШІЗА вельмі жорсткія і іх можна расцэньваць як катаванні. Так, звычайна камера штрафнога ізалятару вельмі маленькая і халодная. Увесь час зняволеным дазволена толькі або хадзіць па камеры, або сядзець на каменным «пуфіку», як яго называюць самі супрацоўнікі. Сядзець на падлозе нельга — за гэта могуць дадаць новае спагнанне.

У гомельскай жаночай калоніі № 4, напрыклад, адзенне ў жанчын забіраюць і выдаюць замест яго адмысловае для штрафнога ізалятару. Пры гэтым панчохі і ласіны забіраюць, таму нават зімой зняволеныя знаходзяцца там з голымі нагамі. Але некаторыя знайшлі выйсце — абкручваць ногі туалетнай паперай. Таксама ўжо цягам больш за паўтара года па загаду адміністрацыі калоніі палітзняволеным на ноч не выдаюць целагрэйкі, таму накрывацца там няма чым. Такія ўмовы жанчыны расцэньваюць як катаванні холадам.

Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — спецыяльнае памяшканне, у якім утрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. Гэтыя абмежаванні тычацца і вязняў, якіх змяшчаюць у адзіночную камеру. 

Апошнім часам, практыка пакарання вязня ШІЗА ці ПКТ выкарыстоўваецца для далейшага ўзмацнення рэжыму і пераводу на турэмны рэжым у так званую «крытую турму», або ўзбуджэння новай крымінальнай справай за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Гэта два самых жорсткіх дысцыплінарных пакарання, прадугледжаныя законам.

«Экстрэмісцкімі» прызналі старонкі праекту «Чын Чын Чэнэл»

Сёння адбылося чарговае абнаўленне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:

  • Старонкі праекту «Чын Чын Чэнэл» у сацыяльных сетках;
  • Старонка ў Instagram «dzianisurbanovich»;
  • Кнігі Эрыха фон Манштэйна «Згубленыя перамогі», Эрвіна Рамэля «Баявыя аперацыі ў Паўночнай Афрыцы і на заходнім фронце ў Еўропе», Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі»;
  • Музычная  кампазіцыя «Беларусь» Карнея Тарасава;
  • Сайт і Telegram-канал праекту «planeta.prеss»;
  • YouTube-канал «ЛАМПА»;
  • Старонка ва «Укантакце «МЫ ПРОТИВ ЛУКАШЕНКО И ЕГО ДИКТАТУРЫ»;
  • Сайт і старонкі ў сацсетках праекту «Скорая взаимопомощь».

У Беларусі +8 новых палітвязняў

Гэта Аляксандр Мядведзеў, Дар’я Семашкевіч, Віктар Іваньковіч, Андрэй Андрашчук, Пётр Лунёў, Яўген Невар, Сяргей Шацілаў, Карына Зяленская.

З красавіка ў «спіс экстрэмістаў» дадалі 22 жыхароў Бярозы, асуджаных па «народным» артыкуле

Усім ім быў інкрымінаваны арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама адзначым, што ў «спіс экстрэмістаў» за гэты перыяд дадалі і іншых жыхароў Бярозаўскага раёну, асуджаных паводле іншых палітычных артыкулаў.

Як раней паведамлялі праваабаронцы, з лета 2024 года ў Бярозе пачалі судзіць па крымінальным артыкуле 342 за мірныя пратэсты лета 2020 года. Суды праходзілі групамі па 2-4 чалавекі, на пачатак красавіка праваабаронцам было вядома пра 26 асуджаных мясцовых жыхароў.

За першыя тры месяцы года пракуроры Брэсцкай вобласці накіравалі ў суды 119 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

У прыватнасці, гаворка пра 65 Telegram-чатаў і каналаў, 37 старонак у «Аднакласніках», 34 акаўнта ў Facebook і 34 старонкі ў Instagram, 7 каналаў на YouTube, 6 акаўнтаў у TikTok, 4 інтэрнэт-сайта і 4 старонкі ва «Укантакце», 2 акаўнты ў «X» (Twitter).

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі плакаты, стыкеры, налепкі з выявай абразоў, намаляваных у стылі анімэ.

70-гадовую жанчыну з Гомеля асудзілі за каментары

Сафія Бачурынская апошнія гады займалася сеткавым маркетынгам. Жанчына жыве актыўным жыццём. Яна любіць падарожжы і за апошнія гады пабывала ў некалькіх краінах ЕС і Украіне. Яшчэ адно хобі Сафіі — маляванне.

Бачурынскую затрымалі ў снежні 2024 года. А ў 2025 асудзілі па чатырох артыкулах — «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але выглядае, што справа ў каментарах у тэлеграме, піша «Наша Ніва». Акаўнт жанчыны быў не абаронены і цалкам адкрыты, таму сілавікам было нескладана яе ідэнтыфікаваць.

Бачурынскай прысудзілі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Сёння яе дадалі ў спіс «экстрэмістаў» МУС.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 16 прозвішчаў — цяпер у ім 5559 чалавек

25 ліпеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага па «справе Гаюна» Віталя Чавусава, а таксама малодшага брата палітвязня Ігара Лосіка Мікіту Лосіка.

Вясна публікуе апошнюю версію спіса.