У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал «Delfi Литва». Хронікі рэпрэсій 21 ліпеня

На YouTube-канал «Delfi Литва» падпісаныя больш за 100 тысяч чалавек. Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 18 ліпеня.

1_1097_1.png

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Instagram старонкі «Movements For Freedom», «supolka_italia», «Виталий Макаревич Trucker», «miliuk27»;
  • Старонкі ў Facebook «РЭЗЕРВОВАЯ!!! НIЯКАЙ IНТЭГРАЦЫI З РАСЕЯЙ», «Беларусы ў Лiтве/ Baltarusiai Lietuvoje / Belarusians in Lithuania»;
  • Старонка ў «Threads» «BGmedia|Брест|Новости»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «Мой Дрогичин»;
  • TikTok-старонка «vibori_belorusi».

Журналіста і музыку Ігара Палынскага дадалі ў базу вышуку МУС Расіі

Пра гэта Ігар напісаў на сваёй старонцы ў «Х».

Нагадаем, на мінулым тыдні ў расійскай базе вышуку сябе знайшлі журналісткі Таццяна Каравянкова і Глафіра Жук.

Праверыць сябе ў расійскай базе вышуку можна на сайце МУС РФ (з-за мяжы сайт адкрывецца праз VPN).

Палітвязня Мікіту Самарына асудзілі да 6 гадоў калоніі

У Гродне да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітвязня Мікіту Самарына, які чатыры гады хаваўся ад прысуду, паведамляе «Гарадзенская праваабарона». Гэтым разам яго прызналі вінаватым паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да міліцыянтаў), а таксама арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 

Вядома, што палітвязня больш за месяц утрымліваюць у ШІЗА.

Нагадаем, пра затрыманне палітвязня стала вядома 27 сакавіка. Як паведаміла МУС, мужчыну спынілі ў Гродне — дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку.

У Брэсцкім СІЗА ў траўні было да 50 чалавек, затрыманых па «справе Гаюна»

Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак:

«Агульная колькасць арыштантаў СІЗА — да 280 чалавек, з якіх каля 60-70% гэта палітычныя. Па нашых дадзеных, тэрмін утрымання за кратамі фігурантам "справы Гаюна" працягваецца праз складанасць справы.

Акрамя таго, у СІЗА этапам праз ІЧУ, рэгулярна прывозяць людзей з мяжы, што негледзячы на папярэджанні, едуць у Беларусь маючы пратэстны бэкграўнд. 

Мянты, пры адсутнасці фармальных прычын для затрымання, шырока карыстаюцца практыкай фэйкавай падпіскі людзей на "Зеркало", ці іншыя "экстрэмісцкія" фармаванні, каб затрымаць чалавека па "адміністратыўцы" 19.11, а потым за 10-15 дзён спакойна накапаць фактуры на крыміналку.

У размовах мянты не хаваюць упэўненасці ў тым, што сканчэнне тэрміна даўнасці па 342 нічога ня зменіць і яны знойдуць варыянты, як саджаць людзей».