Калі беларусам адзначаць Дзень Незалежнасці? Паміж экспертамі кансэнсусу няма
Беларусь больш за 30 гадоў жыве як самастойная дзяржава, але са святам незалежнасці ўсё складана і дыскусійна дагэтуль. Афіцыйна Дзень Незалежнасці з 1996 года адзначаецца 3 ліпеня ў дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў. З 1991 па 1996 год Дзень Незалежнасці святкавалі 27 ліпеня — у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе. Ёсць меркаванне, што для свята найбольш пасуе дата надання Дэкларацыі сілы канстытуцыйнага закона 25 жніўня 1991 года. А можа, увогуле варта адзначаць галоўнае дзяржаўнае свята 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння БНР?

Шэсце 27 ліпеня 1992 года, арганізаванае БНФ. Крыніца: «Народная газета», ліпень 1992 года.
Праблема з «множнасцю» дзён Незалежнасці датычная не толькі выбару даты, але і глыбейшых пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці, гістарычнай памяці і палітычнага сэнсу свята. Напярэдадні 27 ліпеня Беларускі Інстытут публічнай гісторыі (БІПГ) зладзіў дыскусію аб тым, якая дата бліжэй да вытокаў незалежнасці. У дыскусіі ўзялі ўдзел акадэмічны дырэктар БІПГ, кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі, журналіст і палітолаг Юры Дракахруст, журналіст і палітолаг Валер Карбалевіч, кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэйкала, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч. Будзьма прыводзіць меркаванні экспертаў.
Спрэчны дубль. Паміж 27.07.1990 і 25.08.1991
Аляксей Ластоўскі прыводзіць меркаванне аднаго з распрацоўшчыкаў Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі (27 ліпеня 1990 года) Сяргея Навумчыка наконт выбару ў «спрэчным дублі датаў».
«Пазіцыя Навумчыка — дакладная і без дыскусій — 27 ліпеня нельга лічыць пачаткам, гаворка толькі пра нейкія кропкавыя рухі, сапраўдная ж незалежнасць была дасягнутая 25 жніўня 1991 года, толькі гэты дзень можа прэтэндаваць на адпаведны статус», — зазначыў Аляксей Ластоўскі.
Нагадаем, пасля няўдалай спробы путчу ў Маскве Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі сапраўды атрымала канстытуцыйны статус — гэта адбылося на нечарговай сесіі Вярхоўнага Савету 25 жніўня 1991 года.
Глядзіце таксама

Юры Дракахруст лічыць, што аргументаў на карысць 27 ліпеня — больш. Ён зазначае, што «станаўленне незалежнасці многіх краін ёсць паступовым працэсам», выбраць пэўную стартавую кропку — цяжкавата. Дракахруст звяртаецца да ўспамінаў таго ж Сяргея Навумчыка — да кнігі «Дзевяноста першы».
«У кнізе Навумчык прыводзіць вельмі красамоўную цытату з неапублікаванага артыкула Зянона Пазняка снежня 1991 года: «Рэспубліка Беларусь стаўшы дэ-юрэ незалежнай дзяржавай не праводзіць палітыкі незалежнай дзяржавы. Не ствараецца ўласная валюта, войска, мытная сістэма, не ўпарадкоўваюцца межы, не наладжваюцца міжнародныя сувязі, няма канцэпцыі замежнай палітыкі».
Глядзіце таксама

З гэтага вынікае, што падзеі 25 жніўня былі таксама яшчэ адной дэкларацыяй аб незалежнасці. Аніякага будаўніцтва рэальнай незалежнай дзяржавы не адбывалася — да Віскулёў. Толькі пасля Белавежскіх пагадненняў пачалося будаўніцтва незалежнай дзяржавы. І ў гэтым сэнсе мы можам выбіраць паміж дэкларацыямі, а не паміж дэкларацыяй і рэальным будаўніцтвам дзяржавы», — лічыць Дракахруст.
На ягоную думку, выбар на карысць 25 жніўня палітычна праблемны: «Для ўсіх відавочна, што прапанова БНФ (25 жніўня) аб наданні Дэкларацыі канстытуцыйнага статусу была пікам палітычнай эвалюцыі Беларускага Народнага Фронту. Ягоны трыумф. З гэтага ствараецца вобраз, што незалежнасць для нас заваяваў Зянон Пазьняк. Дзякуй яму. А цяпер зададзім пытанне: каму гэта трэба?». Як лічыць Юры Дракахруст, палітычным інтарэсам «беларускіх актараў, вядомых нам (цяпер), катэгарычна не адпавядае». Умоўна кажучы, навошта ўмоўным Ціханоўскай, Бабарыку, Ціханоўскаму, Турчыну «святкаваць трыумф Зянона Пазьняка».
Глядзіце таксама

На карысць жа 27 ліпеня гаворыць тое, што «гэтая дата найбольш кансэнсусная — добра чапляцца за тое, што ўжо было, а гэты дзень колькі год быў дзяржаўным святам, то бок мы яго вяртаем, не штосьці кімсьці прыдуманае і прызначанае — мы вяртаем тое, што ўжо было».
Валер Карбалевіч лічыць, што пытанне, калі і каму выбіраць дату святкавання, будзе вырашацца суадносінамі палітычных сілаў у будучыні.
«Увогуле ў Беларусі кансэнсусу наконт даты святкавання ў аглядальным будучым няма і ён немагчымы. Бо Дзень Незалежнасці і святкаванне яго — гэта квінтэсэнцыя ўсіх супярэчнасцей. Само пытанне канфліктнае», — заўважае Карбалевіч.
І адзначае тое, што «ў розных датах закладзеныя розныя сэнсы разумення незалежнасці». 27 ліпеня ці 25 жніўня — гэта пытанне аддзялення ад СССР як пачатак беларускай незалежнасці, «шмат якія постсавецкія дзяржавы на такія даты арыентуюцца, быў вядомы «парад суверэнітэтаў», нават Расія такую дату бярэ як пачатак незалежнасці». Але ж беларуская адметнасць палягае ў тым, што «Лукашэнка прыйшоў да ўлады пад лозунгам рэстаўрацыі савецкага мінулага і аб’яднання з Расіяй — таму і шукаў легітымнасць дзяржаўнасці якраз у СССР і БССР».
«Тут вельмі цікавы момант. У афіцыйнай лукашэнкаўскай міфалогіі распад СССР разглядаецца як няшчасце. То бок у выніку няшчасця з’явілася незалежная Беларусь. Як непажаданае дзіця», — сказаў Валер Карбалевіч.
Ёсць жа, нагадвае палітолаг, і трэцяя дата — падпісанне Белавежскіх пагадненняў, пасля якіх сапраўды пачала будавацца рэальная незалежнасць. «Але ж ёсць вядомая дата 25 сакавіка. Чаму не адтуль мы бярэм сваю незалежнасць?», — кажа Карбалевіч.
Юрыдычнае і эмацыйнае вымярэнні свята
Кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэйкала зазначае, што Дзень Незалежнасці як нацыянальнае свята як мінімум мае два вымярэнні — юрыдычнае і эмацыйнае. Прыняцце яго для любога народа — гэта вышэйшая ступень сімвалізму, вышэйшая ступень у кантэксце рэалізацыі народам права на самавызначэнне. Таму «Дзень Незалежнасці павінен адзначацца менавіта ў дзень прыняцця дэкларацыі, а наданне канстытуцыйнага статусу — проста тэхнічны акт».
«Ні той, ні другі дзень не быў асэнсаваным выбарам. Але трэба перакідваць нейкія мосцікі ў мінулае. То калі між гэтымі днямі выбіраць, то трэба той — 27 ліпеня — які ўжо святкаваўся ў дзяржаве», — мяркуе Кацярына Дзейкала.
Глядзіце таксама

«Я б выбраў 25 сакавіка — і закрыў бы на гэтым тэму»
Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч — прыхільнік іншай даты: «Выбіраючы паміж 27 ліпеня і 25 жніўня, я б выбраў 25 сакавіка — і закрыў бы на гэтым тэму». «Там (1918) было ўсё дастаткова зразумела, там людзі свядома, мэтанакіравана, упершыню ў мадэрнай гісторыі абвесцілі, што неабходна стварэнне беларускай незалежнай дзяржавы. Падзеі 1990-га і 1991-га не настолькі відавочныя», — адразу падкрэсліў Казакевіч. Але калі выбіраць паміж датамі найноўшай гісторыі то выбар Казакевіча — 25 жніўня.
«Чаму 27 ліпеня кепская дата? Імпульсы для першага дакумента фактычна пайшлі з саюзнага цэнтру. Дні Незалежнасці проста штампаваліся па ўсім Саюзе, проста copy past, нават аўтаномныя рэспублікі ўнутры СССР прымалі такія дакументы, — нагадвае Андрэй Казакевіч. — І ў Беларусі проста, скажам так, «привел в соответствие с требованиями московских товарищей». Практычна гэта не глядзелася як акт Незалежнасці ці акт стварэння нейкай суб’ектнасці. Крызісны час дыктаваў прыняцце. (...) І практычнага значэння гэта таксама не мела. У той жа час абвяшчалася рэальная незалежнасць балтыйскіх суседзяў — з адмовай ад савецкіх законаў, у Беларусі ж нічога гэтага не было. Проста фармальны акт. У даце 25 жніўня было значна больш палітычнага сэнсу. І больш кансэнсусу сярод дэпутатаў — няма іншага выйсця, трэба абвяшчаць незалежнасць. Я не згодны што гэта быў трыумф Пазняка. Хутчэй, гэта быў акт разумення таго, што пасля путчу Саюз у звыклым выглядзе не будзе існаваць і трэба рабіць крокі па далейшым выбудоўванні, стварэнні незалежнай дзяржавы».
Ён таксама заўважае, што менавіта тады панятак «незалежнасць» ужо пачынае выходзіць у палітычныя наратывы і сапраўды ў практычную плоскасць. Савецкія законы адыходзяць, далей мяняецца сімволіка, былі прынятыя вельмі канкрэтныя захады, каб пачынаць будаваць незалежныя палітычныя інстытуты. «На ўзровень было больш свядомасці ў гэтых дзеяннях. У ліпеньскім акце гэтага не было зусім. Але маё меркаванне — 25 сакавіка, навошта нам тры Дні Незалежнасці, Беларусі хопіць аднаго», — зазначыў Андрэй Казакевіч.
Што рабіць з 3 ліпеня?
З 1996 года Беларусь святкуе Дзень Незалежнасці 3 ліпеня, які пры СССР быў днём вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкай акупацыі.
«Падыход павінен быць такім, як у хрысціянства да паганскіх святаў. І скідалі Перуна, і рубілі, але агульны падыход быў інтэграваць паганскія святы ў хрысціянскі каляндар. Не трэба руйнаваць 3 ліпеня. Лепш інтэграваць чым адкідаць. Ці днём сталіцы, ці днём вызвалення прызнаць», — мяркуе Юры Дракахруст.
Валер Карбалевіч у асноўным згодны з калегам: «Наколькі прыжылася дата? Так, у пэўным сэнсе прыжылася. Асабліва сярод непалітызаваных абывацеляў, фактычна, сёння гэта дата стала галоўным святам у краіне. Публіка добраахвотна спявае гімн Беларусі на плошчы. Я згодзен, трэба гэта свята ці ў дзень горада ці ў сімвалічную дату вызвалення ад фашыстаў».
«Для каго гэта свята з’яўляецца каштоўным? Ад гэтага залежыць, заставацца яму ў тым ці іншым выглядзе. Мы насамрэч пра гэта стаўленне людзей дакладна не ведаем. Калі шмат людзей будзе за тое, каб 3 ліпеня захоўвалася нейкім святам, то так, гэта можа застацца», — мяркуе Андрэй Казакевіч.
Глядзіце таксама

Дзень волі як Дзень Незалежнасці
Аляксей Ластоўскі нагадвае пра літоўскі досвед. У сучаснай Літве святкуецца Дзень аднаўлення літоўскай дзяржавы — 16 лютага 1918 года і Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы — 11 сакавіка 1990 года. «Святы прадубляваліся. Ці можам прыняць гэты досвед? Ці Дзень волі мае для нас прыярытэт? Бо літоўскую сістэму цяжка зразумець, калі не жыць у Літве», — кажа дырэктар БІПГ.
На думку Юрыя Дракахруста, прымальна і свята 25 сакавіка, і святкаванне двух дат, звязаных з незалежнасцю. Але «мы не ведаем, які будзе расклад палітычных сіл», 25 сакавіка, ці 27 ліпеня, ці разам два святы — гэта будзе вынік узаемадзеяння, сутыкнення, раўнадзеяння палітычных сіл, якія будуць адстойваць розныя варыянты.
«Можна, канечне, грамадству прадыктаваць свята, але гэта калі ў вас ёсць палітычная сіла. Не хацелася б, каб ізноў прыйшоў «народны мсціўца», які паадмяняе прынятыя святы і г.д. Для таго каб такога не было, рашэнне павінна быць максімальна кансэнсусным», — заўважае Юры Дракахруст.

БНР100 у Мінску, 2018. Фота Арцёма Лявы
На думку Валера Карбалевіча, у Дня Волі ёсць заўважныя перавагі.
«Любая нацыя — чым глыбей, тым лепш — шукае карані ў гісторыі. Дзень Волі 25 сакавіка — максімальна магчымае паглыбленне, далей няма куды. Дзень Волі — не савецкі праект, гэта альтэрнатыва яму».
Ён нагадвае святкаванне стагоддзя БНР у 2018 годзе. «Улады дазволілі стагоддзе. Тады здавалася: плаціну прарвала і можна ўжо святкаваць напоўніцу. У 2019-м папрасілі для свята стадыён «Дынама», але не — вяртайцеся на Бангалор. Улады спужаліся, улады ўбачылі, як рэагуе народ, — кажа Карбалевіч. — Справа ў тым, што вось тыя 50 тысяч, якія прыйшлі на Дзень Волі да Опернага тэатра, не думаю, што большасць з іх гэта прыхільнікі этна-культурнага нацыяналізму, БНФ і самой ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці. Проста большасць людзей убачыла тут альтэрнатыву лукашэнкаўскай рэальнасці. Нешта падобнае адбылося і ў 2020 годзе, калі бел-чырвона-белы сцяг стаў галоўным сімвалам пратэсту. Не таму, што людзі перапоўніліся нацкаштоўнасцямі, а таму, што ўбачылі альтэрнатыву. Менавіта з гэтага пункту гледзішча трэба разглядаць гэтую дату і арыентавацца на яе. Вось такі падыход мне падаецца важным».
Глядзіце таксама

Андрэй Казакевіч звяртае ўвагу на тое, што даты 90-х у Літве і Беларусі маюць розную гістарычную значнасць. «У 1990 годзе літоўскі акт аднаўлення Незалежнасці быў адзіным у СССР, які дакладна разрываў сувязі рэспублікі і Саюзу. Вельмі смелы акт, які мог выклікаць ці рэпрэсіі, ці вайсковую аперацыю. Гераічны акт. Таму я разумею, чаму літоўскія інтэлектуалы, палітыкі цэняць гэтую дату. Усё-такі нашыя ліпень 1990-га і жнівень 1991-га — гэта зусім з іншай оперы. Не было ніякай барацьбы за гэта. Хутчэй адпаведнасць плыні гісторыі. Героіка не параўнальная з тым, што зрабіла Літва ў 1990 годзе. Нават у Латвіі і Эстоніі было нашмат мякчэй і памяркоўней. На маю думку, дастаткова 25 сакавіка для беларускага Дня Незалежнасці — і ўсё на гэтым», — падкрэсліў Андрэй Казакевіч.
Удзельнікі дыскусіі пагаджаюцца ў тым, што для выбару даты святкавання Дня Незалежнасці ці некалькіх дат найважнейшым будзе грамадскі кансэнсус. Пры тым, што, як зазначыў Аляксей Ластоўскі, мы самі «асаблівага кансэнсусу не дасягнулі». Пэўна, беларусаў чакае яшчэ шмат дыскусій на гэтым шляху.