«Хто ж больш годны за Чачота?» Якой была маладосць знакамітага філамата
Іх было трое. Тых, хто браў на допытах віну на сябе і панёс самае суровае пакаранне па справе філаматаў: Тамаш Зан, Адам Сузін і Ян Чачот, які нарадзіўся 17 ліпеня 1796 года. Паэт, драматург, перакладчык, фалькларыст, мовазнавец… Чалавек выключных здольнасцей. Якім Ян Чачот быў у бурлівай маладосці?
Хоць імя Яна Чачота і на слыху, яго значэнне для нашай культуры да канца не асэнсаванае, а ў біяграфіі хапае белых плям. Што казаць, дакладная дата народзінаў знакамітага філамата была высветленая літаральна некалькі год таму…
Пра заслугі Чачота казаць можна шмат — сабраў каля тысячы (!) аўтэнтычных народных песень і выдаў іх у шасці зборніках, зрабіў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах яе будучага правапісу, у баладах адлюстраваў дванаццаць паданняў і народных казак, а таксама дзесяць матываў з народных вераванняў і звычаяў, вершы паэта актыўна ставіліся на музыку яго сучаснікам Станіславам Манюшкам.
Чачот быў таленавітым чалавекам, адораным, а вялікіх заўжды суправаджаюць ідэальныя вобразы, гучныя і пахвальныя фразы. Крыху «кампрамату» і жывасці нікому з геніяў не зашкодзіць. Яны таксама людзі! Недасканалыя, буркуны, аматары выпіць і пагуляць… А якім у маладосці быў «нястомны збіральнік скарбаў вуснай народнай творчасці»? З гэтым дапамогуць разабрацца яго ўласнаручныя лісты і ўспаміны сучаснікаў. У іх Чачоту дваццаць пяць.
Крытыкаваў Мінскі тэатр, заглядаўся на жанчын
У маі 1819 году малады Ян Чачот, які працаваў пісарам, прыязджаў у Мінск на кантрактавы кірмаш, дзе падпісваліся дагаворы на дастаўку збожжа, жывёлы, цукру і гэтак далей. Знайшлася ў яго хвілінка завітаць у гарадскі тэатр. Свае ўражанні ён апісаў у лісце да Адама Міцкевіча.
«Ох, якое тут кепскае свяцілішча мае Мельпамена!» — бударажыўся Чачот. Па яго словах, тут усё было малое — сцэна, партэр, кулісы, мала ложаў. Пастаноўка выклікала ў яго смех, ігра акцёраў не ўразіла а ні колечкі.
Але самае важнае для Чачота было напісаць Міцкевічу пра мінскіх жанчын, якіх бачыў упершыню. Па яго словах, мінчанкі былі больш сціплыя ва ўбранні, у цэлым — прывабныя, румяныя, узнёслыя абліччам з глыбокі поглядам… Што праўда, не абышоўся гарэзлівы Ян без шпількі, напісаўшы вершам: «і целам з іх кожная тлуста — прыкмета, што ўсё-ткі здарова».
Любіў спяваць беларускія песні і артыкулы са Статута
Філаматы любілі ўрачыстасці. Збіраліся па кватэрах і пакоях, адзначалі розныя супольныя святы, найперш — імяніны адзін аднаго. У лісце да Міцкевіча Чачот апісвае, як адзначалі свята ў гонар Францішка Малеўскага ўвосень 1819-га.
Міцкевіча тады не было ў Вільне, сябры рыхтаваліся яго сустрэць. З гэтай нагоды напісалі дзве песні, але «калі ўпэўніліся, што Міцкевіч не прыедзе, не шукалі ўжо да іх напеваў». Матыў нарадзіўся пад уздзеяннем келіха. Гучна і складна спяваў Чачот, Тамаш Зан дапамагаў яму.
А потым, зноў выпілі, заспявалі оду аўтарства самаго Міцкевіча, а потым яшчэ… Чачот піша, што віно ўсіх падбадзёрыла і далей філаматы спявалі верш, напісаны «той мовай, на якой наш люд вясковы, песні простыя свае найчуллівыя пяе». То-бок, па-беларуску!
На іншай вечарыне, ужо ў кастрычніку 1820-га, апісваючы ўсё ў лісце даЮзафа Яжоўскага, Чачот занатоўвае, што «вечар наш закончыўся тым, што мы спявалі 25 артыкул 4 раздзела Статута В. княства Літоўскага».
Вось гэта вечарыны былі ў філаматаў!
Адзіны, хто мог бурчаць на Адама Міцкевіча
Якім быў па характары і натуры малады Ян Чачот, добра напісаў яго сябар Ігнат Дамейка. Ён піша, што з дзяцінства Чачот быў паэтам, як Адам, і хоць яны былі нібы звязаныя адной душой, значна адрозніваліся знешнасцю, характарам, тэмпераментам.
Па словах Дамейкі, Чачот быў адзіны, хто мог, і каму дазволена было бурчаць на Адама, дакараць яго і рабіць яму заўвагі.
У знешнасці Яна заўважаўся дзіўна лагодны, рахманы характар. Нізкі, круглатвары, як паблажлівы да ўсіх, так патрабавальны да сябе і Адама, ён быў сапраўдным увасабленнем чуласці і любові да бліжняга… Жывы, душэўны, вясёлы, таварыскі з усімі, просты і аднолькавы непасрэдна, нават бесцырымонны як да маладзейшых за сябе, так і да паважных вучоных людзей.
Чачот вельмі любіў спяваць, чула адгукаўся на розныя падзеі, хутка мог успыхнуць ад гневу і гэтак жа хутка астыць, дараваць людзям за нейкую крыўду, асабліва паблажлівы быў да сціплых і гаротных, меў напраўду сялянскую натуру, прытым слыў ён набожным католікам. Заўсёды гатовы быў служыць нам, але часта і бурчаў, не змоўчваў, калі бачыў у нас нешта кепскае, бо хацеў, каб яго сябры, і перш за ўсё Адам, былі бездакорныя ва ўсім.
Пазычыў паліто Міцкевічу, а той яго не вяртаў
Што казаць, малады Ян Чачот і сябры з філамацкага колу не былі заможнымі, і такая важная і дарагая рэч, як паліто, была сапраўднай каштоўнасцю. Асабліва ж у прахалодную восень.
Кастрычнік 1819-га, Ян Чачот піша Міцкевічу: «Маё паліто, якое ты забраў, як можаш хутчэй вышлі мне, бо грошай, каб справіць што новае, цяпер няма. Таму вышлі, калі ласка, — усё ж у цябе ёсць паліто, а я сваё на людзях насіць не магу, бо старое і дзіравае…»
На жаласлівую просьбу сябра Адам коратка адказаў праз месяц: «Паліто не было з кім адаслаць, але хутка знайду нагоду; даўно ўжо выглядаю». На двары ўжо стаяў лістапад.
Гісторыя з паліто мела кепскія наступствы для Яна. У снежні таго ж, 1819-га, ён зноў піша Міцкевічу. У лісце кажа пра сваё нікчэмнае здароўе: «Сёння па дзевяцідзённым ляжанні я, нарэшце, злез з ложка. Моцна хварэў на рэўматызм — у лапатцы і ў баках, а таксама на гарачку з насмаркам і кашлем. Спадзяюся, аднак, праз колькі дзён канчаткова выздаравець».
На вакацыях забаўляўся з Наваградскімі дзяўчатамі
Свой летні час філаматы бавілі дома. Домам Чачота быў Наваградак. У жніўні 1820-га ён піша ліст Юзафу Яжоўскаму, у якім апісвае свой канікулярны побыт. Найперш, ён згадвае Шчорсы, якія побач, і ў якіх перад гэтым гасцяваў. Маёнтак Шчорсы на Нёмане быў важным месцам для філаматаў. Тут знаходзілася знакамітая бібліятэка апошняга канцлера Вялікага Княства Літоўскага Іахіма Храптовіча. Шчорсы былі прытулкам для моладзі, дзе тая адукоўвалася і адпачывала.
«Пасля Шчорсаўскай весялосці, — піша Чачот, — ужо нічога не засталося, ні якіх прыемнасцяў. Аднак для ўцехі прыводжу сабе наваградскіх дзяўчат. Вось і цяпер адну, што ўчора сама да нас прыйшла са сваёй мамай, затрымаў на ноч, а сёння адвёз на імшу: і сёння ж другую забіраю, і зноў дзень, не кажучы пра начлег, весялейшы будзе».
А яшчэ дома Чачот ласаваўся грушамі, якія самі ў рот ляцелі з дрэва. Раскоша!
Бурчаў на Варшаўскія кнігарні
Хоць Чачот вёў і бурлівае жыццё, быў лёгкі ў стасунках, бурчаць і крытыкаваць любіў неверагодна. Не толькі творчасць Міцкевіча трапляла пад яго трапнае крытычнае слова, але і, напрыклад, …варшаўскія кнігарні!
Ну і ўбогія тут кнігарні! Такім слаўцом ахрысціў кніжныя лаўкі сталіцы Кароны Польскай Чачот у лісце да Міцкевіча ўвосень 1821-га. А далей піша: самае чытэльнае тут — раманы. Чытаюць іх дамы і чыноўнікі для адпачынку пасля цяжкай працы на кухні і на службе. Нямецкіх кніг тут, можна сказаць, зусім не ведаюць, бо не любяць. О, намнога болей тут цукерак і цацак, чым гэтых цвёрдым ілбом падрыхтаваных гасцінцаў!
Наогул, і сама Варшава Чачоту не спадабалася: «Усё тут кепска, усё тут будзе не даспадобы чалавеку, які не жыватом, а розумам глядзіць на тое, што дзеецца. Есці, піць, адзявацца, шпацыраваць, сваволіць, не ведаю, ці і ў Парыжы лепей можна. Але жыць свабодна, бачыць і чуць, што пачцівае сэрца можа ўзрадаваць, не ведаю, дзе больш цяжка».
Цікава, чаму ж так не спадабаўся Чачоту горад? Можа, таму, што быў кароткі дзень і слота не дазваляюць добра правесці час? Як ён сам піша напрыканцы ліста.
Заахвочваў набываць забароненыя кнігі
Снежань 1822-га… Вось-вось, і пачнецца працэс філаматаў. Павевы да горшага ўжо былі. Чачот піша Міцкевічу: «З навін нічога асаблівага не пачуеш. Гэтымі днямі прыйшоў указ, які забараняе прадаваць працы Лялевеля, што раскрываюць польскую гісторыю. Што там у іх кепскага ці няправільнага, аднаму Богу відаць».
Таксама Чачот піша: ёсць чуткі, што будуць забаронены многія творы, Вальтэра і іншых. Таму і заахвочвае Ян усіх: хто хоча купляць і ёсць за што, няхай загадзя паклапоціцца зрабіць сабе вучоны запас, бо потым будзе цяжка…
***
Сапраўды, цяжкія часы наступілі неўзабаве. Працэс, прысуд, высылка… Гэтым абарвалася маладосць Чачота. Між іншымі забавамі ён яшчэ паспяваў пісаць вершы, назапашваць веды, удасканальваць іншых. У 1833 годзе яму дазволілі вярнуцца на Беларусь, у мястэчка Лепель, але толькі ў 1839 годзе «государь император высочайше повелеть соизволил» адпусціць Яна Чачота дамоў, на Наваградчыну, і зняць з яго паліцэйскі нагляд. Дамоў вярнуўся зусім іншы Чачот, далёка не той 25-гадовы гарэза. Па вяртанні з катаргі яму заставалася жыць усяго 8 гадоў…