«Труны ў Расіі будуць назапашвацца»: Еўропа сумняецца ў магчымасці Пуціна весці вайну бясконца
Францыя пацвердзіла падтрымку Украіны, кіраўніца МЗС Аўстрыі не верыць у магчымасць Пуціна працягваць вайну бясконца, а СБУ Украіны злавілі беларускага шпіёна. Ідзе 1251-шы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 158 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 ліпеня. Сілы абароны Украіны інтэнсіўна адбіваюць атакі расіян на Пакроўскім кірунку. Там зафіксавана 57 штурмавых дзеянняў у раёнах Уладзіміраўкі, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Разіна, Лісоўкі, Зверава, Удалага, Арэхавага, Аляксееўкі, Палтаўкі, Котліна і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 18 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Грэкаўкі і ў напрамках Сярэдняга, Рыгораўкі.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёнах Аляксандра-Калінавага, Русінага Яра, Тарэцка, Шчарбінаўкі і Яблонаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак у раёнах Зялёнага Поля, Новадараўкі, Паддубнага, Мірнага, і іншых.
На Северскім і Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунках адбіта па 9 атак расіян на кожным. На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку расійцы сем разоў атакавалі пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у раёнах Ваўчанску, Зялёнага, Заходняга і ў напрамку Петра-Іванаўкі.
* * *
Апошнім часам расійскія войскі больш актыўна ўжываюць бронетэхніку ў тактычных атаках на лініі фронту, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Паводле назіранняў аналітыкаў, інтэнсіўнасць выкарыстання бронетэхнікі знізілася, пачынаючы з зімы 2024-2025 гадоў. З красавіка 2025 года Расія спыніла маштабныя механізаваныя наступы з прыцягненнем роты або вялікіх падраздзяленняў, аддаючы перавагу лёгкім транспартным сродкам, такім як матацыклы і багі.
Аднак цяпер, паводле звестак ISW, з ліпеня 2025 года на Данецкам і Запарожскім кірунках фіксуецца актывізацыя механізаваных атак на ўзроўні ўзводаў з выкарыстаннем бронетэхнікі.
На думку экспертаў, цяперашняе павелічэнне інтэнсіўнасці можа быць спробай выяўлення слабых месцаў у беспілотнай абароне Украіны на розных участках фронту. Акрамя таго, існуе верагоднасць, што расійскае ваеннае камандаванне часткова аднавіла пашкоджаную бронетэхніку або папоўніла запасы для ўзмацнення перадавых падраздзяленняў.
Эксперты не выключаюць, што расійцы павысілі прымальны ўзровень рызыкі страты тэхнікі для тэставання новых тактык або аператыўных канцэпцый.
* * *
У ноч на 28 ліпеня Расія атакавала Украіну 331-м сродкам паветранага нападу:
- 324 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў;
- 4 крылатымі ракетамі Х-101;
- 3 аэрабалістычнымі ракетамі Х-47М2 Кінжал.
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана РЭБ 311 сродкаў паветранага нападу праціўніка:
- 309 ударных БПЛА;
- 2 крылатыя ракеты Х-101.
Расійскія войскі сёння ўначы зўдарылі ўдарнымі беспілотнікамі па некалькіх раёнах Днепрапятроўскай вобласці. У выніку пацярпелі два чалавекі: 15-гадовая дзяўчынка і 49-гадовая жанчына.
У ноч на 28 ліпеня расійскія войскі чарговым разам атакавалі Кіеў ударнымі беспілотнікамі. У выніку варожай атакі выбіла вокны ў жылым шматпавярховым доме ў Дарніцкім раёне, пацярпелі восем чалавек, сярод іх — дзіця.
* * *

* * *
У Валынскай вобласці затрыманы агент беларускага КДБ, які шпіёніў на паўночнай мяжы Украіны, паведаміла СБУ ў панядзелак, 28 ліпеня. Гаворка ідзе пра 24-гадовага мясцовага беспрацоўнага, які шукаў «лёгкія заробкі» ў тэлеграм-каналах. Ён сачыў за лакацыямі блокпастоў і ўмацаваных раёнаў Сіл абароны на паўночнай мяжы Украіны.
«Па замове КДБ фігурант спрабаваў выявіць ваенныя эшалоны, якія рухаюцца мясцовымі шляхамі або знаходзяцца на транзітных станцыях Укрзалізніці. Каб сабраць даныя, агент абыходзіў мясцовасць, дзе фіксаваў фартыфікацыйныя збудаванні Сіл абароны і адзначаў іх геалакацыі на гугл-картах», — гаворыцца ў паведамленні.
Супрацоўнікі СБУ загадзя раскрылі фігуранта, задакументавалі яго злачынствы і затрымалі па месцы жыхарства. У мужчыны канфіскавалі тэлефон з ананімным чатам у месэнджары, які ён выкарыстаў для кантактаў з беларускім спецслужбістам. Яго асоба таксама ўстаноўлена контрвыведкай СБУ.
* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у сацыяльнай сетцы Х заявіў пра намер узмацніць ціск на Расію і павялічыць падтрымку Украіны.
Макрон падкрэсліў, што Францыя застаецца адданай падтрымцы Украіны.
«Мы працягнем нарошчваць нашу дапамогу Украіне і ўзмоцнім ціск на Расію, якая павінна нарэшце пагадзіцца на спыненне агню. Гэта адкрые шлях да перамоваў, якія вядуць да трывалага і доўгатэрміновага міру пры поўным удзеле Еўропы», — паведаміў ён.
Французскі лідар таксама адзначыў, што Украіна, у адрозненне ад Расіі, працягвае заставацца функцыянуе дэмакратыяй, нягледзячы на складаныя ўмовы ваеннага часу, і выразна рухаецца еўрапейскім шляхам.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нібыта быў гатовы «паднесці на сподачку з срэбра» расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну Крым і шэраг рэгіёнаў Украіны. Але той усё роўна абраў працяг вайны, заявіла ў інтэрв'ю Die Weltміністр замежных спраў Аўстрыі Беатэ Майнль-Райзінгер.
Міністр адзначыла, што цалкам зразумелай выглядае наступная сітуацыя: Украіна хоча міру, тады як Расія — не. Пуцін ужо пачаў бы перамовы аб спыненні вайны, калі б сапраўды быў зацікаўлены ў міры.
«Прэзідэнт ЗША Трамп перадаў Пуціну Крым і некалькі ўсходніх абласцей на сподачку з срэбра, так бы мовіць, а таксама выключыў сяброўства Украіны ў NATO. А што робіць Пуцін? Ён працягвае весці вайну на знішчэнне супраць Украіны», — сказала яна.
Таксама Майнль-Райзінгер адпрэчыла меркаванне, што Расія нібыта мае перавагу на фронце. Яна нагадала, што Крэмль нясе велізарныя страты ва Украіне. І Пуцін не зможа ігнараваць гэта вечна.
«Труны ў Расіі будуць назапашвацца. Дадайце да гэтага катастрафічную эканамічную сітуацыю. Крамлю становіцца ўсё цяжэй працягваць гэтую вайну. Пуцін ведае, што ў яго заканчваецца час. Вось чаму ён цяпер вядзе вайну з такой жорсткай інтэнсіўнасцю», — рэзюмавала міністр.