Маштабная атака дронаў — але гэтым разам на Расію
У гэтую ноч Расія зазнала маштабную дронавую атаку. Па паведамленнях расійскіх СМІ, было закрыта 8 аэрапортаў, пашкоджаныя прадпрыемствы расійскага ВПК, вынікі атакі ўдакладняюцца. У той жа час ЗША і Еўропа працягваюць умацоўваць супрацьпаветраную абарону Украіны. Ідзе 1248-мы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Getty Images
За мінулыя суткі ва Украине зафіксавана 174 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 ліпеня.
Траціна штурмаў па-ранейшаму прыпадае на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны спынілі 57 атак расіян ў раёнах Мірнага, Мірнаграду, НОваэканамічнага, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Дачнага і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку ўкраінскія воіны адбілі 25 атак арміі РФ.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 24 разы паблізу Грэкаўкі, Новага Свету, Ямпалаўкі, Торскага, Серабранкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак паблізу Паддубнага, Малееўкі, Ялты, Васкрасенка і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім і Тарэцкім кірунках расіяне атакавалі па сем разоў на кожным. Па пяць атак на кожным зафіксавана на Купянскім і Прыдняпроўскім кірунках.
* * *
У ноч на 25 ліпеня падчас паветранай трывогі ў Сумах былі чутны гукі выбухаў. У выніку расійскага ўдару пашкоджанні атрымаў адміністрацыйны будынак.
У Крэменчугу Палтаўскай вобласці ў ноч на 25 ліпеня прагрымелі выбухі. Вайскоўцы паведамлялі пра пагрозу прымянення балістычнай зброі. Наступствы ўдараў пакуль невядомыя.
Адзін чалавек пацярпеў, пашкоджаныя ферма, прадпрыемства і жылы дом у выніку расійскай дронавай атакі ў Днепрапятроўскай вобласці.
У васьмі аэрапортах Расіі праз атакі беспілотнікаў уведзены план «Ковёр», паведамляюць расСМІ.
Палёты прыпыненыя ва Уладзікаўказе, Грозным, Магасе, Мінеральных Водах, Нальчыку, Стаўрапалі, Сочы і Тамбове. Паветраная прастора над імі часова закрытая. Затрыманыя дзясяткі рэйсаў, толькі ў адным аэрапорце Сочы праз дроны затрымліваюцца на вылет і прылёт 45 самалётаў.
План «Ковёр» азначае патрабаванне неадкладнай пасадкі або вываду з раёна яго дзеяння ўсіх судоў, якія знаходзяцца ў паветры, акрамя ваенных і выратавальных.
У Стаўрапальскім краі РФ дроны атакавалі Нявіннамыскі завод «Азот», а ў Катоўску Тамбоўскай вобласці — парахавы завод. На заводзе «Азот» у Нявіннамыску адбылося больш за 20 трапленняў, паведаміў мэр горада.
Таксама беспілотнікі ў ноч на пятніцу, 25 ліпеня, атакавалі аб'екты ў прыгарадах Таганрога і Новачаркаска Растоўскай вобласці РФ, паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы. Наступствы атакі і яе мэты пакуль невядомыя.
* * *

* * *
Злучаныя Штаты Амерыкі дадуць Украіне абсталяванне для супрацьпаветранай абароны на 180 мільёнаў долараў, паведамляе агенцтва супрацоўніцтва ў галіне абароны ЗША. Гэты пакет дапамогі не будзе ўключаць у сябе ўзбраенне, ён накіраваны на мадыфікацыі, тэхнічнае абслугоўванне, падтрымку рамонту, навучанне персаналу і запасныя часткі для ўжо наяўных у Украіне амерыканскіх сістэм СПА.
* * *
Нямецкая кампанія абароннай прамысловасці HENSOLDT атрымала вялікі заказ коштам больш за 340 мільёнаў еўра на пастаўку радараў для ўзмацнення супрацьпаветранай абароны Украіны, паведамілі ў кампаніі.
HENSOLDT будзе пастаўляць радары TRML-4D і SPEXER, якія з'яўляюцца часткай сістэмы супрацьпаветранай абароны блізкай і малой далёкасці, замоўленай Узброенымі сіламі Германіі.
Радар TRML-4D забяспечвае хуткае выяўленне і суправаджэнне каля 1500 мэтаў у радыусе да 250 кіламетраў. Такая тэхналогія здольная выяўляць, класіфікаваць і суправаджаць і ўсе тыпы паветраных цэляў: крылатыя ракеты, беспілотнікі, самалёты і верталёты.
* * *
Ультыматум, які прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выставіў кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну, ні на крок не наблізіў Расію і Украіну да міру, лічыць The Wall Street Journal.
Выданне аналізуе трэці раўнд прамых перамоваў паміж украінскімі і расійскімі чыноўнікамі, які адбыўся ў сераду ў Стамбуле. Гэтыя перамовы далі мала вынікаў — у прыватнасці, кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў распавёў, што «ў нас няма ніякага прагрэсу ў пытанні спынення баявых дзеянняў або перамір'я».
WSJ падкрэслівае, што гэты тупік паказаў, што нядаўнія папярэджанні Трампа мала што зрабілі, каб падштурхнуць Маскву да саступак.
«Пакуль што гэта працяг таго ж дыпламатычнага Кабукі. Прынамсі з расійскага боку Пуцін з відавочных прычын пакуль не зацікаўлены ў пагадненні, якое не адпавядае ягоным умовам», — цытуе выданне дырэктара Берлінскага цэнтра Карнэгі для вывучэння Расіі і Еўразіі Аляксандра Габуева.
Аўтары публікацыі адзначаюць, што хоць Трамп выказваў расчараванне пастаяннымі нападамі Пуціна на Украіну, ён не распачаў крокаў, каб аказаць ціск на Маскву, неабходны для спынення вайны.
«Ён, верагодна, працягне адкладаць сітуацыю на потым і паспрабуе пачакаць і паглядзець, што адбудзецца, замест таго каб праактыўна інвеставаць у адзіную, верагодна, жыццяздольную стратэгію дасягнення міру на ўмовах, з якімі Украіна можа пагадзіцца, — а менавіта дапамагчы ўкраінцам знясіліць расійцаў да такой ступені, што яны наогул не атрымаюць ніякіх тэрытарыяльных набыткаў», — прыводзіць выданне меркаванне эксперта.
WSJ адзначае, што Patriot, якія Трамп абяцаў даць, дапамогуць узмацніць супрацьпаветраную абарону Украіны, але прынцыпова не зменяць баланс сіл у вайне. Да таго ж, арсенал дронаў і ракет Расіі, якія наносяць удары па ўкраінскіх гарадах, значна перавышае колькасць ракет Patriot, якія Захад можа надаць Кіеву.