Часопіс, які стварыў Амерыку

У канцы лютага 100 гадоў адсвяткаваў «The New Yorker» — ці не самы ўплывовы грамадска-палітычны часопіс у свеце. Хаця статус «The New Yorker» як сусветна вядомага выдання, магчыма, выглядае дзіўна. Пераважная частка аўдыторыі выдання знаходзіцца за межамі «вялікага яблыка» — Нью-Ёрка. Пры гэтым агляды і анонсы мерапрыемстваў у часопісе ў асноўным прысвечаны культурнаму жыццю менавіта Нью-Ёрка. 

1925_02_21.webp

З іншага боку, дзе яшчэ мог нарадзіцца такі часопіс як не тут? У атмасферы эканамічнага буму 1920-х адзін з прадпрымальнікаў пагадзіўся інвеставаць у амаль фантастычны праект, які прапанавалі яму журналісты Гаральд Рос і яго жонка Джэйн Грант. Новы штотыднёвік, першы нумар якога пабачыў свет 21 лютага 1925 года, меў стаць інтэлектуальным гумарыстычным часопісам.  

Гумару на старонках «The New Yorker» сапраўды заўжды хапала. Аднак ужо да канца Другой сусветнай выданне стала асацыявацца з іншымі рэчамі. Перш за ўсё, з па-майстэрску напісанымі апавяданнямі і бліскучымі эсэ. Як аднойчы адзначыў вядомы пісьменнік Курт Вонегут, «"The New Yorker" — эфектыўны інструмент для таго, каб прымусіць вялікую аўдыторыю ацаніць сучасную літаратуру». Вядомы сатырык Вудзі Ален называў выданне «святой зямлёй для пісьменнікаў». 

Спіс аўтараў, якія дэбютавалі ў часопісе або зрабілі на яго старонках сабе папулярнасць, выклікае захапленне. Сярод іх: Трумэн Капотэ, Харукі Муракамі, Джэром Дэвід Сэлінджэр, Ірвін Шоу, Джон Апдайк, Стывен Кінг і інш. 

Уплывам на літаратурны працэс справа не абмежавалася. Артыкулы «The New Yorker» былі пастаяннымі крыніцамі для сцэнарыстаў кінафільмаў. Многія апублікаваныя ў часопісе як мастацкія, так і дакументальныя творы з часам адаптаваліся для вялікага экрана. Дастаткова сказаць што стваральнікі знакамітага серыяла «Сямейка Адамсаў» натхняліся працамі мастака-карыкатурыста з «The New Yorker» Чарльза Аддамса. Рэдакцыя і яе сябры былі героямі як мінімум шасці кінакарцін. 

387059.webp

Калі ўжо гаворка пра кіно, то як не ўспомніць Палін Кейл (ангел. Pauline Kael) — напэўна, самага вядомага амерыканскага кінакрытыка, тэксты якой да гэтага часу ўплываюць на моду ў Галівудзе. Квенцін Таранціна праз гады прызнаўся: «Я ніколі не хадзіў у кінашколу. Палін Кейл была маім прафесарам у кінашколе ў маёй галаве». Пасля таго, як Палін Кейл раскрытыкавала першы эпізод «Зорных войнаў», Джордж Лукас назваў аднаго з негатыўных персанажаў у сваім фільме «генерал Кейл». 

Увайшлі ў залаты фонд журналістыкі таксама карыкатуры з часопіса. Некалькі прац дасягнулі неверагоднай славы. Адна з карыкатур 1928 года выяўляла маці, якая гаворыць сваёй дачцэ: «Гэта брокалі, дарагая». Дачка адказвае: «Я кажу, што гэта шпінат, і я кажу, чорт з ім». Фраза «Я кажу, што гэта шпінат» увайшла ў лексікон амерыканцаў. А праз тры гады з’явіўся брадвейскі мюзікл Face the Music. які ўключаў песню «Я кажу, што гэта шпінат».

Гэта не ўсё. Найбольш тыражуемым у свеце з'яўляецца малюнак Піцера Штайнера 1993 года, на якім выяўленыя два сабакі за камп’ютарам, адзін з якіх кажа: «У інтэрнэце ніхто не ведае, што ты сабака». За рэгулярнае перавыданне гэтага малюнка Штайнер зарабіў 50 000 долараў!

Пітэр Штайнер, The New Yorker. en.wikipedia.org

Пітэр Штайнер, The New Yorker. en.wikipedia.org

Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з тым, як «The New Yorker» паўплываў на амерыканскую дыскусію і як вынік на палітыку. Неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны эсэ Джона Херсі «Хірасіма», прысвечанае наступствам атамнай бамбардзіроўкі горада, заняло цэлы выпуск. 

Сярод важных аўтараў дакументальнай прозы, якія пачалі пісаць для часопіса, была Ханна Арэндт. Яе рэпартаж аб працэсе над нацысцкім злачынцам Адольфам Эхманам змяніў успрыманне на Захадзе феномена таталітарнага грамадства. Адольф Эйхман на працэсе абыякава раскрыў фенаменальную па сваёй жорсткасці і штодзённасці бюракратыю масавых забойстваў. Эйхман адчуваў сябе часткай вялізнай машыны знішчэння, ён разумеў сваю ролю і адказнасць за злачынствы. Але, па яго словах, нехта павінен быў выконваць і такую ​​працу. 

Рэдакцыя «The New Yorker» у 1950-я гады дала згоду на публікацыі Джэймса Болдуіна — аднаго з самых вядомых крытыкаў расавай сегрэгацыі. У 1960-я сваімі рэпартажамі з В'етнама медыя змяніла стаўленне грамадства да ўдзелу Штатаў у канфлікце. Адзін з артыкулаў аб шкодзе пестыцыдаў натхніў актывістаў экалагічнага руху. 

Нельга сказаць, што ў выдання не было праблем. Па ходзе таго, як звычайным чытачом «The New Yorker» станавіліся людзі леваліберальных поглядаў (як правіла, не вельмі багатыя), буйныя кампаніі, якія прадавалі дарагія тавары, перасталі даваць тут рэкламу. 

Збольшага гэта прывяло спачатку да скарачэння штату, а потым да змены канцэпцыі. У 1985 годзе часопіс быў набыты выдаўцом «Vogue», «Glamour» і «Vanity Fair». На пасаду галоўнага рэдактара прызначылі былога галоўнага рэдактара «Vanity Fair». Яна дала выданню другое жыццё, але істотна змяніла яго імідж. Калі раней важную ролю на старонках адводзілі гумару і якасным літаратурным творам, то пасля рэарганізацыі на першае месца выйшла журналістыка, літаратура — на другое, і толькі на трэцяе — гумар.

Шмат хто крытыкуе тую рэформу. На іх думку, часопіс страціў ваяўнічы пыл. Як прыклад, на пачатку нулявых не рызыкнуў крытыкаваць інтэрвенцыю ў Ірак. Але так ці інакш, гісторыя «The New Yorker» працягваецца. 

Застаецца дадаць, што некаторыя мінулыя публікацыі «The New Yorker» да гэтага часу не страцілі актуальнасці. Напрыклад, «Латарэя» — кароткае апавяданне Шырлі Джэксан, упершыню апублікаванае ў «The New Yorker» у 1948 годзе, якое, мяркуючы па рэзанансе, адлюстравала нябачныя знешняму назіральніку ўнутраныя настроі амерыканскай глыбінкі. 

У апавяданні апісваецца сельская камуна, якая выконвае штогадовую традыцыю, вядомую як «латарэя». Сэнс рытуалу ў тым, каб забяспечыць добры ўраджай і ачысціць горад ад дрэнных прымет. І толькі ў фінале нечакана раскрываецца ў чым сэнс «латарэі». Выпадкова абраны латарэяй член супольнасці павінен быць забітым камянямі да смерці іншымі гараджанамі. 

Пасля прачытання апавядання збольшага становіцца лепш зразумела, адкуль у Дональда Трампа ўзяўся электарат.