Ці перайграў Зяленскі Трампа? Замежная прэса пра перамовы Украіны і ЗША
Перамовы 11 сакавіка ў Саудаўскай Аравіі сталі значным паваротам у падзеях апошніх тыдняў пасля спрэчкі ў Авальным кабінеце і прыпынення ваеннай дапамогі ЗША. Што вынікі перамоваў паміж Украінай і Злучанымі Штатамі азначаюць для асноўных гульцоў — Украіны, Расіі, Еўропы і Дональда Трампа, аналізуюць выданні The Conversation і Politico, піша ВВС Украіна.

Цяпер, пасля таго як Украіна пагадзілася на 30-дзённае перамір'е, а ЗША аднавілі вайсковую дапамогу, «мяч на баку Расіі»: ці прыме яна прапанову аб спыненні агню?
Расія пакуль не каментуе прапановы аб перамір'і, заявіўшы, што чакае ад ЗША больш дэталяў аб сустрэчы ў Джыдзе.
Трампу патрэбна перамога
Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Трамп абяцаў пакласці канец вайне за 24 гадзіны. Калі ён выйграў другі тэрмін, Трамп часам выяўляў незацікаўленасць і нават варожасць у дачыненні да Расіі.
Але няўдачы ва ўнутранай палітыцы, здаецца, прымусілі яго імкнуцца да перамогі ў міжнародных справах, піша выданне.
Зацыкленасць Трампа на Украіне вынікае з некалькіх аспектаў ягонага светапогляду.
Па-першае, хоць тэорыі пра тое, што Трамп з'яўляецца расійскім агентам, відавочна, перабольшанне, ён сапраўды здаецца зацыкленым на прэзідэнце Расіі Уладзіміры Пуціне, мяркуюць аўтары артыкула.
«Гэтая фіксацыя, верагодна, вынікае з таго факту, што Пуцін, як і Трамп, глядзіць на свет транзакцыйнай. Пуцін — гэта той, з кім Трамп, які выдае сябе за дзялка, можа дамовіцца», піша The Conversation.
Па-другое, расейска-ўкраінская вайна спалучаецца з прадстаўленнем Трампа аб тым, што ЗША даюць занадта шмат, а астатні свет, перш за ўсё Еўропа, занадта мала для забеспячэння міжнароднай стабільнасці.
Па-трэцяе, Трамп перакананы, што Украіна можа дапамагчы амерыканскай прамысловасці і абароне, але не ваенным шляхам. Рэдказямельныя мінералы, якімі валодае Украіна, маюць значныя эканамічныя і ваенныя наступствы, а на рынку дамінуе дзяржава, якую Трамп і многія іншыя лічаць галоўным сапернікам Амерыкі — Кітай.
Па-чацвёртае, Трамп лічыць, што ЗША маюць рычагі ўплыву на Украіну. Амерыканская вайсковая дапамога ў значнай ступені дазволіла Украіне весці працяглую вайну супраць значна большага ворага.
Хоць дэградацыя расійскай арміі і эканомікі ідзе на карысць ЗША, засяроджванне Трампа на кароткатэрміновых мэтах у асноўным ігнаруе гэты момант.
Ці перайграў Зяленскі Трампа
Трамп, аднак, не ўлічыў сілу характару Зяленскага, мяркуюць аўтары матэрыялу.
Пакуль Трамп імкнецца выкарыстаць Украіну для ўласнай выгады, Зяленскі застаецца засяроджаным на інтарэсах Украіны, а не ЗША. Канфлікт асоб, які ўзнік паміж імі, зрабіў хаатычную сустрэчу ў Авальным кабінеце амаль непазбежнай.
Улічваючы рыторыку Трампа ў дачыненні да Зяленскага напярэдадні той сустрэчы, цікава, што ўкраінскі лідар наогул пагадзіўся сустрэцца. Але амерыканская падтрымка Украіны імкліва знікала, Украіна не атрымала ніякай новай дапамогі ад ЗША з тых часоў, як Трамп стаў прэзідэнтам.
Зяленскі пайшоў на рызыку падчас канфлікту. І яго спроба ўзмацніць падтрымку Украіны сярод яе неамерыканскіх хаўруснікаў пасля супярэчлівай сустрэчы ў Белым доме можа быць прыкладам такога тыпу разлікаў, піша The Conversation.
У той жа час прэзідэнт ЗША выразна даў зразумець, што ён не збіраецца гарантаваць «вельмі шмат» адносна будучай бяспекі Украіны, таму што лічыць гэта задачай Еўропы, а не Амерыкі, звяртае ўвагу Politico.
Ні адзін пункт сумеснай заявы ў Джыдзе не сведчыць, што Злучаныя Штаты змянілі сваю пазіцыю.
У перамовах 11 сакавіка, падобна, таксама не падымалася і тэма тэрытарыяльных саступак Украіны. Хоць напярэдадні сустрэчы Рубіё папярэдзіў Кіеў, што яму прыйдзецца пайсці на саступкі, у тым ліку тэрытарыяльныя.
Аднак гэтае пытанне, несумненна, падымуць, калі пачнуцца прадметныя перамовы па канчатковым урэгуляванні.
Дасягнутае ў аўторак пагадненне складана назваць прарывам, але яно з'яўляецца прыкметным змяненнем курсу, піша карэспандэнт BBC па пытаннях ЗША Энтані Зуркер.
Той факт, што амерыканскія і ўкраінскія дыпламаты змаглі палепшыць адносіны і намеціць шлях прасоўвання наперад, з'яўляецца яшчэ адной ілюстрацыяй таго, што Трамп, нягледзячы на сваю браваду і схільнасць сыпаць абразамі, здаецца, заўсёды адкрыты для далейшых перамоваў.
Для яго дэманстратыўная самаўпэўненасць і ціск часта з'яўляюцца неад'емнай часткай перамоўнага працэсу.
Але стратэгія, якая ўключае чаргаванне публічных пагроз і саступак, не пазбаўленая рызык. У апошнія тыдні гэта стала балюча відавочным для больш чым 60% амерыканцаў, якія інвестуюць у фондавы рынак ЗША.
Між тым, нягледзячы на згоду Украіны на часовае перамір'е, па-ранейшаму няма ніякіх прыкмет дасягнення пагаднення аб здабычы карысных выкапняў, якое б прыносіла даходы ЗША. Трамп ясна даў зразумець, як моцна ён гэтага хоча, і гэта можа стаць каменем спатыкнення ў будучыні.
Таксама няма ніякіх прыкмет, якія будуць казаць пра гатоўнасць Расіі прыняць прапанову аб 30-дзённым спыненні агню. На што пойдзе каманда Трампа, каб пераканаць Уладзіміра Пуціна пагадзіцца на гэта, пакуль што таксама незразумела.
Ці будзе зноў працаваць той жа сцэнар? Ці прыйдзецца Трампу шукаць іншы інструмент у сваім арсенале для вядзення перамоваў?
Еўропа гуртуецца вакол Украіны
Пасля правальнай сустрэчы ў Вашынгтоне паміж Трампам і Зяленскім міжнародная супольнасць згуртавалася вакол Украіны. Аднак самай важнай была рэакцыя Еўропы.
Нягледзячы на ўсе праблемы падыходу Трампа, ён мае рацыю ў тым, што адказ Еўропы на ўварванне Расіі пакідае жадаць лепшага, піша The Conversation.
Хоць Еўропа дала Украіне больш фінансавай дапамогі, чым ЗША, у асноўным гэта адбывалася рыўкамі і толькі пасля амерыканскага лідарства ў гэтым пытанні.
Францыя і Злучанае Каралеўства больш за ўсё сярод еўрапейскіх краін падтрымалі Кіеў. Аднак Украіна мае патрэбу, каб гэтая падтрымка на словах ператварылася ў дзеянні.
Зрэшты, менавіта аднаўленне падтрымкі з боку ЕС і Вялікабрытаніі можа дазволіць Украіне працягваць барацьбу.
«Магчыма, ЗША з'яўляюцца той краінай, якая настойвае на спыненні агню ва Украіне, але менавіта Еўропа будзе адыгрываць найважнейшую ролю ў здольнасці Украіны выйграць вайну, калі яна будзе працягвацца», — заключае The Conversation.
Ці пагодзіцца Пуцін
Калі Расія пагодзіцца на 30-дзённае перамір'е, баявыя дзеянні могуць спыніцца неадкладна.
Але першы адказ Масквы не дэманструе энтузіязму, піша Politico. Крэмль заняў пазіцыю чакання, заявіўшы, што спачатку чакае дэталяў перамоваў непасрэдна ад ЗША.
Некалькі высокапастаўленых расейскіх крыніц паведамілі Reuters, што Пуціну будзе складана пагадзіцца на ідэю спынення агню без абмеркавання ўмоў і атрымання якіх-небудзь гарантый.
«Пуціну цяжка пагадзіцца на гэта ў цяперашняй форме, — сказала крыніца, якая пажадала застацца ананімнай праз адчувальнасць сітуацыі. — У Пуціна моцныя пазіцыі, таму што Расія прасоўваецца».
Яшчэ адна крыніца выдання сказала, што з пункту гледжання Масквы прапанова аб спыненні агню выглядае пасткай, таму што Пуціну будзе цяжка спыніць вайну без канкрэтных гарантый або абавязацельстваў.
Заходнія чыноўнікі ўжо даўно скептычна ставяцца да таго, ці сапраўды Пуцін зацікаўлены ў доўгатэрміновым міры, нават калі ён пагодзіцца на 30-дзённае спыненне агню.
Пуцін таксама высунуў патрабаванні па доўгім пагадненні, якія, здаецца, немагчымыя для Украіны, уключаючы забарону еўрапейскіх міратворцаў і міжнароднае прызнанне тэрыторый, акупаваных Расеяй, нагадвае Politico.
Але ці пойдзе ён на кампраміс з гэтымі ўмовамі толькі таму, што таго хоча Трамп, пакуль невядома.