Перамовы Украіны і ЗША, запланаваныя на гэтым тыдні, могуць стаць «апошнім шанцам» для Кіева, — The Economist
«Стаўкі сустрэчы ў аўторак неверагодна высокія. Калі перамовы праваляцца, Украіна, імаверна, не атрымае другога шанцу. Амерыканцы падвояць патрабаванні і будуць навязваць Кіеву рашэнні, узгодненыя з Расеяй», — паведаміла крыніца The Economist. Ідзе 1111-ты дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны, развязанай пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У аўторак, 11 сакавіка, у Саудаўскай Аравіі павінна адбыцца сустрэча ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый. ЗША плануюць выкарыстоўваць гэтую сустрэчу для ацэнкі гатоўнасці Кіева да магчымых матэрыяльных саступак на карысць Расеі дзеля спынення вайны. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў, якія пажадалі захаваць ананімнасць.
Амерыканскую дэлегацыю на перамовах з украінскімі чыноўнікамі ўзначаліць дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа. Ад Украіны перамовы ўзначаліць кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак.
Чакаецца, што разам з Рубіа ў перамовах будуць удзельнічаць дарадца па нацыянальнай бяспецы Белага дома Майк Уолц і спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па пытаннях Блізкага Усходу Стыў Уіткаф.
«Амерыканскія чыноўнікі маюць намер выкарыстаць сустрэчу з украінскай дэлегацыяй часткова для таго, каб высветліць, ці гатовая Украіна пайсці на матэрыяльныя саступкі на карысць Расеі для спынення вайны», — гаворыцца ў паведамленні.
Амерыканскі бок таксама будзе разглядаць перамовы як магчымасць ацаніць імкненне Кіева палепшыць адносіны з адміністрацыяй Трампа. Гэтае пытанне стала асабліва актуальным пасля папярэдняй сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Украіны 28 лютага завяршылася канфліктам.
Украінская дэлегацыя на перамовах можа прапанаваць некаторыя саступкі на фронце. Пра гэта піша выданне Financial Times са спасылкай на дасведачаныя крыніцы.
Каб пераканаць ЗША ў тым, што Зяленскі імкнецца да заключэння міру, украінская дэлегацыя можа прапанаваць частковае спыненне агню ў Чорным моры.
«Кіеў мае намер прапанаваць частковае спыненне агню з Расеяй для ўдараў беспілотнікаў і ракет вялікай далёкасці і баявых дзеянняў у Чорным моры», — піша выданне.
Па звестках Financial Times, Кіеў імкнецца паказаць Беламу дому, што ёсць пэўны прагрэс у перамовах, каб амерыканцы перагледзелі сваё рашэнне аб прыпыненні дапамогі Украіне.
Таксама выданне піша, што Кіеў разглядае прагрэс у перамовах аб спыненні агню як паслугу за аднаўленне вайсковай і выведвальнай дапамогі, пра што кажуць некаторыя еўрапейскія чыноўнікі.
Але, як адзначае The Economist, Украіна, верагодна, дасць зразумець ЗША, што любое мірнае пагадненне, якое абмяжоўвае яе здольнасць да пераўзбраення, змушае прызнаць акупаваную тэрыторыю расійскай або ўмешваецца ва ўнутраную палітыку Украіны — напрыклад, настойваючы на правядзенні выбараў, — з'яўляецца непрымальным.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што чакае станоўчых вынікаў ад маючых адбыцца перамоваў з Украінай у Саудаўскай Аравіі.
«Я лічу, што на гэтым тыдні мы даможамся значнага прагрэсу», – сказаў ён і выказаў упэўненасць, што Украіна падпіша пагадненне аб здабычы карысных выкапняў са Злучанымі Штатамі.
Таксама Трамп заявіў, што абмен выведданымі з Украінай неўзабаве можа быць адноўлены.
«Мы ўжо практычна гатовыя, сапраўды амаль гатовыя», — сказаў прэзідэнт ЗША, адказваючы на пытанне журналістаў на борце Air Force One, ці разглядае ён магчымасць разблакавання перадачы выведданымі для ўкраінскага боку.
*****
У Еўрасаюзе не выключаюць, што на гэтым тыдні Венгрыя можа заблакаваць падаўжэнне санкцый супраць РФ, тэрмін якіх заканчваецца 15 сакавіка.
Пра гэта паведамляе Euractiv са спасылкай на неназваных еўрапейскіх дыпламатаў. У публікацыі гаворыцца, што некаторыя дыпламаты ЕС былі здзіўлены тым фактам, што венгерскі прэм'ер Віктар Орбан не распачаў ніякіх дзеянняў супраць прыняцця вынікаў пасяджэння пазачарговага Еўрапейскага савета 6 сакавіка адносна падтрымкі Украіны. У выніку дакумент падпісалі лідары 26 краін-чальцоў ЕС, а Орбан свой подпіс не паставіў.
Дыпламаты лічаць, што венгерскі прэм'ер праявіў стрыманасць на фоне неабходнасці падоўжыць санкцыі супраць Расіі, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца 15 сакавіка.
Гэтым разам абысці Будапешт не атрымаецца, бо санкцыі патрабуюць аднагалоснай згоды ўсіх 27 краін ЕС.
Абмежавальныя меры ЕС накіраваны супраць асоб, кампаній і іншых арганізацый, якія маюць дачыненне да падрыву тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. Зараз у чорным спісе ЕС знаходзіцца больш за 2400 фізічных і юрыдычных асоб.
У апошнія тыдні Венгрыя заявіла, што імкнецца выключыць восем чалавек з санкцыйнага спісу ЕС супраць Расеі і дамагчыся новых саступак у перамовах з Украінай аб транзіце газу.
Паколькі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падае мноства сігналаў аб тым, што Вашынгтон можа зняць санкцыі з Расеі ў рамках свайго імкнення да мірнага ўрэгулявання, Будапешт, хутчэй за ўсё, будзе больш рашуча змагацца з санкцыямі ЕС у дачыненні да Расеі, піша выданне.
На гэтым тыдні ў амбасадараў ЕС ёсць тры шанцы дамагчыся падаўжэння пакета санкцый — у панядзелак, у сераду, або ў пятніцу.
*****
Украінская армія спрабуе пазбегнуць акружэння ў Курскай вобласці, аднак сітуацыя крытычная, піша Bild.
Становішча на ўкраінска-расейскай мяжы ў Курскай вобласці рэзка пагоршылася — расейскія войскі разгарнулі маштабны наступ, скарыстаўшыся спыненнем перадачы выведданых ад ЗША, паведамляе Bild.
Паводле інфармацыі выдання, УС РФ ужо захапілі Лебедзеўку і Парэчнае, а таксама прасоўваюцца да Малой Локні.
Спасылаючыся на крыніцы ў Кіеве, Bild адзначае, што сітуацыя для УСУ ў рэгіёне крытычная. Украінскія вайскоўцы адступаюць у напрамку Суджы, спрабуючы пазбегнуць акружэння. Аднак горад, са слоў байцоў, амаль цалкам разбураны ўдарамі расейскай авіяцыі.
*****
Міністэрства абароны Украіны падпісала мемарандум аб узаемаразуменні з нямецкай кампаніяй Diehl Defence, якая вырабляе сістэмы супрацьпаветранай абароны IRIS-T, якая прадугледжвае павелічэнне паставак ракет і сістэм СПА ўтрая.
*****
На выходных РФ атакавала некалькі рэгіёнаў Украіны. Ёсць загінулыя і параненыя.
У Харкаўскай вобласці адзін мужчына быў паранены ў выніку ўдару БПЛА па жылым доме ў с. Печанегі; тры чалавекі загінулі і яшчэ сем атрымалі раненні з прычыны атакі робата-камікадзэ ў г. Богадухаў; адзін мужчына загінуў у выніку артылерыйскага абстрэлу ў п. Каўшароўка; адзін мірны жыхар пацярпеў з прычыны ўдару БПЛА па грамадзянскім аўтамабілю ў Золачэўскай абшчыне. Адна жанчына загінула ў выніку абстрэлу с. Петрапаўлаўка; два мірных жыхара загінулі і яшчэ двое пацярпелі атакі БПЛА ў г. Купянск.
У Данецкай вобласці адзін чалавек загінуў у выніку абстрэлу г. Мірнаград; чатыры мірных жыхара загінулі і яшчэ двое атрымалі раненні з прычыны удараў па г. Пакроўск; 11 чалавек загінулі і яшчэ 50, у тым ліку сем дзяцей, былі параненыя ў выніку камбінаванай атакі па г. Добраполье; пяць мірных жыхароў, у тым ліку дзіця, пацярпелі з прычыны авіяўдару па г. Краматорск; адзін чалавек загінуў і яшчэ 5 атрымалі раненні ў выніку авіяўдараў, а таксама тры; 12 чалавек, у тым ліку 15-гадовая дзяўчынка, пацярпелі ў выніку авіяўдару па г.Дружкоўка; адзін чалавек загінуў з прычыны артылерыйскага абстрэлу г. Северск; адзін мірны жыхар быў паранены ў выніку атакі БПЛА ў с. Падольскае.
У Днепрапятроўскай вобласці дзве жанчыны пацярпелі з прычыны камбінаваных нападаў па Пакроўскай, Марганецкай і Міроўскай абшчынах.
У Запарожскай вобласці адзін падлетак атрымаў раненні з прычыны ўдару БПЛА па с. Беленькае.
У Херсонскай вобласці адзін мужчына пацярпеў у выніку ўдару БПЛА і яшчэ адзін быў паранены з прычыны абстрэлу ў п.Белазёрка; у выніку удараў БПЛА і артылерыі па г. Херсон пацярпелі 14 чалавек; адзін мужчына загінуў і яшчэ двое пацярпелі з прычыны скідаў выбухованебяспечных прадметаў з БПЛА ў п. Антонаўка; з прычыны скіду боепрыпасу з БПЛА ў п. Наддняпранскае загінуў мясцовы жыхар; тры чалавекі атрымалі раненні з прычыны атакі БПЛА на жылы дом у с. Станіслаў; адзін мірны жыхар быў паранены ў выніку артылерыйскага абстрэлу с. Зміеўка.
На акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці тры чалавекі загінулі і яшчэ дзевяць пацярпелі з прычыны абстрэлу с. Вялікія Копані.
У Бранскай вобласці адна жанчына была параненая ў выніку атакі ўдарнага беспілотніка па г. Старадуб.
У Курскай вобласці два чалавекі пацярпелі з прычыны ўдару БПЛА ў с. Гір'і.
У Белгародскай вобласці адзін чалавек атрымаў раненні ў выніку атакі БПЛА па грамадзянскім аўтамабілі ў с.Арлоўка; адзін чалавек пацярпеў з прычыны дэтанацыі супрацьпяхотнай міны ў г. Шэбекіна.
Таксама стала вядома, што ў бальніцы памёр адзін з пацярпелых у выніку папярэдняга ўдару па г. Крывы Рог.
Такім чынам, у выніку абстрэлаў за мінулыя выходныя як мінімум 31 чалавек загінулі, яшчэ 130 атрымалі раненні.
*****
На фронце за мінулыя суткі зафіксавана 151 баявое сутыкненне.
Харкаўскі кірунак: украінскія войскі адбілі 6 варожых нападаў у раёне Ваўчанска.
Купянскі кірунак: адбіта 4 атакі акупантаў паблізу Лазавой, Петрапаўлаўкі і Загрызовага.
Ліманскі кірунак: адбіта 11 нападаў праціўніка ў раёнах Баўкі Жураўкі, Навалюбаўкі, Мірнага, Іванаўкі і Ямпалаўкі.
Северскі кірунак: адбіта 20 варожых нападаў паблізу Белагораўкі, Верхнекаменскага і ў напрамку Серабранкі.
Краматорскі кірунак: адбіты атакі праціўніка ў раёнах Часовага рова, Грыгораўкі, Ступачак і Белай Гары.
Тарэцкі кірунак: адбіта 18 нападаў акупантаў непадалёк Тарэцка, Дружбы і Дачнага.
Пакроўскі кірунак: адбіта 35 штурмаў агрэсара ў раёнах Елізаветаўкі, Луча, Дачэнскага, Катлінага, Надзіеўкі, Праабражэнкі, Андрэеўкі і Улаклы.
Новапаўлаўскі кірунак: адбіты 5 спробаў прарыву ворага паблізу Беднага, Бурлацкага і Канстанцінопаля.
Гуляйпольскі кірунак: адбіта 9 штурмавых дзеянняў акупантаў у раёнах Наваполацка і Прывольнага.
Арэхаўскі кірунак: адбітыя 4 атакі праціўніка паблізу Стэпавага, Несцяранкі і Шчарбакоў.
Курскі кірунак: часткі Сіл абароны Украіны адбілі 27 нападаў расейскіх захопнікаў.
*****
Уначы сілы СПА Украіны збілі 130 беспілотнікаў.
Паветраныя сілы па стане на 08.00 пацвярджаюць збіццё 130-ці ўдарных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў у Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Кіеўскай, Кіраваградскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Днепрапятроўскай, Запарожскай, Данецкай, Адэскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцях.
Яшчэ 42 расійскіх беспілотніка-імітатара лакальна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
У выніку расейскай атакі пацярпелі Харкаўшчына, Палтаўшчына і Кіеўшчына.
Усяго Расея ўначы атакавала Украіну 176-ю ўдарнымі БПЛА.
*****
Новакуйбышаўскі НПЗ у Самарскай вобласці РФ атакавалі дроны ГУР.
Завод сярод іншага вырабляе паліва для рэактыўных рухавікоў звышгукавых самалётаў (Су-27, Ту-22мз і г.д.) і мае магутнасць больш за 8,8 млн тон нафты ў год.
«Прыляцела» па заводзе каля дзвюх гадзін ночы па мясцовым часе. Выбухі раздаваліся адразу ў некалькіх раёнах горада. Дарэчы, гэты завод прынамсі два разы ўжо атакавалі ў сакавіку 2024-га.
*****
Байцы ССА УСУ ўзялі ў палон 9 расейскіх вайскоўцаў, падарваўшы іх сховішча пад Пакроўскам.
Аператары 144 цэнтра сіл спецыяльных аперацый УСУ вызвалілі ад праціўніка прамысловы будынак на Пакроўскім кірунку і ўзялі ў палон дзевяць вайскоўцаў.
На працягу некалькіх дзён украінскія дроны праз гучнагаварыцелі папярэджвалі акупантаў аб магчымасці здацца, але тыя праігнаравалі папярэджанне. Тады група спецназаўцаў зайшла ў тыл, замініравалі будынак і падарвала яго.
Пасля магутнага выбуху расіяне пачалі размахваць белым сцягам, сігналізуючы пра гатоўнасць здацца. Дзве групы палонных — па чатыры і пяць чалавек — выйшлі да ўкраінскіх пазіцый, сярод іх былі параненыя. Байцы ССА аказалі ім першую дапамогу і пачалі эвакуацыю.
*****
Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 10.03.25 арыентыровачна склалі:
асабістага складу — 886320 (+1190) чалавек,
танкаў — 10292 (+18) адз,
баявых браніраваных машын — 21400 (+40) адз,
артылерыйскіх сістэм — 24271 (+65) адз,
РСЗА — 1311 (+1) адз,
сродкі СПА— 1102 (+1) адз,
самалётаў — 370 (+0) адз,
верталётаў — 331 (+0) адз,
БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 28603 (+241),
крылатыя ракеты —3120 (+0),
караблі / катэры — 28 (+0) адз,
падводныя лодкі — 1 (+0) адз,
аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 40071 (+138) адз,
спецыяльная тэхніка — 3773 (+0).